Вы тут

Як у Элізы Ажэшкі з доктарам Зыгмундам Свянціцкім «не склалася»


Памятаеце выраз «Не везет мне в смерти — повезет в любви»? Калі яго перакуліць, потым вывернуць навыварат і скласці папалам, атрымаецца такое арыгамі лёсу, якое нямногім выпадзе. Я ведаю толькі дваіх.


Элі­за Ажэш­ка ў год літаратурнага дэбюта.

Прынята лічыць, што наша самая знакамітая гродзенка — пісьменніца Эліза Ажэшка — была жанчынай, шчодрай на пачуцці: памешчык Пётр Ажэшка, які стаў першым мужам, потым доктар Зыгмунд Свянціцкі, з якім «не склалася», за ім адвакат Станіслаў Нагорскі, які праз трыццаць гадоў стаў другім мужам, пасля яго смерці — малады афіцэр Францішак Гадлеўскі... Нават перапіску 67-гадовай Элізы Ажэшкі з 45-гадовым Тадэвушам Бохвіцам даследчыкі трактуюць як любоўную. Злітуйцеся: хіба ж можа чалавек кахаць так часта, так многа разоў за жыццё? Ці не перакулілі мы, вывернуўшы пры гэтым навыварат, само каханне — з такімі наіўнымі ўяўленнямі пра яго?.. Вельмі хочацца, каб пасля прачытання гэтай гісторыі, у якой няма ні кроплі прыдумкі, каханне паўстала перад чытачом у сапраўдным сваім абліччы — як пачуццё вялікае, адзінае і вечнае.

* * *

У кастрычніку 1899 года ў Гродне збіраецца чарговы з'езд сельскагаспадарчага таварыства. Здавалася б, нічога асаблівага, але з той пары як стварылася гэта арганізацыя, ціхі маланаселены горад пачаў раптам пульсаваць жыццём: у гасцініцах цесна, па дамах візіты, на вуліцах узорныя парадак і элегантнасць, а ў вушах і на вуснах такая красамоўнасць, якой у іншыя дні не знойдзеш тут нават з ліхтаром Дыягена. Пані Эліза, хоць і выбрана ганаровым членам, у пасяджэннях і дыскусіях не ўдзельнічае: «паны грамадзяне з вёскі» наведваюць яе самі, што спраўляе ёй нямала прыемнага. Яна так і піша ў шматлікіх лістах, якія разлятаюцца з Гродна ва ўсе бакі: з-за з'езду, маўляў, многа бывае гасцей днём і вечарам. У адзін з такіх дзён на ганак яе шэрага дому ступілі два чалавекі: адзін стары, сівабароды, у элегантным капелюшы і з кіем, другі малады, у тоненькіх акулярах з круглымі шкельцамі, з прыгожымі чорнымі вусікамі і валасамі, укладзенымі ў строга сіметрычную, прыгладжаную алеем прычоску. «Зыгмунд Свянціцкі з сынам», — запісала пані Эліза ў дзённіку пад датай 29-е. І болей нічога не запісала. І не напісала нікому, ні ў якім лісце, што яе праз трыццаць гадоў наведаў той, каго яна моцна кахала, з кім марыла жыць шчасліва і доўга.

Доктар Зыгмунд Свянціцкі быў ганаровым членам заснаванага некалі з яго непасрэдным удзелам Мінскага сельскагаспадарчага таварыства. і вось прыехаў у Гродна падтрымаць калег-пачаткоўцаў. Ці мог ён абмінуць дом знакамітай пісьменніцы? Ці мог ён абмінуць яе дом?...

Яны пазнаёміліся яшчэ тады, калі яна была юнай жонкай Пятра, а Зыгмунд Свянціцкі — аднакурснікам дзевера Фларыяна, калі абодва — Фларыян і Зыгмунд — прыехалі з Пецярбурга на канікулы ў Людвінова. Але каханне ўзнікла пазней — калі Пётр і Фларыян за ўдзел у паўстанні былі сасланыя ў Сібір, а Эліза, не пажадаўшы паехаць за мужам, прыехала ў бацькоўскую Мількаўшчыну і пасялілася там, «як камедула», каб толькі пісаць і чытаць, перапыняючыся хіба што на размовы з выпадковымі візіцёрамі, пераважна сялянамі і яўрэямі. Лічыцца, што Зыгмунд знайшоў яе ў гэтым затачэнні дзякуючы першым надрукаваным творам. Атрымаўшы запрашэнне ў госці, ён правёў у Мількаўшчыне каля двух тыдняў. Гэты час яны патрацілі на прагулкі ў англійскім парку, выхады ў палі і лугі пад дэкламаванне вершаў і прамаўленне лацінскіх назваў сустрэтых па дарозе раслін. Доктар запаліў яе інтарэсам не толькі да батанікі і лаціны, але і да хіміі: «Як толькі ўстану і прывяду сябе ў парадак, а гэта значыць, не пазней чым а 10-й гадзіне, бяруся за хімію. Так, пішу выразна: за хімію, і няхай пан гэтаму не здзіўляецца: няўжо ж мы, жанчыны, не можам пераступіць парог святыні — дакладных навук?» — так яна піша галоўнаму рэдактару «Газеты польскай» Юзафу Сікорскаму, якому давярае свае сакрэты як бацьку. «Ты не ўяўляеш, што такое расстанне, што гэта значыць, — пасля радасных дзён, праведзеных з мілай сэрцу асобай, зноў застацца адной», — піша дачцэ Сікорскага Анэлі трохі пазней, калі доктар з'язджае.

Зыг­мунд Свян­ціц­кі малады.

Ён піша ёй гарачыя лісты, у якіх паведамляе, што жыве, нібыта спаралізаваны, і не зробіцца зноў чалавекам да той пары, пакуль не атрымае права назваць яе сваёй жонкай. «І няхай пані мне нічога не піша пра тое, што гэта ніяк не магчыма, што гэта ніколі не здарыцца, — бачыць пані, што гэта прымушае мяне моцна пакутаваць», — выводзіць яго рука па-французску. «Лісты яго для мяне — і права, і стымул», — піша яна пасля прачытання такіх радкоў зноў Сікорскаму. «І права, і стымул» для таго, каб настойліва дабівацца разводу з Пятром. У ссылцы ў Пермскай губерні ён правёў два гады, у 1867-м вярнуўся па амністыі і пасяліўся ў Варшаве. Эліза спрабуе дабіцца прызнання іх шлюбу несапраўдным, робіць гэта праўдамі і няпраўдамі: нават спісвае з узросту цэлы год — нібыта вянчалася яна 15-гадовай, і потым усё жыццё будзе трымацца 1842 года нараджэння. Развод адбудзецца праз два гады, Эліза спусціць на яго шэсць тысяч рублёў — роўна столькі ж каштавала Пятру яго вясельная «экіпіроўка», уключаючы коней, карэты і іншае. Дзіўныя бываюць у жыцці супадзенні...

* * *

Восенню 1869-га да Сікорскага паляцела пісьмо з радкамі пра тое, што «свабода — вельмі мілая рэч, нават калі яе ўжо ніколі ніяк не выкарыстаць». Эліза і Зыгмунд рассталіся раней, у пачатку лета. «Ён проста яе разлюбіў», — сцвярджаюць адны, улічваючы хуткую яго жаніцьбу з пляменніцай Адама Міцкевіча. «Яна занадта многа патрабавала», — тлумачаць іншыя, маючы на ўвазе той выбар, перад якім яна яго, прэтэндэнта на прафесарскую кафедру ў Пецярбургу, паставіла: «Хто не хоча ахвяраваць усім дзеля таго, каб быць са мной тут, з тым я не магу быць нідзе». Такая вось рафінаваная патрыётка. У кожным яе творы з той пары назаўсёды паселяцца лацінскія выразы і «цудоўныя лекары», на бюрках якіх сустракаюцца «маляшоты» (такія падручнікі па фізіялогіі, пра якія даволі дасціпна гавораць героі аповесці «У клетцы»), выразы накшталт «лімфатычная натура», развагі пра атамы і іншая «медыцына», а ў лік захапленняў дадасца збор раслін для гербарыяў і іх сістэматызацыя паводле народнай і навуковай наменклатур. А ў Зыгмунда з яго жонкай Марыяй першай народзіцца дачка. Бацька назаве яе Лідзіяй: ці не ад Лізы тут першыя літары?

Як жа яны сустрэліся праз трыццаць гадоў, пра што гаварылі, што думалі, якія эмоцыі перажылі? Ніхто нічога пра гэта не ведае: ніводнай згадкі ні ў дзённіку Элізы, ні ў лістах. Нават чытанне паміж радкоў не выяўляе ніякіх сакрэтаў («Маўчаць і заўсёды маўчаць буду пра тое, што на мове простай называецца сэрцам жанчыны»...). Затое вось што выяўляюць подпісы: яшчэ 24 кастрычніка Эліза падпісвае ліст да Ядвігі Галяндэрскай як Ажэшка-Нагорская (як рабіла гэта з 1896-га дзень у дзень, пад кожным лістом да сяброў), а ўжо 31 кастрычніка ў паштоўцы, адрасаванай той самай Ядвізе, падпісваецца як Ажэшка. Адвакат Станіслаў Нагорскі, раман з якім пачаўся амаль адразу пасля растання з Зыгмундам, быў «клінам», з дапамогай якога яна спрабавала выбіць са свайго сэрца Свянціцкага. Відаць, гэта не атрымалася... Нагорскі, па словах Элізы, быў і «стрыжнем, вакол якога круцілася яе жыццё», і «асобай, даражэй за якую нікога не было ў цэлым свеце». Але тое, што адчувала яна ў дачыненні да яго (хоць было гэта па-сапраўднаму высокім і светлым пачуццём), з'яўлялася не столькі каханнем жанчыны да мужчыны, колькі яго сублімацыяй — абаронным механізмам, які перанакіроўвае энергію пачуцця ў бок дапушчальнага кампрамісу. Хутчэй за ўсё, трансфармаванай любоўю дачкі да бацькі: Эліза, як ведаем, асірацела ў два з паловай гадкі і ўсё жыццё мела патрэбу ў псіхалагічнай апецы.

* * *

Эліза Ажэш­ка.

Ад той сустрэчы ў кастрычніку пройдзе яшчэ дзесяць з паловай гадоў, перш чым Эліза і Зыгмунд сустрэнуцца зноў, ужо назаўсёды.

9 (22) мая 1910 года «Літоўскі кур'ер» надрукаваў аб'яву такога зместу: «5 (18) мая ў Гродне памерла Эліза Ажэшка. Перанос цела ў Фару адбудзецца ў панядзелак 10 (23) мая а 10-й раніцы. Жалобнае набажэнства за душу памерлай у той жа дзень аб 11-й. Пахаванне на гарадскіх могілках а 2-й гадзіне апоўдні». Выходзячы кожную раніцу, «Літоўскі кур'ер» паспеў надрукаваць гэты тэкст ужо тройчы. Але чацвёрты раз плошча аб'явы была паменшана — знізу яго падпірала іншая аб'ява: «Зыгмунд Свянціцкі, доктар медыцыны, правадзейны стацкі саветнік, грамадзянін Гродзеншчыны памёр 8 (21) мая ў Мінску...» Далей пісалася, што жалобнае набажэнства адбудзецца ў кафедральным касцёле 10 (23) мая аб 11-й раніцы, а пахаванне — па абедзе на Кальварыйскіх могілках. Памёршы з розніцай у тры дні, гэтыя двое адпяваліся адначасова, і адначасова іх целы аддавалі зямлі.

Абое пакутавалі ад цяжкай хваробы сэрца, абодвух да апошняга дня цікавіла праца. Ці мог Зыгмунд Свянціцкі прачытаць аб'яву пра смерць Элізы Ажэшкі? Такую магчымасць ён меў. Ён мог прачытаць яе ў чацвер, пятніцу ці суботу. Мог і пачуць гэту вестку, якая болем ударыла па ўсіх мінскіх паляках. А мог, акружаны клопатамі і ўвагай, сумную для ўсіх навіну не пачуць і не прачытаць. Як бы там ні было, мы ў любым выпадку маем прыклад таго, як вышэйшыя сілы намагаліся выправіць памылку людзей.

Зыг­мунд Свян­ціц­кі, 1900 год.

Цяпер вы верыце, што каханне бывае адно? Паверце хоць бы ў тое, што яно вечнае.

Святлана ВОЦІНАВА

Загаловак у газеце: «Ён проста яе разлюбіў...»

Выбар рэдакцыі