У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йёханеса Рау прайшоў міжрэлігійны семінар “Трасцянец у біблейскай і гістарычнай памяці верніка”
Разам паразважаць пра тое, якой варта быць культуры памяці ў сённяшнім часе, вырашылі прадстаўнікі розных канфесій. Ладзіўся своеасаблівы іудзейска-хрысціянскі дыялог у пару, калі адзначалася 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мы ўсе адчуваем боль, калі нам баліць. І ўсім людзям уласціва пакутаваць — незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання. Пра тое гаварылі на семінары. Удзельнікі дыялогу імкнуліся выпрацаваць узгодненыя падыходы, каб данесці да свядомасці кожнага верніка неабходнасць памятаць пра Трасцянец і Халакост. Памятаць — і такім чынам свядома імкнуцца прадухіліць падобныя шматмільённыя ахвяры, злачынствы супраць чалавечнасці ў будучыні. Асоба і гісторыя, ужо вядомыя і нядаўна адкрытыя імёны нявінна забітых ахвяр, “несвятыя святыя Трасцянца” — такія тэмы разглядаліся тэолагамі ў біблейскім, антрапалагічным і гістарычным кантэкстах.
Сімвалічна, што слова было дадзена маладым дакладчыкам, прадстаўнікам Рымска-Каталіцкай Царквы і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Пра Трасцянец і праблемы захавання гістарычнай памяці будучымі пакаленнямі, а таксама перспектывы міжрэлігійнага дыялогу ў кантэксце культуры памяці разважалі выпускнікі Інстытута тэалогіі БДУ Ілья Хромаў ды Іван Іваноў. Свой погляд на феномен Трасцянца выказаў і галоўны равін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч. Аляксандр Даўгоўскі, намеснік дырэктара “Гістарычнай майстэрні ў Мінску” імя Леаніда Левіна, назваў новыя імёны загінулых у лагеры смерці. (Нагадаем, што згаданая майстэрня — гэта беларуска-нямецкі праект, заснавальнікамі якога ў 2002 годзе выступілі Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Й. Рау ды Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. Майстэрня размяшчаецца на тэрыторыі былога Мінскага гета ў гістарычным будынку, што дае магчымасць для навучання непасрэдна ў гістарычным месцы. Сайт майстэрні ў нэце: www.gwmіnsk.com — Рэд.).
Напрыканцы семінара, за круглым сталом суразмоўцы выпрацавалі практычныя крокі па ўвекавечанні памяці ахвяр Трасцянца.
Нагадаем, што “фабрыка смерці” Трасцянец — адно з 8 найбуйнейшых у Еўропе месцаў масавага знішчэння людзей. На сённяшні дзень падлічана колькасць ахвяр: каля 206,5 тысяч мірных жыхароў Беларусі, Расіі, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі ды іншых краін, а таксама ваеннапалонных.
Ганна Лагун
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.