Вы тут

Выключна на «выдатна», або магія лічбаў у залікоўцы


Летам студэнтам не трэба думаць, як выконваць складаныя падлікі ці разбірацца ў філасофіі Гегеля, рабіць бясконцыя, няхай і цікавыя, даследаванні... Здаў усе экзамены — гуляй, як вецер у чыстым полі. Асабліва калі заслужыў, калі ў тваёй залікоўцы добрыя адзнакі: напрыклад, красуецца хоць бы адна дзясятка. Ты з гонарам пазіраеш на яе, хвалішся знаёмым...


У студэнтак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Карыны Мікалуць, Ганны Шандрохі, Алесі Палулех такіх «прыгажунь» у залікоўках аж па пяць, за кожную сесійную дысцыпліну. І ніякага сакрэту тут няма: у атрыманні дзяўчатамі найвышэйшых адзнак сваю ролю адыгралі стараннасць, руплівая праца і ўпэўненасць у сабе.

Адразу ж улілася ў вучобу і дасягнула поспеху першакурсніца інжынерна-эканамічнага факультэта (спецыяльнасць «электронны маркетынг») Карына Мікалуць.

— У БДУІР вырашыла паступаць даўно, ён заўсёды мяне вабіў, — кажа дзяўчына. — Як вядома, ІT-спецыяльнасці сёння — адны з самых запатрабаваных і прэстыжных на рынку працы. Разам з тым эканамічны складнік таксама даўно прыцягваў увагу, таму выбар зрабіла на карысць інжынерна-эканамічнага факультэта. Лічу, што ў нас шмат пераваг у параўнанні з падобнымі спецыяльнасцямі ў іншых ВНУ.

Карыне давялося здаваць падчас зімовай сесіі такія новыя для яе прадметы, як «вышэйшая матэматыка», «асновы эканомікі», «асновы алгарытмізацыі і праграмавання» і «філасофія».

— Да іспытаў рыхтавалася, натуральна, не ў апошні момант, — канстатуе выдатніца. — Спрабавала не прапускаць заняткі, асабліва практычныя. Імкнулася выконваць усё, што патрабуюць выкладчыкі: калі яны бачаць, што студэнты стараюцца, стаўленне да іх змяняецца. Таксама даволі шмат часу прысвячала самаадукацыі.

І хоць, здаецца, адказнай першакурсніцы не было пра што турбавацца, усё адно перажывала, а ў ноч перад некаторымі экзаменамі нават штосьці давучвала.

З лёгкасцю пераходзіць на чацвёрты курс таго ж факультэта студэнтка спецыяльнасці «эканоміка электроннага бізнесу» Ганна Шандроха. З самага пачатку семестра яна хацела атрымаць максімум пры здачы сесіі, упарта вучыла кожны прадмет, таму была ўпэўнена: усё атрымаецца. Магчыма, дапамог і даўні рытуал — пакласці канспект пад падушку. А перад сном выпіць чай з мятай, каб супакоіцца. Цяпер Ганна паралельна з вучобай працуе бізнес-аналітыкам у кампаніі. Там ёй вельмі падабаецца калектыў. Ці пойдзе туды пасля ўніверсітэта, дзяўчына пакуль не хоча загадваць.

Алеся Палулех таксама закончыла трэці курс факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання (спецыяльнасць «прамысловая электроніка»). У БДУІР вырашыла паступаць пасля Мінскага радыётэхнічнага каледжа, каб працягнуць навучанне. Спачатку нават і не думала, што атрымае «дзясяткі», але, калі большая частка прадметаў была здадзена, захацелася, каб усё было ідэальна. На саміх іспытах студэнтка, хоць і мандражыравала, але і падбадзёрвала астатніх, тых, хто баяўся і галасіў: «Я не здам».

Па-за заняткамі выдатніца захапляецца дызайнам інтэр'ераў. Свае веды яна скарыстоўвае на практыцы, але пакуль што толькі дома.

— Планую, як павінна выглядаць памяшканне, якімі маюць быць асвятленне, расстаноўка мэблі, аздабленне сцен і столяў, — тлумачыць Алеся. — Мне падабаецца, калі дома робіцца прыгажэй.

...Цяпер дзяўчаты адпачываюць, радуюцца яркаму і непаўторнаму лету. За гэты час яны, безумоўна, набяруцца сіл, каб зноў змагацца і перамагаць. А «дзясяткі» стануць для іх выдатным стымулам на будучыню.

Юлія АДАМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.