Вы тут

Каб запісацца ў мінскую гімназію №4, бацькі першакласнікаў дзяжурылі суткі


— Па што стаім? — пыталіся цікаўныя ў татаў і мам, што ў сярэдзіне чэрвеня выстройваліся ў чаргу каля сцен 4-й гімназіі. А тыя адказвалі, што па родную мову, па добрае навучанне, ім падабаецца, што школа дае магчымасць вывучаць некалькі замежных моў, што ў ёй працуе вялікая колькасць разнастайных гурткоў. За чацвертай гімназіяй замацаванага мікрараёна няма, яна абавязана прымаць усіх дзяцей, чые бацькі выбіраюць беларускамоўнае навучанне. І з кожным годам у раёне такі попыт павялічваецца.


У першы ж дзень прыёму дакументаў пад дзвярыма школы сабралася больш за сотню чалавек. Некаторыя тут аддзяжурылі цэлыя суткі — спачатку адседзелі ў спякотны дзень, а пасля яшчэ засталіся і на ноч. Самыя прадбачлівыя нават свае крэслы прынеслі... Такія ўжо бацькі ў Каменнай Горцы — ці не самага багатага на дзяцей мікрараёна Мінска. Натуральна, дарослыя хвалююцца — страхуюцца, каб малым хапіла месцаў у першых класах загадзя аблюбаваных школ. Кіраўніцтва «асаджаемай» гімназіі выдатна справілася са складанай задачкай. За тры гадзіны ў першы ж дзень падачы дакументаў у «чацвёрцы» змаглі прыняць ажно каля сотні чалавек!

Пра чэргі пры наборы першакласнікаў пад дзвярыма розных школ мы чуем ужо не першы год. Хоць такі нязручны для бацькоў і ўстаноў адукацыі сцэнарый пры падачы дакументаў можна лёгка папярэдзіць.

— Я здзіўлена вопытам бацькоў, якія вымушаны былі стаяць у чэргах, — прызнаецца намеснік старшыні Мінскага гарадскога Cавета дэпутатаў, дырэктар сталічнай гімназіі № 6 Вольга Смірнова. — У большасці ўстаноў адукацыі сістэма прыёму ў першыя класы прадумана такім чынам, каб гэта было камфортна для бацькоў, каб здымалася сацыяльнае напружанне. Напрыклад, у нашай навучальнай установе пачынаючы з 12 чэрвеня адбываецца прыём дакументаў у першыя класы тых дзяцей, якія пражываюць па мікрараёне. Законныя прадстаўнікі дзяцей, якія пражываюць па-за межамі раёна, маюць магчымасць падаць заяву на свабоднае месца, але яна будзе разгледжана толькі 28 жніўня, калі будзе скончаны прыём дзяцей па мікрараёне. Спецыяльна створаная камісія праводзіць пасяджэнне, падлічвае колькасць вольных месцаў і вырашае, колькі дзяцей з тых ахвотных, якія не адносяцца да мікрараёна пражывання, можна залічыць і якія гэта будуць дзеці. Прынцып выбару вельмі просты: у першую чаргу разглядаюцца заявы тых бацькоў, у якіх тут ужо навучаюцца старэйшыя сыны ці дочкі. Гэта вельмі правільнае, лагічнае рашэнне, яго прытрымліваюцца ўсе ўстановы адукацыі. Для таго каб не было чэргаў, устаноўлены парадак, з якім установы адукацыі знаёмяць праз свае сайты. Існуе папярэдні запіс на падачу заяў на свабоднае месца і на падачу дакументаў. Людзі прыходзяць на запісаны час, ніхто не займае чаргу з 5—6 гадзін раніцы.

— 28 жніўня — крайні тэрмін. І для бацькоў гэта выпрабаванне — да апошніх дзён жніўня не ведаць, ці патрапіць дзіця ў абраную школу. Можа, трэба на сайтах школ вывешваць спісы, з якіх будзе бачна, колькі ёсць вольных месцаў і прэтэндэнтаў на іх?

— Я лічу, што такая інфармацыя не будзе заспакойваць бацькоў. Дырэктары прымаюць грамадзян з заявамі на вольнае месца, падчас якіх абавязкова папярэджваюць, што можа скласціся такая сітуацыя, што вольных месцаў не будзе, каб яны маглі падстрахавацца. Бацькі маюць права падаць заявы ў любую колькасць устаноў адукацыі.

— А ці задаволены сёння попыт на беларускамоўныя школы?

— У кожным раёне ёсць установа адукацыі, якая ажыццяўляе навучальны працэс на беларускай мове. Акрамя таго, калі бацькі падаюць заявы і дакументы ў рускамоўныя школы, могуць указваць, на якой мове жадаюць, каб вучылася іх дзіця. Як правіла, бацькі загадзя вызначаюцца, куды падаваць дакументы. І недахопу па горадзе ў арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове няма. Да таго ж у нас дастаткова кваліфікаваных кадраў, каб адкрываць пры наяўнасці неабходнай колькасці ахвотных беларускамоўныя класы. Іншая справа, што такіх запытаў няшмат, напрыклад, у нашу гімназію паступалі толькі адзінкавыя — як правіла, ад бацькоў, якія згодны на навучанне і на рускай, і на беларускай мове.

— З якімі пытаннямі бацькі звяртаюцца ў камісію па адукацыі, навуцы і спорце?

— Верыце ці не, але падчас маёй дэпутацкай дзейнасці не было ніводнага пытання, звязанага з адукацыйным працэсам. Гэта сведчыць, што праблемы, якія ўзнікаюць, добра вырашаюцца на месцах, над імі працуюць спецыялісты і кіраўнікі ўсёй сістэмы адукацыі.

— І ўсё ж, чаму бацькі так хочуць аддаваць дзяцей менавіта ў гімназіі? Можа, прасцей было б змяніць шыльды, напрыклад, каб усе ўстановы сталі гімназіямі?

— Нават калі назваць аднолькава, установы адукацыі ўсё роўна будуць адрознівацца. Тая ці іншая ўстанова адукацыі можа ісці наперад у нейкім кірунку, які цікавы бацькам, другая ўстанова будзе развіваць іншы запатрабаваны кірунак. Сёння кожная ўстанова адукацыі, і я ў гэтым не сумняваюся, мае свае адметнасці, свае станоўчыя бакі і дасягненні. Звяртаючыся да бацькоў, я хацела б сказаць: «Не бойцеся аддаваць дзіця ў тую ўстанову, у якую дзіцяці будзе бліжэй дабірацца, камфортна з яе вяртацца дадому. Праз некалькі гадоў яно гэта будзе рабіць самастойна. Не бойцеся пайсці ў сваю школу па мікрараёне. Аддавайце туды дзіця з верай у належны вынік адукацыйнай дзейнасці і ў тое, што ў дзіцяці застануцца толькі найлепшыя ўражанні ад вучобы. Падумайце пра тое, што ў любой ўстанове адукацыі вас чакаюць высокапрафесійныя кадры, як педагічныя, так і кіраўніцкія, якія працуюць для таго, каб вашаму дзіцяці было добра».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Попыт на навучанне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».