Вы тут

15 ліпеня пачалося інстаграм-шоу «Мова чэлендж»


15 ліпеня пачаўся цікавы сацыяльны праект — інстаграм-шоу «Мова чэлендж». У яго ўдзельнікаў будзе роўна месяц, каб перайсці на карыстанне беларускай мовай. Два разы на тыдзень героі шоу будуць атрымліваць заданні, і так па нарастаючай: з кожным заданнем яны ўсё часцей будуць выкарыстоўваць у сваім жыцці родную мову. Шоу транслюецца ў фармаце сторыз у інстаграме @artsіadzіba, а таксама ў інстаграмах яго ўдзельнікаў.


На ўдзел у шоу прыйшло 107 заявак з 21 пункта свету — з Беларусі, Нідэрландаў, Польшчы, Украіны, Грузіі і іншых краін. Людзі здымалі матывацыйныя відэа, у якіх тлумачылі, чаму вырашылі паўдзельнічаць у праекце.

«Я пачала ўжо забываць родную мову, таму што даволі складана карыстацца ёю ў рускамоўным асяроддзі. Але мне яе не хапае», — прызнаецца Настасся Глобач.

А 16-гадовая Злата Клачок, якая захапляецца харэаграфіяй і з'яўляецца аматаркай роднай мовы, лічыць: «Як казаў Васіль Быкаў, я беларус, і мая мова — беларуская. Я — беларуска, таму цалкам лагічна, што я хачу ўжываць родную мову як мага часцей, у самых розных сферах жыцця. І ўпэўнена, што ўдзел у праекце дапаможа мне ў гэтым».

«Не трэба саромецца нашага сакавітага вымаўлення «г», мы гатовыя размаўляць на нашай прыгожай і мілагучнай мове!» — лічыць Вольга Красавіна.

«Хачу навучыцца думаць і свабодна размаўляць на мове», «Хачу паказаць сваім сябрам і ўсім равеснікам магчымасць пераходу на родную мову, яе прыгажосць. Таксама хачу палепшыць сваё валоданне мовай і прыйсці восенню ва ўніверсітэт на другі курс ужо беларускамоўнай», «Хачу размаўляць на роднай мове без усялякай трасянкі!», «Мне прыемна і ўсё тут! Наш моўны апарат прыстасаваны, каб размаўляць на роднай мове!», «Чаму я хачу гэта зрабіць? Па-першае, для самой сябе. Я вельмі даўно марыла размаўляць на ёй, і хачу паказаць, што гэта няпраўда, што ніхто з моладзі не ведае і не размаўляе на роднай мове. Таксама я хачу лепш разумець паэзію на беларускай мове», — кажуць іншыя аматары, якія вырашылі далучыцца да праекта.

«Калі ты таксама хацеў перайсці на беларускую мову, далучайся! — заклікаюць многія ўдзельнікі шоу. — Давайце пакажам усім, што наша мова існуе не толькі ў падручніках, але і ў рэальным жыцці!»

* * *

— Са 107 заявак мы адабралі 31 удзельніка, — кажа дырэктар культурнай пляцоўкі «Арт-сядзіба» і адзін з ініцыятараў шоу «Мова чэлендж» Алесь Снег. — Мы ўлічвалі не толькі зацікаўленасць у праекце, але глядзелі і на тое, ці ўмеюць людзі здымаць добрае відэа. Гэта важна для таго, каб тыя, хто будзе сачыць за праектам, не проста назіралі, але натхняліся і таксама пераходзілі на беларускую мову, пачыналі ёй карыстацца ў паўсядзённым жыцці.

Вельмі прыемна, што адгукнулася шмат школьнікаў. Многія лічаць, што нашы дзеці не цікавяцца роднай мовай, абыякава да яе ставяцца і яна ім амаль непатрэбна. Але шматлікія заяўкі, атрыманыя ад 14—16-гадовых маладых людзей, паказалі, што гэта не так. Акрамя гэтага, паступалі заяўкі ад студэнтаў і дарослых людзей «за 40» і нават «за 50» гадоў. Самаму маладому нашаму ўдзельніку 13 гадоў, самаму сталаму — 51 год. Большасць людзей — школьнікі або студэнты першых курсаў. Так што не маюць рацыі тыя, хто кажа, што сённяшняй моладзі нічога не трэба! Таксама сярод удзельнікаў кастынгу ёсць супрацоўнікі і Чырвонага Крыжа, і Кіеўскага тэлебачання, і знакамітых Cіrque du Soleіl, EPAM, UBER і многіх іншых кампаній.

Два разы на тыдзень мы будзем даваць праз «Інстаграм» удзельнікам шоу заданні, звязаныя з беларускай мовай, якія яны мусяць выканаць. У гэты панядзелак мы даслалі ўсім першае заданне — знайсці кнігу на беларускай мове і прачытаць яе, а таксама зняць гэты этап на відэа, расказаць пра свае думкі і пачуцці ў сувязі з гэтым. Спадзяёмся, што іншыя людзі будуць раіць нашым героям, якія кнігі ім варта прачытаць.

* * *

Такім чынам, гэтым летам усе ахвотныя змогуць сачыць за захапляльным, натхняльным і прыгожым шоу. І магчыма, хтосьці з гледачоў скажа следам за адной з яго ўдзельніц Ірынай Ціханскай: «Буду спадзявацца, што з гэтага дня пачну размаўляць цалкам на роднай мове!»

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».