Вы тут

Спецназаўцы паказваюць узбраенне і амуніцыю


Пытанне «Кім быць?» аднойчы пачынае займаць думкі ўсіх дзяцей. І тут самае галоўнае — не памыліцца ў выбары занятку, які падабаецца і прыносіць грошы, каб пасля не давялося марнаваць час на перанавучанне. Таму гэтымі днямі ў Цэнтральным батанічным садзе праходзіць сямейны фестываль «Букідс», дзе дзецям дэманструюць самыя розныя прафесіі — хімік, біёлаг, фізік, археолаг, праграміст, візажыст, фотамадэль, стыліст, швачка, пчаляр, арганізатар прасторы, дэкаратар...


Але адзін з самых цікавых стэндаў знаходзіцца напрыканцы экспазіцыі. Там сваё ўзбраенне, тэхніку і амуніцыю дэманструюць спецназаўцы.

— Мы хочам паказаць спецназ бліжэй, чым гэта робіцца ў кінастужках, — кажа намеснік начальніка аддзялення ідэалагічнай працы вайсковай часці 89417 падпалкоўнік Дзяніс Жур. — І заадно зацікавіць дзяцей. А вялікімі вачыма яны глядзяць літаральна на ўсё, што мы паказваем. Напрыклад, тут прадстаўлена стралковая зброя, якая стаіць у нас на ўзбраенні — кулямёт ПКМ, снайперскія вінтоўкі... Побач з імі — сродкі індывідуальнай абароны і наша вадалазная амуніцыя. Таксама тут ляжыць манекен, на якім дзеці могуць адпрацаваць правілы аказання першай медыцынскай дапамогі. Плюс мы паказваем парашуты, на якіх мы робім скачкі. І канешне ж, не забыліся на парашутна-дэсантную тару, у якой скідваецца зброя і боепрыпасы для дзеянняў у баявых умовах. А ззаду нас стаіць чарга з жадаючых пабываць у нашых аўтамабілях, сярод якіх адзін баявы, а другі — шматмэтавага прызначэння.

Спецназаўцы таксама арганізавалі міні-выпрабаванне, па выніках якога кожны малы можа атрымаць прыз у выглядзе фестывальных купонаў. Для гэтага трэба пад кіраўніцтвам афіцэра-інструктара разабраць і сабраць пісталет Макарава. Дапамога бацькоў вітаецца. Прычым, як зазначыў Дзяніс Жур, у некалькіх юнакоў амаль атрымалася зрабіць гэта без чыёйсьці падказкі. 

— Купоны можна выйграць не на адной навучальнай кропцы. Мы іх выдаем, калі малы паспяхова апрануў наш вадалазны апарат. Альбо калі здолеў правільна аказаць дапамогу нашаму ўяўнаму параненаму байцу. Усё гэта адбываецца ў гульнявой форме, але наш урач і інструктары вучаць дзяцей простым, але часам вельмі патрэбным рэчам — напрыклад, як правільна рабіць штучнае дыханне або закрыты масаж сэрца.

У палатцы, размешчанай на стэндзе, паказваюцца тэматычныя ролікі пра спецназ і Узброеныя сілы. Прычым цікава, што дзеці заходзяць туды першымі, а пасля клічуць сваіх бацькоў. Што да ўзросту юных наведвальнікаў — то тут можна пабачыць як чатырохгадовых дзяцей, так і старшакласнікаў. І што незвычайна — вялікі інтарэс выказваюць дзяўчынкі.

А што думаюць наведнікі? Пытаемся пра гэта ў таты дзвюх дачок Аляксандра.

-Мы прайшлі круг і вярнуліся назад. Дачку вельмі цікавіць тэхніка. Яна доўга не хацела вылазіць з аўтамабіля. Праўда, зброю браць не захацела — ёй усяго толькі 5 год. А ў цэлым усё арганізавана вельмі цікава.

А вось васьмігадовая Вера пры дапамозе бацькоў і інструктара сабрала пісталет Макарава.

- Складана гэта рабіць. Але сама зброя цікавіць мяне. Яшчэ я прымерыла каску спецназаўца. Цяжкаватая яна. Аднак мне сказалі, што яна вельмі добра абараняе.

Маці Веры, Наталля, вельмі ўсцешана святам:

- Прафесія спецназаўцаў вельмі цікавая, але звычайна яна пакрыта змрокам таямніцы. Напрыклад, сёння першы раз я пачула пра такія прыборы, якія пад вадой не выдаюць месцазнаходжанне чалавека...

Фестываль працуе і ў нядзелю.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?