Вы тут

489 лясных пажараў адбылося ў Беларусі з пачатку года


Першы лясны пажар у Беларусі сёлета ўзнік ажно 18 сакавіка. Паспрыяла гэтаму сонечнае надвор’е з парывістым ветрам. Сваю лепту ў 489 такіх узгаранняў унёс і анамальна сухі і спякотны чэрвень. Праўда, гэта стала толькі каталізатарам падзей. Таму што асноўная прычына, па якой у Беларусі гараць лясы, — гэта чалавечая неахайнасць. 


— Толькі за мінулыя выходныя, калі людзі масава выехалі ў зялёныя масівы на адпачынак і па ягады, там здарылася 7 пажараў, — зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Віктар Звяртоўскі. 

Лясная ахова з такім становішчам мірыцца не збіраецца. За першае паўгоддзе 532 чалавекі заплацілі штрафы за парушэнне пажарнай бяспекі і засмечванне лесу. Цікава, што 345 з іх патрапілі ў аб’ектывы фотапастак. Іх пачалі масава ўстанаўліваць у 2015 годзе. Зараз такіх камер налічваецца 720. Такі карысны досвед быў запазычаны ў фінскіх калег. 

— Лясгасы загадзя падрыхтаваліся да пажарнага сезону, — распавёў Віктар Звяртоўскі. — Так, сёлета яны правялі 62 тысячы кіламетраў новых мінералізаваных палос. Гэта земляныя бар’еры, мэта якіх — перашкодзіць распаўсюджванню агню.

Працуе і трохузроўневая сістэма маніторынгу: патруляваннем па маршрутах, назіраннем з 635 вышак і мачтаў (у тым ліку з дапамогай камер) і аблёт лясоў авіяцыяй Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

— Мы задзейнічаем да пятнаццаці паветраных судоў, — паведаміў начальнік упраўлення аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС Сяргей Новік. — Гэта верталёты Мі-8, Мі-26, самалёт АН-2. 38 маршрутаў аблёту перакрываюць усе лясныя масівы нашай краіны. 

З красавіка ў краіне дзейнічае рэжым павышанай гатоўнасці сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Сёлета самым складаным пажарам стаў той, які адбыўся ў красавіку на Альманскіх балотах блізу мяжы з Украінай. Яго максімальная плошча склала 200 гектар. Агонь прайшоў удвая болей. 
Агулам жа за апошнія дзесяць год у Беларусі лясы гарэлі больш за 4 з паловай тысячы разоў. Найбольш складаная абстаноўка была ў 2009 і 2015 гадах. Што да тэрыторыі, то больш за ўсіх церпяць лясы Брэстчыны і Гомельшчыны. 

Неадрыўная прыкмета лета — паведамленні пра грыбнікоў і ягаднікаў, якія заблукалі ў лесе. 

— Летась МНС стварыла пошукава-выратавальную службу. Адна з асноўных задач яе — прачэсванне вялікіх плошчаў ва ўмовах балоцістай мясцовасці і непралазнага гушчару ў цесным супрацоўніцтве з прадстаўнікамі іншых ведамстваў.

А пакуль што працягваюцца пошукі чатырох зніклых. 

— У гэтым годзе ў міліцыю паступіла ўжо каля 50 заяў аб прапажы ў лясах, — заявіў часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка аддзела арганізацыі вышуковай работы галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Сяргей Крупянько.- Адну са зніклых мы шукаем у Рэчыцкім раёне. Там жанчына 1951 года нараджэння пайшла ў лес 26 чэрвеня. Таксама шукаюць 83-гадовага жыхара Магілёва, які 10 ліпеня з’ехаў за ягадамі ў Магілёўскі раён. 19 ліпеня пайшла па грыбы і не вярнулася жыхарка Ашмянскага раёна 1941 года нараджэння. У той жа дзень 64-гадовы жыхар Магілёва з’ехаў за грыбамі ў Быхаўскі раён і знік.

Ратаўнікі адзначаюць, што вельмі важна перад паходам у лес ўзяць з сабой зараджаны мабільны. Гэта нашмат аблягчае пошукі пры знікненні. Падрабязныя рэкамендацыі, як сабрацца ў лес і як дзейнічаць, калі чалавек заблукаў, можна прачытаць у мабільным дадатку МНС «Дапамога побач». Ён даступны для смартфонаў на аперацыйнай сістэме Android.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».