Хочаце пакаштаваць вясковы сыр, выраблены з натуральнага казінага малака? Тады вам у «Краіну мар» — аграсядзібу ў вёсцы Хралы Глыбоцкага раёна. Вас тут сустрэне абаяльная і ўсмешлівая гаспадыня — незвычайны спецыяліст сырнай вытворчасці Аксана Лашкевіч. Правядзе цікавы экскурс па казіным падвор'і і наладзіць дэгустацыю гатовых сыроў з казіным малаком, чаем з зёлкамі і мёдам.
«Сырнае» жыццё ў Аксаны Лашкевіч пачалося пяць гадоў таму, калі на яе падворку з'явілася каза з казляняткам — падарунак ад сяброў. У той час яе гаспадарка яшчэ была багата парсючкамі, авечкамі, птушкамі рознага «калібру» і колераў. І ўсё ж разумныя козачкі цалкам авалодалі сэрцам гаспадыні. Але перад усім гэтым яна — гараджанка па статусе — набыла невялікую драўляную хату на беразе возера Івесь, прыязджала сюды як на дачу і толькі потым перабралася ў Хралы на сталае жыццё. Першапачатковая мэта жанчыны была — займацца, як усе вяскоўцы, звычайным сялянскім падвор'ем. Але мэты, як гэта часта бывае, мяняюцца, і яна захапілася гадоўляй коз, стала павялічваць свой статак, вырабляць (у першую чаргу — для сябе) сыр. Хутка авалодала сакрэтамі майстра-сырароба, стала нават знаным па ўсёй Віцебскай вобласці адмыслоўцам.
Цяпер у Аксаны невялікі цэх, сучасная сыраварня, вялікі халадзільнік для гатовай прадукцыі, а на падворку ажно сорак коз.
— Наспела неабходнасць стварыць аграсядзібу, каб людзі прыязджалі, каштавалі малочную прадукцыю нашага брэнда, — кажа Аксана. — З мужам Вячаславам прыдумалі гучную і кідкую назву і, здаецца, не прагадалі — такую назву лёгка запомніць і цяжка забыць.
І сапраўды, «Краіну мар» ведаюць і ў Расіі, і нават у Казахстане, ужо не кажучы пра родныя Мінск і Віцебск. Сядзіба ўвайшла ў кааператыў па развіцці агратурызму «Велесаў шлях». Сваім сырным вопытам Аксана Лашкевіч дзеліцца на старонках беларускіх часопісаў.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.