Вы тут

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год


Менавіта так адказала начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічных назіранняў, вывучэння змяненняў клімату і фонду даных Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Наталля Клявец на пытанне, якіх катаклізмаў нам чакаць у найбліжэйшыя гады... У нас дастаткова ўмераны клімат, таму нейкіх складаных сінаптычных змяненняў, звязаных з крытычнымі тэмпературамі, не чакаецца, удакладніла спецыяліст.


Больш за 2 градусы вышэй за норму за паўгоддзе

Першае паўгоддзе сёлета было вельмі цёплае. Паводле інфармацыі сіноптыкаў, сярэдняя тэмпература паветра склала плюс 7,1 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 2,3 градуса. У сярэднім па краіне так цёпла бывае адзін раз у 30—35 гадоў. Апошні раз такое цёплае паўгоддзе адзначалася ў 1989 годзе, калі сярэдняя тэмпература складала плюс 7,4 градуса.

Тэмпература паветра пяці з шасці месяцаў у першым паўгоддзі была вышэйшай за норму. Халодны быў толькі студзень, калі сярэдняя тэмпература паветра па краіне склала мінус 5,1 градуса, што ніжэй за норму на 0,7 градуса. Менавіта ў канцы студзеня была адзначана самая нізкая тэмпература паветра за паўгоддзе — мінус 24,8 градуса ў Брагіне (28 студзеня).

Люты, наадварот, быў цёплы. У гэтым месяцы адхіленне ад нормы ў дадатны бок склала ў сярэднім па краіне 4,4 градуса. Цёплае надвор'е пераважала і ў вясновыя месяцы. Сярэдняя тэмпература паветра трох месяцаў вясны была на 1,9 градуса вышэйшая за кліматычную норму. Такая цёплая вясна ў нашай краіне бывае адзін раз у 25 гадоў.

Лета пачалося з вельмі спякотнага чэрвеня з сярэдняй тэмпературай плюс 21 градус (вышэй за норму на 4,6 градуса). Такі гарачы першы месяц лета адзначаецца ўпершыню з 1945 года. Па многіх метэастанцыях былі перавышаныя месячныя рэкорды тэмператур. Самая высокая тэмпература за паўгоддзе была адзначана 12 чэрвеня ў Жлобіне — плюс 34,7 градуса.

У гэты час было не толькі горача, але і суха. У першыя шэсць месяцаў у нашай краіне быў дэфіцыт вільгаці. За гэты час у сярэднім па краіне выпаў 231 мм ападкаў, або 78 % ад нормы. Больш за ўсё ападкаў выпала ў студзені (120 % нормы) і маі (135 %). У сакавіку колькасць вільгаці была каля нормы (93 %). Люты і чэрвень былі засушлівыя. У гэтыя месяцы выпала 45 % і 55 % нормы ападкаў адпаведна.

Але рэкардсменам-мінімалістам стаў красавік — ён стаў самым сухім за апошнія 75 гадоў. У гэтым месяцы ў сярэднім па краіне выпала 7 мм — 18 % кліматычнай нормы ападкаў.

Глабальна мы пацяплелі на 1,3 градуса

За апошнія 30 гадоў у нас у краіне ў параўнанні з нормай 1961—1990 гадоў, якая ўжываецца як апорная пры ацэнцы значэнняў змены клімату, пацяплела на 1,3 градуса. Спецыяліст адзначае, што гэта адпавядае тэндэнцыі, якая існуе ва ўмераных шыротах, таму што ва ўмераных і палярных шыротах павышэнне тэмператур адбываецца больш высокімі тэмпамі, чым у іншых раёнах планеты.

Што датычыцца ападкаў, то іх колькасць змяняецца не так значна, заўважыла прадстаўнік Белгідрамета. За апошнія 30 гадоў сярэднегадавая сума ападкаў па краіне павялічылася прыкладна на 1—3 %. Пры гэтым павялічваецца сума ападкаў халоднага перыяду і трохі памяншаецца сума ападкаў цёплага перыяду года.

Наталля Клявец запэўніла, што ў найбліжэйшай перспектыве глабальных катаклізмаў надвор'я не будзе. «Вядома ж, мы не «згарым» і не «патонем», — заявіла яна. — Усё не так жудасна, як гэта часам падаюць. У канцы мінулага года быў выпушчаны даклад міжнароднай групы экспертаў па змяненні клімату, дзе гаворыцца, што ў сярэднім у свеце за апошняе стагоддзе пацяплела на адзін градус. Там жа ўказваецца, што такая тэндэнцыя захаваецца. Але не варта забываць аб тым, што сусветная супольнасць прадпрымае намаганні, каб скараціць гэтыя тэмпы, каб мы да сярэдзіны стагоддзя выйшлі на пацяпленне максімум у паўтара градуса.

Эксперт лічыць, што змены ў кліматычнай сістэме — працэс з многімі пераменнымі. Шмат кажуць пра тое, што пацяпленне адбываецца за кошт выкіду антрапагенных газаў у атмасферу. Але не варта забываць, што клімат валодае і натуральнай зменлівасцю. Усе далейшыя прагнозы і ацэнкі ўлічваюць і тое, як зменіцца ўтрыманне парніковых газаў у атмасферы. Калі іх будзе вельмі шмат, тады натуральна, выносяцца неспрыяльныя прагнозы — чакаецца даволі высокае павышэнне тэмпературы паветра. Але калі сусветная супольнасць зможа стабілізаваць колькасць гэтых газаў у атмасферы, то па згаданым параметры не чакаецца высокага павышэння тэмпературы.

Нетыповы ліпень

Па кліматычных характарыстыках ліпень — самы цёплы і вільготны месяц. «Пакуль апраўдваецца толькі другі пункт. Улічваючы, што першыя шэсць месяцаў былі цёплыя, ліпень стаіць некалькі асобна. У першай палове ліпеня тэмпературны фон быў ніжэй за кліматычную норму на 2,6 градуса», — адзначыў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі.

Большасць дзён у ліпені былі даволі-такі прахалодныя, некаторыя можна назваць нават халоднымі. Выключэннем было толькі 1 ліпеня, калі адзначалася гарачае надвор'е, на многіх метэастанцыях у дзённыя гадзіны тэмпература дасягнула плюс 35 градусаў і вышэй, а ў Брагіне слупок тэрмометра падняўся да плюс 36,4 градуса. Затым усталяваліся паўночна-заходнія паветраныя патокі, якія абумовілі халоднае надвор'е з дажджамі. За першую палову ліпеня колькасць ападкаў была блізкай да кліматычнай нормы, яны былі частыя і адзначаліся ва ўсёй краіне.

У трэцяй дэкадзе ліпеня адбудзецца павышэнне тэмпературы паветра. Да канца месяца ў начны час будзе ў сярэднім ад 10 да 17 градусаў вышэй за нуль, днём — ад 21 да 28 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах слупок тэрмометра ў асобныя дні можа набліжацца да плюс 30 градусаў. Перыядычна будуць ісці кароткачасовыя навальнічныя дажджы. «У першыя дні жніўня таксама будзе цёпла, часам вельмі цёпла», — заявіў Аляксандр Бяганскі.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БЕЛТА і Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?