Вы тут

Больш чым у 50 прафесіях паспрабавалі сябе малыя на фестывалі «Букідс»


Цэнтральны батанічны сад сталіцы на выхадных ператварыўся ў сапраўдную рабочую пляцоўку, дзе малыя маглі атрымаць працоўную кніжку і зарабіць свае першыя грошы. Дзеці гатавалі стравы, саджалі кветкі, запраўлялі аўто і нават даілі карову...


Новыя планеты і яблыневы сад

У Цэнтры занятасці арганізатары фестывалю заводзілі дзецям працоўныя кніжкі, з якімі яны адпраўляліся працаўладкоўвацца. За два дні малыя асвоілі мноства навуковых, творчых і рабочых прафесій. За работу па кожнай яны атрымлівалі дзесяць букідсаў — сімвалічную валюту, за якую пасля можна было набыць цацкі ў спецыялізаванай краме.

На свята прыходзілі цэлымі сем'ямі. Мамы і таты ледзьве паспявалі за дзецьмі, якія хацелі паспрабаваць сябе літаральна ва ўсім: ад блогера, эколага і музыканта да байкера, ганчара і археолага.

У школе робататэхнікі, напрыклад, малыя працавалі выкладчыкамі ІT — праграмавалі і збіралі дынамічныя інтэрактыўныя мадэлі. А ў школе архітэктурнага мыслення «касманаўты» стваралі новыя планеты, называлі іх і запускалі на арбіту паміж дрэў.

«Сантэхнікі» прыкручвалі да падлогі ўнітаз, «плітачнікі» рэзалі плітку і стваралі з яе ўзоры, «маляры» фарбавалі, «будаўнікі» ўзводзілі цагляную сцяну. Юныя «запраўшчыкі» залівалі бензін у аўтамабілі, якімі кіравалі такія ж непаўналетнія кіроўцы.

Тыя, хто хацеў паспрабаваць сябе ў мужчынскіх прафесіях, працаўладкоўваліся футбалістамі, супрацоўнікамі ДАІ і ратавальнікамі. А творчыя асобы рабіліся музыкантамі, артыстамі цырка і мастацтвазнаўцамі.

На фестывалі можна было заняцца і сельскай гаспадаркай. Падаіць карову, стаць пчаляром і выбраць з сотаў мёд. «Агароднікі» высадзілі яблыневы сад, а «батанікі» праводзілі вопыты з лісцем у навуковай лабараторыі.

Экаторбы і крэм-суп

Акрамя працаўладкавання, на фестывалі праводзілі майстар-класы, на якія трэба было запісвацца загадзя, бо ахвотных хапала. Дэкаратары, напрыклад, распісвалі фарбамі палатняныя торбы.

— Майстар-класы ў нас пастаянна новыя. Цяпер дзеці вучацца дэкарыраваць экасумкі, робяць уласныя прынты. Перад гэтым дэкарыравалі брошкі, значкі і магніты, — кажа Лізавета, спецыяліст Сямейнага цэнтра Кацярыны Каўровай. — Крыху пазней яны будуць дэкарыраваць кашпо для кветак і вучыцца змешваць колеры.

У гэты час «інкасатары» правяралі грошы на сапраўднасць, разглядаючы на камп'ютары вадзяныя знакі. «Банкіры» рабілі скарбонкі і кашалькі.

— Вучымся не толькі браць растэрміноўкі і крэдыты, але і зберагаць грошы, — жартуе вядучы майстар-класа Раман СІНЯТКІН, выкладчык фінансавай асветы.

«Кухары» гатавалі крэм-суп з морквы, імбіру і вяршкоў. Страву гэтую нават не трэба было варыць.

— Пакуль садавіна ўзбіваецца ў блэндары, які робіць 30 тысяч абаротаў за хвіліну, яна награваецца да 80 градусаў — у выніку гатовы гарачы суп, — кажа Наталля ЛАПО, кіраўнік дзіцячых майстар-класаў.

«Дзеці тут усё з'ядаюць да дна, а дома яшчэ паспрабуй у іх той суп з агародніны запіхнуць», — смяецца мама «кухара» Вікторыі, якая толькі што наразала моркву, а пасля адным махам праглынула паўкубачка супа-пюрэ.

Горад з макароны і лаўка з кветак

Бацькі з задавальненнем працавалі разам з дзецьмі. Таты выпільвалі разам з юнымі «сталярамі» драўляныя шаблі, гаечныя ключы і малаткі. Дапамагалі маленькім «архітэктарам» узводзіць дамы з труб і кардону. Былі тут і будынкі з макароны ды згорнутых у трубачкі газет. З усіх гэтых канструкцый у батанічным садзе вырас цэлы горад будучыні. Заняткі тут, дарэчы, праводзілі сапраўдныя будучыя архітэктары, студэнты БНТУ па спецыяльнасці «архітэктура».

Узрост для работы не меў ніякага значэння. Вось, напрыклад, дом-робат з кардонак рабіў на будаўнічай пляцоўцы Кірыл, а дапамагала яму мама Настасся з немаўляткам на руках. Кажа, што зусім не цяжка спраўляцца з дзеткамі на такім мерапрыемстве, нават весела! Іншыя мамы краілі і рэзалі разам з дочкамі-«швачкамі», пільна сачылі, як модніцы-«візажысты» асвойваюць мастацтва макіяжа, і малявалі з маленькімі «мастачкамі» карціны, з якіх паміж дрэў стварылі цэлую арт-галерэю.

Супрацоўнікі батанічнага сада з маленькімі «ландшафтнымі дызайнерамі» стваралі інтэрактыўны арт-аб'ект — лаўку, упрыгожаную кветкамі.

— Мы падабралі расліны і разам з дзеткамі ўпрыгожваем кампазіцыю, якая застанецца тут, пакуль не скончыцца сезон, — паабяцала Алена ПУЗАНКЕВІЧ, кіраўнік сектара ландшафту, архітэктуры і фітадызайну Цэнтральнага батанічнага саду.

Сапраўдныя грошы і абдымкі

Для работы ў розных прафесіях арганізатары фестывалю давалі ўсе неабходныя матэрыялы. Аднак былі тут і тыя, хто зарабляў самыя сапраўдныя грошы, гандлюючы таварамі, створанымі ўласнымі рукамі. Юныя прадаўцы дзелавіта заклікалі пакупнікоў, нахвальваючы свой тавар.

— Мы самі гатавалі ўсё. Бабуля дала нам рэцэпт і сачыла, каб мы нічога не наблыталі, — кажа 11-гадовая Варвара, якая разам з 9-гадовым братам Міцем гандлявала тварожным і шакаладным печывам і малінавым зефірам.

За няпоўны дзень дзеці зарабілі каля 60 рублёў.

— Мы за тое, каб бацькі і дзеці бавілі час разам. Дома ва ўсіх свае справы, нават пасядзець у абдымку з малымі часу няма, а тут такія магчымасці ёсць! — гаворыць арганізатар фестывалю «Букідс» Таццяна ЮЗЭФОВІЧ. — Мы стараемся заўжды разнастаіць праграму і, акрамя творчых і тэатральных пастановак, робім тэматычныя пляцоўкі. Цяпер гэта прафесіі, дагэтуль былі кнігі, адукацыя і спорт, а таксама ўзаемадзеянне дзіцяці з навакольным асяроддзем.

Падчас мерапрыемстваў знясіленыя дарослыя падалі ў крэслы-мяхі і проста на траву, а неўтаймоўныя гледачы працягвалі скакаць ды весяліцца. Самыя маленькія забаўляліся ў пясочніцы з гароху ды расфарбоўвалі маляванкі. Падсілкавацца ж усе ахвотныя маглі стравамі на фермерскім фудкорце, дзе, акрамя іншага, прапаноўвалі экзатычныя напоі, накшталт ліманаду з агурка, лімона і базіліка. Так што забаўкі, ежа ды праца на фестывалі былі больш чым крэатыўныя і пакідалі моцныя ўражанні.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Кухар, сталяр, касманаўт...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.