Баба Ганна


Пабывала на малой радзіме, наведала магілы бацькоў, бабуль, дзядоў. А потым гэты спектакль здарыўся — «Радзіва «Прудок», які працяў за жывое, нагадаў пра родны куток. З гадамі ўсё часцей успамінаю сваю бабулю Ганну... Не ведаю, чаму, але з усіх сваякоў старэйшага пакалення яна падаецца мне найбольш духоўна блізкім чалавекам.


Яна памерла, калі я была на апошнім курсе ўніверсітэта. І колькі жыву, буду сябе дакараць, што па-сутнасці ніколі не распытвала пра яе жыццё. Таму ў памяці засталіся нейкія кароткія, нібы вырваныя з кантэксту звесткі, якія бабуля сама выпадкова прамаўляла. Бо пра сябе яна расказвала надзвычай мала, па характары вельмі стрыманая, ніколі не ўдзяляла ўвагі ўласнай персоне, у яе заўсёды на першым плане былі іншыя. Ведаю, што вырасла сіратой, што дзед быў таксама з бедных, і першы ўласны кавалак зямлі яны купілі перад 39-м годам...

Баба Ганна рэдка згадвала аб тым, як перажылі вайну, толькі аднойчы прывяла такі прыклад: «Каб хто немцам данёс, што дзед да вайны ўступіў у партыю, а пасля вызвалення Саветам, што наш сусед Ткач быў старастам пры немцах, то сёння не было б ніводнага. А так, бачыш, якія ў нас людзі ў Навасёлках». Факт. Калі ў іхняй вёсцы нешта ў некага прападала, ведалі, што злодзей не з мясцовых, чужы.

З далечыні гадоў гэтая вёска бачыцца асаблівай сваімі спакоем і добразычлівасцю. Спакоем, бо яна ўбаку ад дарогі, тут машына наогул рэдка праязджала, і жыхары, ужо тады спрэс пажылыя, запомніліся спакойнымі, разважлівымі. На вуліцы, дзе я вырасла, такога не было. А можа гэта стойкае ўражанне дзяцінства ідзе ад бабулінай хаты, дзе было добра, бо там чакалі і любілі? Адным з першых успамінаў дзяцінства, звязаных з бабінай хатай, сталі карычневыя штаны ў дробненькі малюнак, якія баба Ганна пашыла на сваёй машынцы за паўгадзіны ці нават менш. Мне было гады чатыры, калі бацькі недзе ехалі па справах, а мяне адправілі да дзеда з бабай на цэлы дзень. Хоць стаяла лета, але дзень, відаць, выдаўся не самы спякотны. І бабуля завохкала: «Што ж яны дзіця прывялі ў адной сукенцы!?» Потым адкрыла машынку, дастала з цёмнай шафы кавалак тканіны і пашыла штонікі на гумцы, унізе таксама ўставіла гумкі, выйшлі гэткія шаравары, як апранаюць артысты з танцавальных ансамбляў. А мне ў іх стала зручна коўзацца па двары і ў хаце на падлозе. Я да гэтай пары помню тую карычневую шафу з фанернымі дзвярыма, не такую, трохстворкавую з люстэркам, якія былі ў многіх вясковых хатах, а даўнейшай работы, цёмную. Яна стаяла паўпустая, там віселі хіба са дзве яе выхадныя сукенкі, дзедаў пінжак. Бялізна складвалася ў іншым месцы, у куфар. А сукенкі яна шыла сама, шыла многім у вёсцы. Яшчэ рабіла карункавыя фіранкі на вокны, калі з дапамогай дзірачак на белым паркалі вырабляюцца розныя ўзоры і арнаменты. Прырода не надзяліла мяне бабулінымі здольнасцямі. На жаль.

...У школьныя гады я старалася дапамагаць бабулі. Дзеда ўжо не было. Адпасвіць карову (у нас казалі вочарадзь) ёй было цяжка, я пасвіла разам з суседкай — бабай Воляй. Было цікава, бо баба Воля ведала процьму песень, частушак, показак, прымавак, была вельмі вясёлая і гумарная жанчына. А калі бабе Ганне стала зусім не пад сілу, і карову ўсё ж прадалі, яна купіла ў падарунак мне гадзіннік, першы ў маім жыцці. Тады я была ў восьмым класе. А той квадратны гадзіннік мінскага завода хаваю ў кардонцы сярод розных сямейных рэліквій.

Яшчэ запомнілася бабуліна: «Як добра глядзець, калі нехта робіць». Гэта яна казала, седзячы ў куточку, калі я мыла падлогу. Бывала, прыйду, так папрыбіраю ў кухні, што яна потым месяц не можа знайсці нейкую міску ці каструлю. Маме потым скажа, а мне ніколі нават слова, каб хоць не пакрыўдзіць. Да ўласных слоў яна была заўсёды ўважлівая. А калі памерла, і сабраліся яе равесніцы, то сказалі, што яна адна з кабет, мабыць, на ўсю вёску, якая за жыццё не пасварылася нават з суседкай за курыцу, калі тая ўлезла ў агарод. Не магу ўявіць, як яна сварыцца. Нешта ўсё ж было арыстакратычнае ў гэтай вясковай сіраты, якая сваіх бацькоў нават не памятала.

За ўсё жыццё бабуля пабывала ў вялікім горадзе аднойчы. Яе вазілі на нейкае мерапрыемства ў Брэст у ліку калгасных перадавікоў. А калі атрымала пенсію, адразу было 12 рублёў, гаварыла, што жыць цяпер вельмі добра: ты нічога не робіш, а табе плацяць. І толькі раз згадала такі момант, калі дзеці ў яе былі малыя, а есці ў хаце не было чаго. Мусіць, яшчэ перад вайною.

А ў маім дзяцінстве ў яе заўсёды быў прыхаваны пачастунак. Асабліва я любіла, калі ў садзе паспявалі чарэшні. Вялікая чарэшня расла ў двары, недалёка ад ганка. Не ведаю, ці ёсць яна цяпер. Дзядзька прадаў бабуліну хату дачніку з горада. Перад тым забраў усе здымкі са сцен. Цяпер і дзядзькі з цёткай няма, а іх дзецям тыя старыя фота аказаліся нецікавымі, недзе прапалі. І чаму я зусім не распытала бабу Ганну пра яе жыццё ў маладосці? Хто цяпер раскажа?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».