Вы тут

Маладыя сужэнцы займаюцца адраджэннем вёскі ў Хоцімскім раёне


Размова ідзе пра вёску Горня, што за 12 кіламетраў ад Хоцімска. Сёння тут жыве каля трох дзясяткаў чалавек. І калі б не Андрэй і Алена Шамбы, яе можна было б смела лічыць бесперспектыўнай. Гэта пара — той самы выпадак, калі кажуць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах. Пра іх рамантычную гісторыю хто толькі ні пісаў. Але яны настолькі няўрымслівыя, што за падзеямі іх жыцця толькі паспявай сачыць. А іх каханне каштуе таго, каб пра яго паўтарыць. Без гэтага будзе цяжка зразумець іх учынкі.


З Масквы ў Горню

 

Алена — карэнная масквічка, у вёску наведвалася толькі ў дзяцінстве — ездзіла з сяброўкай да яе бабулі. Ад той рускай вёсачкі да Горні некалькі кіламетраў, але гэта не перашкаджала дзяўчынкам бегаць туды на дыскатэку. Там і пазнаёмілася з Андрэем. Але адразу ж не разгледзела ў ім свайго нарачонага. Вярнулася ў Маскву і на нейкі час забылася — вывучылася, выйшла замуж, пайшла працаваць у «Масэнерга». Здавалася, усё для шчасця ёсць, але засталася нейкая незадаволенасць. І менавіта муж ёй аднойчы прапанаваў паглядзець фільм «Сакрэт». Сэнс яго — кожны каваль свайго шчасця. Калі жадаеш нешта змяніць, слухай сэрца. І яна паслухала. Адправіла эсэмэску са словам «Прывітанне» на адрас таго самага хлопца, з якім «запальвала» ў вясковым клубе. І сэрца забілася, калі тэлефон хутка адгукнуўся: «Прывітанне!»

А потым была шчаслівая сустрэча на чыгуначным вакзале ў Мінску, спроба наладзіць быт у беларускай сталіцы і нарэшце эпахальнае рашэнне: трэба ехаць у вёску. Чаму не ў Маскву?

— Там мы адны з тысячы, а ў Хоцімскім раёне — нас усе ведаюць, — смяецца Алена.

Мы сядзім на іх утульнай кухні ў Горні, ядзім смачныя блінцы, п'ём духмяную гарбату і любуемся лесам з акна.

— Бачыце, як у нас прыгожа, — кажа Алена. — А ў Маскве нічога цікавага няма. Там людзі проста ходзяць на работу. А тут і дом, і агароджа, і гаспадарка — трэба ўсюды паспець. І я не шкадую. Мяне нудзіць ад маскоўскіх крамаў. А ад гэтых мясцін я яшчэ школьніцай была ў захапленні — сосны, лес на ўсе чатыры бакі. Я ўсё ўзважыла, супаставіла і зразумела, што нічога цікавага мяне ў Маскве не чакае. Зразумела, што хачу іншага...

— Раптоўна Андрэй стаў мне сніцца, — расказвае гісторыю свайго прасвятлення Алена. — А потым я даведалася, што ў гэты момант ён чытаў мае лісты, тыя, што я пісала яму з Масквы пасля нашага шчаслівага лета. Ён перавозіў маці ў суседнія Бяседавічы і знайшоў скрыню з імі. Гэтыя сны прымусілі мяне дзейнічаць. Я была тоўстая, зрок дрэнны — ну як такой ехаць да Андрэя? Ён жа маладзейшы за мяне, у дзяўчат попытам карыстаецца. Пахудзела на 20 кілаграмаў, зрабіла карэкцыю зроку і паехала. Мая маці была ў шоку, калі я памяняла Маскву на Беларусь, ды яшчэ на вёску. Але калі пабывала ў нас у гасцях, ёй усё спадабалася.

Вясковае жыццё

Гэта цяпер іх дом — поўная чаша. А пачыналі ўсё са старой хаты, дзе прайшло дзяцінства Андрэя. Дзе ўзялі грошы на рамонт? Купілі парасят, вырасцілі і паехалі прадаваць у Маскву. Тут былыя сувязі і спатрэбіліся. Тавар прадалі ўдала. У маці Алены ў Маскве офіс ад адной з касметычных кампаній. Дачка адкрыла філіял у Хоцімску. Гэта быў той бізнес, у якім яна на той момант была ўпэўнена. А заадно вывучала попыт. Людзі скардзіліся на недахоп гаспадарчых рэчаў. У наступны ваяж у Маскву на грошы, атрыманыя ад продажу свініны, сужэнцы купілі тыя самыя запатрабаваныя ў насельніцтва гаспадарчыя рэчы. І справа пайшла. Зараз усе ведаюць у Хоцімску краму сужэнцаў Шамбаў, яна так і называецца «Тысяча дробязяў».

— Мы працавалі з самага пачатку на рэпутацыю, — кажа Алена. — Ніякага павышанага тону, добразычлівая усмешка, максімум ветлівасці — інакш чалавек да цябе не пойдзе. Ад Горні да Хоцімска больш за 10 кіламетраў, а машыны тады ў нас яшчэ не было. І я купіла ровар. А праз некаторы час знайшліся сродкі і на аўто.

Алена шчыра кажа, што грошы на вёсцы нялёгкія. «Я і роды ў свіней прымала. Дагэтуль успамінаю з жахам, — прызнаецца яна. — А аднойчы прывезлі парасят у Расію, адкрылі багажнік, а народ як пачаў іх хапаць. Думалі, застанёмся і без грошай, і без парасят. Аказалася, што гэта перакупшчыкі. Потым быкамі займаліся. Ездзілі па іх ажно ў Брэст. Вырасцілі і таксама прадалі на мяса. Сама тушы разбірала, а што рабіць? І гусей абскубала. Зараз вось птушкагадоўляй заняліся. Інкубатары купілі. У вёсцы шмат на чым можна грошы атрымаць. Шмат ідэй, але сіл не хапае. Мы ж яшчэ венікі прадаём і травы — я іх сама збіраю. У вятроўніку, напрыклад, саліцылавая кіслата ўтрымліваецца, водар, калі заварваць, неверагодны. І венікі, і травы нашы на ўра ідуць у Маскве, нават пастаянныя кліенты ёсць. Зараз у планах адкрыць аграсядзібу. Знаёмыя круцяць пальцам каля скроні: навошта грошы ўкладваеце ў бесперспектыўную вёску. Але мы не лічым яе бесперспектыўнай».

Жыхары для Горні

А каб жылося весялей, пара размясціла абвестку на беларускіх і расійскіх сайтах: шукаем добрых суседзяў для пражывання ў беларускай вёсцы. І што вы думаеце, знайшліся ахвотныя. Нават ужо два дамы купілі.

— Тэлефанавалі з Падмаскоўя, Масквы, Прыбалтыкі, нават з Амерыкі. Людзі гатовы ехаць у вёску, але ім патрэбна работа, — расказвае Алена. — Аднойчы патэлефанавала дзяўчына з Краснадарскага краю. Ад нас да яе дома 1500 кіламетраў. Яна нават прыязджала да нас сёлета са сваім хлопцам — зусім яшчэ маладыя, гадоў па 25. Мы ездзілі іх сустракаць ва Унечу — гэты расійскі горад не так далёка ад нас. Мы ж абяцалі, што ўсім, хто хоча да нас прыехаць, дапаможам, раскажам, пакажам. Ім усё спадабалася, ад нашага лесу яны наогул былі ў захапленні — на іх радзіме такога няма. Дзяўчына фота займаецца, здымкаў нарабіла безліч. Я ёй сказала: калі пераедзеце, дапамагу знайсці работу адпаведную. Будзе на вяселлях здымаць, іншых мерапрыемствах. Гэта ў вялікіх гарадах канкурэнцыя, а ў нас нікім не прыватызаваны бізнес. Яны, дарэчы, купілі дом і абяцалі пераехаць, як толькі са сваімі справамі разбяруцца.

Шчаслівыя разам.

Яшчэ адзін дом у Горні купіў артыст з Мінска. «Калі ён напісаў, я ўсё думала, адкуль я ведаю яго прозвішча. Потым залезла ў інтэрнэт і зразумела — артыст, — усміхаецца Алена. У Хоцімску летась фільм «Чарнобыль» здымалі, і ён таксама быў там задзейнічаны. Яго зачапіла тое, што мы абяцалі дапамогу. Маўляў, зараз усе зацікаўлены толькі прадаць. Калі прыехаў да нас, адразу ж пажадаў застацца. Мы яго звазілі нават на мяжу, паказалі, дзе Расія пачынаецца. Спачатку ў Горні ён нічога сабе не выбраў, завезлі ў Батаева — гэта вёска не далёка ад нас. Паказалі яму дом, дзе за агародам адразу ж возера. І яму ён прыглянуўся. А праз некаторы час мужчына перазваніў і сказаў, што хоча два дамы купіць — і ў Батаеве, і ў Горні. Яго маці таксама пажадала перасяліцца. Падшукалі яму ў Горні будынак, ён ужо і дакументы на яго аформіў. Цяпер вось спрабуе ўзяць паболей зямлі. Аказалася, што гэта не вельмі проста: складанасці з афармленнем. Крыўдна, што працэс тармозіцца з-за нейкіх там юрыдычных нюансаў.

— Для людзей, якія едуць у вёскі, павінна быць і рэгістрацыя таннейшая, і прасцейшае афармленне, — лічаць сужэнцы. — Тут жа шмат дамоў без дакументаў. Вунь у нас у вёсцы пенсіянер усё жыццё жыве, але не зарэгістраваны. Ён не толькі свой дом не прадасць, але нават танным тарыфам на электраэнергію не можа скарыстацца. А пустыя дамы спрэс не зарэгістраваныя.

Праславіцца добрымі справамі

Хоць, як спяваецца ў вядомай дзіцячай песні, гэта не магчыма. І Андрэй наўмысна мармыча сабе яе пад нос. Але бачу Падзячны ліст ад райвыканкама за актыўную грамадзянскую пазіцыю і разумею, што тут нешта не так. Так і ёсць, Андрэй не толькі прадпрымальнік, але яшчэ і стараста і дэпутат.

— Сацыяльная нагрузка адчуваецца, — прызнаецца ён. — Прыходзіцца абкошваць, сачыць за парадкам. Дабіўся, каб зімой чысцілі дарогу да Горні. Раней прыбіралася толькі тая, што на Расію.

— Яго і дэпутатам за актыўнасць абралі, — смяецца Алена. — Шмат пытанняў задаваў. Абралі, каб сам гэтыя ж пытанні і вырашаў. Вось ён і круціцца. Вады няма — тэлефануе, лямпачка ў ліхтары перагарэла — ён зноў за тэлефон, ліхтар трэба паставіць — зноў ён жа займаецца.

Шамбы таксама дапамагаюць спартсменам, творчым калектывам, каб яны ездзілі на спаборніцтвы і конкурсы. Але крыўдна, калі людзі пачынаюць гэтым злоўжываць.

— Нам таксама грошы не проста так даюцца, — кажуць яны. — Вунь нават крэдыт узялі, каб крыху раскруціцца. Мы, вядома, не адмаўляемся дапамагаць, але здзіўляе пазіцыя іншых людзей. У краме зрабілі палічку дабра. Напрыклад, тэрмін прыдатнасці на той жа шампунь скончыўся або на насенне, мы гэты тавар бясплатна выстаўляем. Бярыце, калі трэба. Але побач скарбонка дабра стаіць, са зваротам ахвяраваць на добрыя справы. Людзі ахвяруюць, але часта зусім не тыя, хто забірае гэты тавар.

Перад тым, як завесці мяне ў Хоцімск на рэйсавы аўтобус, сужэнцы прапанавалі паглядзець іх мясцовую славутасць, што на мяжы з Расіяй. Проста ў лесе стаіць помнік — вялікі-вялікі конь з вершнікам. Гэта даніна памяці загінулым тут у 41-м кавалерыстам. Гэты конь уразіў Алену яшчэ ў дзяцінстве, калі яна прыязджала на канікулы ў вёску. Тут жа яны, зусім яшчэ зялёныя, прызначалі адно аднаму спатканні. Непадалёк ад вершніка стэла з пранікнёнымі словамі з «Рэквіема» Роберта Раждзественскага. Алена з Андрэем вельмі ганарацца гэтым месцам. А па дарозе ў Хоцімск Андрэй, мне здаецца, сфармуляваў менавіта то самае галоўнае, што іх з Аленай трымае ў Горні. «Нядаўна я пераглядзеў савецкі фільм «Вечны кліч», і мяне вельмі зачапілі словы афіцэра абвера Лахноўскага. Памятаеце: «Паступова, крок за крокам, мы вытруцім гістарычную памяць ва ўсіх людзей. А з народам, пазбаўленым такой памяці, можна рабіць што заўгодна. Народ, які перастаў ганарыцца мінулым, які забыўся пра мінулае, не будзе разумець і сучаснасці. Ён стане абыякавым да ўсяго, атупее і ў рэшце рэшт ператворыцца ў статак быдла».І гэта — праўда».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Хоцімскі раён

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Сакрэт Шамбаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.