Вы тут

Новы закон аб адтэрміноўках закране сёлетніх магістрантаў і тых, хто паступіў у ВНУ пасля каледжа


У сераду Прэзідэнт падпісаў закон "Аб змяненні законаў па пытаннях функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы". Гэты закон закране тысячы хлопцаў, паколькі ён устанаўлівае даволі жорсткае правіла - адтэрміноўка на атрыманне адукацыі даецца ўсяго адзін раз.

Прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і абароны, а таксама дэпутаты склікалі з гэтай нагоды адмысловую прэс-канферэнцыю.


Новы закон аб адтэрміноўках закране магістрантаў, якія паступілі сёлета. Пра гэта паведаміў кансультант 1-га ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Андрэй Мурашоў.

Ён расказаў, што ў кожным выпадку прызыўная камісія будзе прымаць рашэнне індывідуальна. Восеньскі прызыў, нагадаем, працягваецца да 30 лістапада. Гэта значыць, што студэнт, які скончыў каледж і паступіў ва ўніверсітэт сёлета, можа быць прызваны яшчэ да канца першага семестра.

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч запэўніў, што такія прызыўнікі змогуць узяць адпачынак на час праходжання ваеннай службы і потым вярнуцца ва ўніверсітэт, дзе за ім захаваюць месца. На такі адпачынак могуць разлічваць і першакурснікі, якія не маюць права ўзяць акадэмічны.

Па словах начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення - намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі Аляксандра Шкірэнкі, увосень плануецца дадаткова прызваць каля 2-3 тысяч чалавек. Увесну гэтая колькасць складзе прыкладна паўтары тысячы чалавек.

Маладым навукоўцам, якія цяпер працуюць над даследаваннямі, могуць даць адтэрміноўку па ўказе Прэзідэнта. Для гэтага ўніверсітэты будуць прадастаўляць адмысловыя хадайніцтвы ў экспертны савет. У хадайніцтве павінна змяшчацца інфармацыя, дзе будзе тлумачыцца важнасць гэтай працы і немагчымасць адрыву ад яе.

Дэпутат Сяргей Бобрыкаў падзяліўся лічбамі. У магістратуру на бюджэтную форму навучання паступае каля 3 тысяч чалавек. Палова з іх - гэта дзяўчаты, і недзе палова хлопцаў адсейваецца па стане здароўя. Такім чынам, застаецца прыкладна 700 чалавек.

Сяргей Каспяровіч адзначыў: калі тым, хто навучаецца ў магістратуры, дадуць магчымасць служыць у рэзерве, то ў іх будзе магчымасць завяршыць навучанне па індывідуальным плане. 

«Скажам, такі малады чалавек не ў лютым разам са сваімі калегамі выйдзе працаваць, а, напрыклад, у сакавіку. Проста дзесьці будзе больш шчыльны графік дзесьці будзе крыху больш шчыльны графік».

Каму забароняць выезд за мяжу?

Ужо больш за дзесяць год ваенкаматы абмяжоўваюць выезд тым прызыўнікам, якія павестку атрымалі, а на прызыўныя мерапрыемствы не з'явіліся.

Цяпер жа гэтае кола пашыраецца. Калі прызыўнік змяніў месца жыхарства, а ў ваенкамат пра гэта не паведаміў, то яго аўтаматычна прыраўнуюць да ўхіліста. Справа ў тым, што ваенкамат у такім разе пазбаўляцца магчымасці ўручыць павестку - невядома, куды адпраўляць дакумент.

Рашэнне аб абмежаванні выезду будзе прымаць ваенны камісар. Яно будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль прызыўнік не прыбудзе ў ваенкамат. Рашэнне можна апратэставаць і ў судовым парадку.

Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля падпісання. Гэта значыць, 5 жніўня. У рэгіёнах прызыўныя камісіі могуць пачаць працу як першага, так і пятага чысла.

Закон захоўвае адтэрміноўкі, якія даваліся раней. Калі юнак паступіў вучыцца ў мінулым годзе - яму дадуць скончыць навучальную ўстанову. А калі возьмем маладога чалавека, які паступіў сёлета, - у прызыўной камісіі ўжо не будзе падставы даць яму адтэрміноўку.

«Абсалютная большасць выпускнікоў школ і гімназій не карысталася адтэрміноўкамі раней. Для іх на гэтым этапе перад паступленнем у навучальную ўстанову нічога не мяняецца. А вось пасля яе заканчэння права на далейшую адтэрміноўку ў іх ужо не будзе - да гэтага часу яна ўжо будзе выкарыстана», - патлумачыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў.

А калі дзіця нарадзілася ў замежжы?

Калі ў малога адзін з бацькоў - грамадзянін Беларусі, то і ён аўтаматычна атрымлівае наша грамадзянства. З-за гэтага дзеці, якія нарадзіліся за мяжой або выехалі туды разам з бацькамі, маюць беларускія пашпарты. Ці будзе ў іх абмежаванне па выездзе, калі яны захочуць наведаць Беларусь?

«На сайт Міністэрства абароны ідзе плынь лістоў з далёкага замежжа», - гаворыць Андрэй Мурашоў. - «У нас ёсць звароты з Італіі, Германіі, Нарвегіі. Грамадзяне задаюць пытанне нават пра ненароджаных дзяцей. Яны пытаюцца, як быць, бо хочуць, каб сын меў грамадзянства Беларусі. Мы кажам, што ніякіх перашкод пры выездзе для іх не будзе».

Калі сын вучыцца за мяжой...

Штогод студэнты, якія паехалі па вышэйшую адукацыю ў іншыя краіны, павінны падаваць у ваенкаматы натарыяльна завераную даведку з універсітэта. Там павінна быць указана, якую ступень адукацыі яны атрымліваюць. А далей - усё як і для тых студэнтаў, якія вучацца ў беларускіх вну. Гэта значыць, калі яны знаходзяцца на першай ступені - бакалаўрыяце - то адтэрміноўка прадастаўлена будзе, а вось пры паступленні ў магістратуру і аспірантуру ўжо не.

Калі ў іх першая ступень (бакалаўрыят), то адтэрміноўка адзін раз прадастаўляецца, калі другая ступень і вышэй (магістратура, аспірантура), то права на адтэрміноўку цяпер няма. Выключэнне будзе зроблена толькі для студэнтаў, якія паехалі вучыцца за мяжу па дзяржзамове.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.