Вы тут

Прэзідэнт пра адносіны з Латвіяй: Не хацеў бы, каб палітыка пераважала над эканомікай


Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі.


Сёння ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка і міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс абмеркавалі перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Летась двухбаковы тавараабарот нашых краін узрос на 132,9% да ўзроўня 2017 года і склаў 582,7 мільёнаў долараў. Але, на думку кіраўніка краіны, гэта толькі пачатак.

«600 мільёнаў тавараабарот — гэта нішто, можна сказаць, маючы на ўвазе нашы магчымасці і магчымасці ў перспектыве. Я эканаміст і не хацеў бы, каб палітыка пераважала над эканомікай. І вельмі рады, што ў нас з Латвіяй, вельмі добрай, утульнай краінай, няма асаблівых праблем», — мяркуе Прэзідэнт.

Ён выказаў разуменне складанасцяў, з якімі даводзіцца сутыкацца Еўрапейскаму Саюзу. Але балтыйская суседка знаходзіць магчымасць будаваць роўныя і прыстойныя адносіны з Беларуссю, з удзячнасцю адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу ён запэўніў госця, што Беларусь будзе ўсяляк імкнуцца развіваць сувязі, у першую чаргу, гандлёва-эканамічныя. Менавіта іх Прэзідэнт назваў базай, на якой будуюцца палітычныя і дыпламатычныя стасункі.

«Мы ўзаемазалежныя: вы ад кагосьці залежыце, мы ад кагосьці залежым, ад нас нехта залежыць... Маленькіх дзяржаў не бывае. Усе народы раўныя», — такі пункт гледжання кіраўніка дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь хоча добрых адносін з усімі часткамі свету.

«Але ні ў якім выпадку нікоглі не станем ірваць нашыя адносіны з братэрскай Расіяй. Ні за якія грошы! Гэта нашая Расія, гэта нашыя людзі, якія нас вельмі паважаюць. Чаму мы павінны скоса глядзець на гэтую краіну, якая ў цяжкую хвіліну заўсёды падстаўляла нам плячо?»,— запытаўся Прэзідэнт.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь не будзе паступацца і прынцыповымі інтарэсамі на Захадзе ці Усходзе, напрыклад, з Кітайскай Народнай Рэспублікай.
Кіраўнік Беларусі папрасіў Эдгарса Рынкевічса перадаць найлепшыя пажаданні ўладзе і народу Латвіі. Ён прызнаўся, што чуў шмат захопленых водгукаў аб прыгажосці Рыгі, але зрабіў выснову, што і мінскія прасторы латвійскаму госцю не ў цягасць.

«У нас захоўваюцца вялікія прасторы. Як чалавек сельскі, прыхільны да гэтага, трапятліва сачу за развіццём Мінска, каб людзі тут жылі камфортна. Таму што не ўсе багатыя, не ўсе могуць паехаць кудысьці да мора, хаця б у Прыбалтыку. Таму кожны чалавек павінны мець магчымасць прайсці дзесьці па вадзе — таму мы водную гладзь гэтую захоўваем; адпачыць у парках з унукамі, з дзецьмі», —растлумачыў свой погляд на забудову сталіцы Аляксандр Лукашэнка.

Ён склаў меркаванне, што міністр замежных спраў Латвіі калі і не ўлюбёны ў Беларусь, то прынамсі ставіцца да яе па-добраму, «памежна з любоўю».

«І гэта правільна, мы суседзі», — адзначыў Прэзідэнт.

Эдгарс Рынкевічс перадаў беларускаму лідару прывітанне ад прэзідэнта Латвіі Эгілса Левітса, які ўступіў на пасаду 8 ліпеня, і пацвердзіў запрашэнне наведаць Латвію. Міністр чацвёрты раз наведвае Беларусь і, прызнаецца, кожныя два гады бачыць, як Мінск развіваецца.

З тым, што магчымасці для павелічэння тавараабароту ў краін ёсць, госць згадзіўся.

«Усё ў нас цудоўна, але мы можам зрабіць больш», — упэўнены кіраўнік латвійскага ведамства.

У размове з журналістамі ён падкрэсліў, што працягваецца праца над пытаннямі супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза, каб прасунуць яго на якасна новы ўзровень. Таксама Эдгарс Рынкевічс паведаміў, што з Прэзідэнтам абмеркавалі пытанні рэгіянальнай бяспекі, і дадаў, што паміж адпаведнымі міністэрствамі склаліся добрыя адносіны.

«Магчыма, ёсць рознагалоссі па значных геапалітычных пытаннях з вялікімі суседзямі, але разам з тым мы задаволены развіццём адносін з Беларуссю. Не заўсёды мы можам згадзіцца адно з адным у некаторых пытаннях, але тое, як мы абмяркоўваем гэтыя пытанні, — гэта вельмі добра», — падкрэсліў міністр.

Акрамя таго, ён паабяцаў, што работа над спрашчэннем візавага рэжыму працягнецца. У прыватнасці, падчас чэмпіянату свету па хакею, які мае адбыцца ў 2021 годзе на тэрыторыі абедзвюх краін, гледачы змогуць наведаць Латвію без вялікіх праблем.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».