Вы тут

Межы актуальнасці. Што нельга адмяніць, а можна рассунуць


Сваю першую мяжу чалавек пераадольвае, калі прыходзіць у свет. Са спакою і бесклапотнасці — у мітусню, дзе трэба ўвесь час прыкладаць намаганні і ў тым ліку спраўляцца са сваім характарам, перасягаць уласныя магчымасці, рассоўваць межы ўяўлення пра рэчаіснасць. Пра тое, што ёсць межы, Палац мастацтва апавядае ў адмысловай мастацкай выстаўцы: 17 ліпеня восемдзесят творцаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Балгарыі, Чэхіі, Эстоніі прадставілі столькі ж поглядаў на пытанне.


Ганна Сілівончык. Макрамэ.

Праект «Мяжа» першапачаткова адштурхоўваўся ад праблемы: арганізатары з Беларускага саюза мастакоў меркавалі ўцягнуць у дыялог пра хатні гвалт — адну з тэм, што актыўна абмяркоўваюцца ў сучасным грамадстве, прычым у розных краінах свету. А часам не трэба гаварыць: дастаткова паглядзець, і моцны алегарычны вобраз западзе ў свядомасць, спраецыруе карцінкі, якія прымусяць пераствараць рэчаіснаць.

Менавіта дзейснасць мастацтва нарадзіла яго сучасныя актуальныя формы, што плённа развіваюцца ва ўсім свеце. Праект «Мяжа» — актуальны па-беларуску. Гэта значыць, ёсць моцнае жаданне выказвацца востра, а калі яно пачынае ўвасабляцца, думак і вобразаў з'яўляецца настолькі шмат (і ўсё такое дабротнае, ладна змайстраванае), што заяўленая тэма адыходзіць на другі план — за імёны, за майстэрства, за прыгажосць. Але ж мяжа ў нейкім сэнсе пройдзеная, у тым ліку мяжа актуальнасці, бо айчынныя мастакі здолелі ўзняць пытанне на філасофскі ўзровень. Нават прыземлена-побытава-трапнае выказванне Максіма Петруля не абышлося без філасофскай алегорыі: хатнія тапкі могуць так прыцягваць да зямлі, што ў іх дакладна не пераадолець межы гравітацыі...

Праект «Мяжа» рыхтаваўся паўгода. Калі пачалі адбіраць творы, сутыкнуліся з пэўнымі складанасцямі: на тэму хатняга гвалту праз мастацтва выказваецца мала хто. І, відаць, не таму, што няма такой праблемы, а таму, што наша мастацтва традыцыйна заточанае на гармонію — на тое, каб яе бачыць і адлюстроўваць. Адсюль у куратара праекта, першага намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеба Отчыка склалася своеасаблівая канцэпцыя-развага, якую можна было б умоўна назваць «мяжа гармоніі». Яе зборны вобраз і прадставілі ў Палацы мастацтва: аўтары праекта адабралі жывапісныя і графічныя творы, скульптуры і аб'екты, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і шкла. Творы розных жанраў, у розных тэхніках, алегарычныя і абстрактныя, тыя, што схіляюць да філасофскіх роздумаў ці выклікаюць замілаванне. Такіх зборных і маштабных праектаў на гэтай пляцоўцы ладзіцца шмат, але дзякуючы таму, што праект міжнародны, кола вядомых (і любімых) мастакоў рассунутае, што таксама спрацавала на яго назву: ну, у тэму ж! Межы паміж народамі — вельмі актуальнае пытанне ў глабалізаваным свеце...

Ілона Касабука. Белы дзень (першы дзень).

І так, на тэме, што першапачаткова пазначала мяжу асобы, на якую робіць замах іншая асоба, выбудавалі вялікі выставачны гмах, дзе размова пайшла пра творчасць. Пра тое, як мы яе адчуваем і разумеем, пра што яна, на наш, тутэйшы, погляд павінна разважаць. Адчуванне і разуменне цялеснасці. Адчуванне свету і сябе ў ім. Адчуванне радзімы і яе каштоўнасцяў. Адчуванне любові — нават усяленскай... Любові да чалавека — простага і таленавітага, што імкнецца да гармоніі з прыродай, і да таго, што ўмее яе ствараць там, дзе, здаецца, гаворка зусім не пра яе. Лічу, гэта талент — асэнсаваць тэму настолькі глыбока, каб яна набыла глабальна-філасофскае гучанне. І як тут не пагадзіцца з канцэпцыяй: «Паняцце «МЯЖА» мае глыбокі сэнс у выяўленчым мастацтве. Мастак сваёй творчасцю ставіць пад пытанне ўсё асяроддзе. Мяжа ў мастацтве — гэта свайго роду мяжа светапогляду, маралі, этыкі і жыццёвага асэнсавання Свету»?..

Акрамя мастацка-практычнай часткі, праект прадугледзеў і тэарэтычныя формы асэнсавання межаў асобы і яе прасторы: праз семінары і дыскусіі не толькі з экспертамі ў творчасці, але і з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і нават хрысціянскіх канфесій. Зрэшты, каб уцягнуць у дыялог на складаныя тэмы (як той жа хатні гвалт), мастацтва сапраўды можа стаць выдатнай пляцоўкай.

Што парадавала — дык найперш само жаданне зрабіць праект, скіраваны на ўвагу да чалавека і яго цяперашняга адчування. Ёсць трапныя вобразы, у якіх можна пазнаць сябе самога ў будзённых справах, у некаторых крычыць боль, іншыя прыміраюць розныя погляды на чалавека і мастацтва, якое яму патрэбна (ці не патрэбна). І калі часам творца хаваецца за рэчамі, што здаюцца сэнсавызначальнымі і таму неканкрэтнымі, гэта не сведчыць пра яго абыякавасць — гэта кажа, што ён імкнецца адарваць роднага гледача ад зямлі і ўзнесці яго да вышынь, дзе жыве найвышэйшая гармонія.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.