Вы тут

Ала Цупер удзельнічае ў стварэнні дзіцячага развіццёвага цэнтра ў Мінску


Ён адкрыецца ў сталічным мікрараёне Каменная Горка ў пачатку верасня. Кансультантам і адным з арганізатараў праекта з'яўляецца алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 па фрыстайле. У цэнтры будуць займацца дзеці ад 2 да 12 гадоў, іх разаб'юць на групы ў залежнасці ад узросту.


Праграма для дзяцей ад двух да шасці гадоў накіравана на агульнае фізічнае развіццё. Іх не будуць мэтанакіравана рыхтаваць да вызначанага віду спорту. А ўжо ў старэйшых групах будзе зроблены акцэнт на гімнастыку. Наогул, адна з задач трэнераў — пошук талентаў і для іншых відаў спорту: у працэсе навучання будуць праходзіць кансультацыі аб схільнасці да таго ці іншага віду ў дзіцяці.

Па словах трэнера-выкладчыка цэнтра Аляксандра Суганяка, праграма для дзяцей рознага ўзросту будзе кардынальна адрознівацца: «Для двухгадовых малянят плануюцца заняткі выключна з бацькамі. Трэніроўкі дзяцей ад трох гадоў будуць накіраваны на іх гарманічнае фізічнае развіццё. Тут важна не схіляць дзіця да вызначанага віду спорту, а падвесці яго да школьнага ўзросту здаровым і фізічна развітым».

У праграме цэнтра — спартыўная гімнастыка, аздараўленчая гімнастыка, эстэтычная гімнастыка, фрыстайл, акрабатыка і паркур. Для кожнай групы сфарміравана ўласная праграма, якая ўлічвае асаблівасці і патрэбы дзяцей кожнага ўзросту. Заняткі будуць праводзіць вопытныя трэнеры, якія зарэкамендавалі сябе ў рабоце з дзецьмі. Адзначым, у падборы персаналу і падрыхтоўцы праграмы ўдзельнічала непасрэдна Ала Цупер. Сама алімпійская чэмпіёнка ўдзел у стварэнні цэнтра растлумачыла так: «У першую чаргу я мама, у мяне двое дзяцей. На іх прыкладзе я бачу, як важна аддаваць увагу здароўю і фізічнай форме з самых малых гадоў. Цяпер многія дзеці не хочуць хадзіць у секцыі і вялікую частку вольнага часу праводзяць за камп'ютарамі і разнастайнымі гаджэтамі. Мне хочацца, каб Беларусь заўсёды заставалася спартыўнай краінай. Дзеці, якія вядуць актыўны лад жыцця, растуць больш здаровыя і мэтанакіраваныя. Як мама і спартсменка, я бачу сваю місію ў тым, каб дапамагчы будучаму пакаленню. Каменная Горка — гэта спальны раён, у якім жыве шмат маладых сем'яў. Таму вырашылі адкрыць дзіцячы цэнтр менавіта там».

Дар’я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: З трох гадоў — і да...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.