Вы тут

Як змянілася гідраметэаралагічная служба Беларусі за 95 гадоў?


Доплераўскі метэаралагічны радыёлакатар дапаможа больш эфектыўна прагназаваць навальніцы, вызначаць ліўневыя і градавыя ачагі.

Два стагоддзі назіранняў

Першыя інструментальныя гідраметэаралагічныя назіранні за зменай метэаралагічных працэсаў на тэрыторыі Беларусі пачаліся яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя. Адным з першых гарадоў, дзе яны былі арганізаваны, стаў Магілёў — у 1808 годзе. Затым такія пункты з'явіліся ў Віцебску (1810), Брэсце (1834), Бабруйску (1836), Горках (1841) і Мінску (1846). Назіранні не былі пастаяннымі — яны перарываліся, потым аднаўляліся.

1 ліпеня 1924 года пры Народным камісарыяце земляробства было створана метэаралагічнае бюро. Гэты дзень лічыцца датай утварэння Гідраметэаралагічнай службы Беларусі. Да сярэдзіны 1941 года ў БССР дзейнічала вялікая гідраметэаралагічная сетка. На тэрыторыі краіны знаходзілася 464 пункты назіранняў і станцыі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны было страчана каля 300 працаўнікоў гідраметэаслужбы; звыш 85 % станцый і 90 % пастоў аказаліся разбуранымі; каштоўнае абсталяванне і тэхнічны архіў у большасці загінулі ці былі вывезены ў Германію.

Пасля заканчэння вайны наглядальная сетка стала аднаўляцца і рэарганізавацца. З'явіліся спецыялізаваныя станцыі — балотная, азёрная, лясная, агра- і авіяметэаралагічныя і іншыя.

З 1960-х пачалі ўкараняцца інструментальныя назіранні і аўтаматызацыя працэсу вытворчасці, збору, апрацоўкі і распаўсюджвання гідраметэаінфармацыі.

З 1963 года ў краіне на сетцы гідраметэаралагічных станцый пачалі праводзіцца вымярэнні магутнасці дозы гама-выпрамяненняў.

Сёння дзяржаўная сетка гідраметэаназіранняў уключае 176 аб'ектаў. Гэта філіялы Белгідрамета, цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя; авіяцыйныя, аграметэаралагічныя, гідралагічныя, метэаралагічныя, балотная станцыі; станцыя фонавага маніторынгу; гідралагічныя пасты і аўтаномныя пункты прыземных метэаназіранняў.

Як стаць сіноптыкам?

Будучыя гідраметэаролагі праходзяць навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Спецыялісты Белгідрамета чытаюць для студэнтаў лекцыі, праводзяць практычныя заняткі, кіруюць курсавымі і дыпломнымі работамі, удзельнічаюць у распрацоўцы і ўзгадненні навучальных планаў, праграм і г. д.

Адзін з кірункаў дзейнасці Белгідрамета — радыяцыйны маніторынг.

На базе Белгідрамета студэнты праходзяць навучальную, вытворчую і пераддыпломную практыкі. Многія з іх затым пачынаюць сваю прафесійную дзейнасць у гідраметэаслужбе краіны. Сёлета яе структурныя падраздзяленні папоўняць восем выпускнікоў факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.

Падчас стажыроўкі маладыя спецыялісты замацоўваюцца за больш дасведчанымі калегамі і працуюць разам.

Тэхналогіі для якасных прагнозаў

Каб складаць прагнозы з высокай ступенню верагоднасці, акрамя прафесійнай падрыхтоўкі сіноптыкаў, неабходна выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, у тым ліку аўтаматызаваныя сродкі вымярэнняў. Не так даўно на 43 пунктах назіранняў былі размешчаны аўтаматычныя метэастанцыі, а летась арганізаваны тры новыя пункты.

У снежні 2018 года ў раёне ваеннага гарадка Уручча ўведзена ў эксплуатацыю метэаралагічная станцыя «Мінск» — яе абсталяванне дазваляе бесперапынна праводзіць розныя віды назіранняў. Акрамя таго, у сталіцы былі таксама адноўлены аэралагічныя назіранні, якія не праводзіліся з 1998 года.

У сувязі са зменай клімату, якая адзначаецца на тэрыторыі Беларусі з 1989 года, у сіноптыкаў узрасла патрэба ў вывучэнні трэндаў кліматычных характарыстак. Сёння ў Белгідрамеце выпускаюцца агляды і іншыя выданні, дзе аналізуецца змена такіх характарыстык.

Сёлета плануецца арганізаваць новы аўтаномны пункт назіранняў у Лельчыцах і ўстанавіць аўтаматызаваныя метэаралагічныя сістэмы яшчэ на сямі дзеючых пунктах назіранняў.

Летась на тэрыторыі аэрапорта ў Віцебску з'явіўся доплераўскі метэаралагічны радыёлакатар. Цяпер праводзіцца тэсціраванне яго абсталявання. Плануецца таксама будаўніцтва радыёлакатара і ў аэрапорце Гродна. Такія прылады дапамогуць больш эфектыўна выяўляць кучава-дажджавыя аблокі, прагназаваць навальніцы, вызначаць ліўневыя і градавыя ачагі.

А што далей?

Сістэма і сетка маніторынгу атмасфернага паветра цяпер праходзіць глыбокую мадэрнізацыю. Часткова гэты працэс звязаны з рэалізацыяй праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка эфектыўнага маніторынгу выкідаў у атмасфернае паветра і радыяцыйнага маніторынгу, удасканаленне кіравання навакольным асяроддзем у Беларусі», часткова — гэта мера ў адказ на павелічэнне магутнасці прамысловых аб'ектаў з адпаведнымі зменамі віду і характару іх уздзеянняў на паветра.

Дзякуючы мадэрнізацыі да 2025 года плануецца стварыць сістэму, якая дазваляе задавальняць інфармацыйныя запатрабаванні з улікам найлепшых даступных метадаў, тэхналогій і лабараторных практык, што ўжываюцца ў краінах ЕС.

Акрамя таго, павышэнне якасці прагназавання надвор’я на кароткатэрміновую і сярэднетэрміновую перспектыву на 2018-2020 гады ажыццяўляецца ў адпаведнасці з зацверджанай “дарожнай картай”. Ёй прадугледжаны мерапрыемствы па развіцці сеткі прыземных і радыёлакацыйных назіранняў, а таксама мадэрнізацыя вылічальных і тэлекамунікацыйных сістэм.

У рамках Саюзнай дзяржавы працягваецца работа рэалізацыі палажэнняў праграмы Саюзнай дзяржавы "Развіццё сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы" на 2017-2021 гады. Ход рэалізацыі гэтай праграмы разгледжаны ў маі бягучага года на 69-м пасяджэнні сумеснай калегіі Камітэта Саюзнай дзяржавы па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання прыроднага асяроддзя. Там жа было абмеркавана пытанне распрацоўкі канцэпцыі праграмы Саюзнай дзяржавы ў сферы гідраметэаралогіі і сумежных з ёй абласцях на 2022-2026 гады.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Вартавыя надвор'я

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.