Вы тут

Выйшла кніга «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан»


У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» ўбачыла свет кніга «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан» — пра гераізм і мужнасць воінаў-узбекістанцаў, праяўленыя на тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пра тое, як увекавечана іх памяць на беларускай зямлі.


— Новае выданне, якое толькі-толькі выйшла з друкарні, працягвае серыю кніг выдавецтва «Беларусь памятае: у імя жыцця і міру», якая ствараецца ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае», — расказвае дырэктар выдавецтва Уладзімір АНДРЫЕВІЧ. — Кнігі серыі, якія паказваюць на фоне жахаў вайны гераізм і мужнасць абаронцаў Айчыны, мы імкнёмся рабіць востраэмацыянальнымі, сёння яны павінны абуджаць нашу ўнутраную патрэбу памятаць трагічнае і гераічнае мінулае свайго народа. Памяць — гэта тое, што нас аб'ядноўвае. Наша кніга расказвае і паказвае ўзбекаў, якія сярод многіх прадстаўнікоў вялікай краіны — Савецкага Саюза — бралі актыўны ўдзел у барацьбе супраць нацызму, у тым ліку ў важных, вызначальных для вынікаў вайны бітвах, што разгортваліся ў Беларусі.

У кастрычніку 1940 года Самаркандскім ваенкаматам Узбекістана 519 прызыўнікоў былі накіраваны для праходжання службы ў Брэсцкую вобласць. Дзесяць узбекістанцаў зацверджаны абаронцамі Брэсцкай крэпасці. Сярод іх — ураджэнец кішлака Ям Заамінскага раёна Джызацкай вобласці радавы Авазмат Ніямазаў, імя якога ўвекавечана на плітах мемарыяла Брэсцкай крэпасці. Сяржант Махамаджан Абдуваліеў, ураджэнец кішлака Татарык Кіраўскага раёна Ферганскай вобласці, 22 чэрвеня 1941 года служыў камандзірам гарматнага разліку 125-га стралковага палка.

З першых дзён вайны жыхары Беларусі прымалі самы актыўны ўдзел у барацьбе супраць нацысцкіх захопнікаў, шырока разгарнуўшы партызанскі фронт.

На беларускай зямлі ў партызанскіх атрадах і падполлі, здзяйсняючы гераічныя подзвігі, сярод прадстаўнікоў іншых 70 нацыянальнасцяў змагаліся і ўзбекі. У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці ў партызанскім атрадзе імя Кірава дзейнічала інтэрнацыянальная рота, якой камандаваў узбек з кішлака Мітань Самаркандскай вобласці Лукман Уракаў.

Партызан-герой быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Змагаліся з фашыстамі ў беларускіх партызанскіх атрадах і іншыя ўзбекі: Гантай Ташніязаў, Чыкір Джымакаў, Бегімкул Кульбаеў, Сабід Джалілаў, Саід Ісянаў, Маруф Джураеў, Хамід Усманаў, Гафур Хакімаў... Трох баявых ордэнаў удастоены беларускі партызан, ураджэнец Андзіжанскай вобласці Абдумаджыд Даўронаў.

Гераізм і бясстрашнасць паказалі воіны-ўзбекі пры фарсіраванні Дняпра, з якога і пачалося вызваленне Беларусі. Героямі ў тую пару былі ўсе, хто змагаўся на яго берагах, хто выжыў і быў узнагароджаны, хто загінуў безыменным. Днепр — рака Герояў. Толькі восенню 1943 года за фарсіраванне Дняпра звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены каля 700 чалавек, а ў баях за вызваленне Брагінскага і Камарынскага раёнаў — 396 салдат і афіцэраў. Тады ж, пры фарсіраванні Дняпра, званне Героя Савецкага Саюза атрымалі 19 этнічных узбекаў і ўраджэнцаў Узбекістана.

— Тры гады працягвалася бітва за Беларусь. Сотні яе ўдзельнікаў былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. У гэтай слаўнай кагорце — 32 воіны-ўзбекістанцы, — расказвае Уладзімір Андрыевіч. — У кнізе апісваюцца подзвігі кожнага, змешчаны іх фотаздымкі.

Беларусы беражліва захоўваюць магілы воінаў-узбекістанцаў на шматлікіх брацкіх могілках, ім узводзяцца помнікі, усталёўваюцца мемарыяльныя дошкі, прысвячаюцца асобныя экспазіцыі ў музеях розных узроўняў — ад Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны да школьных, у іх гонар названы вуліцы. Удзячныя жыхары беларускіх гарадоў і вёсак пастаянна наведваюць магілы паўшых герояў і ўскладаюць на іх кветкі.

— Падзеі ваеннага ліхалецця ўсё больш аддаляюцца ад нас, усё менш становіцца ветэранаў і ўдзельнікаў Айчыннай вайны, але пошукавая работа па выяўленні месцаў гібелі адважных воінаў працягваецца, нашчадкі даведваюцца пра месцы пахавання іх дзядоў і прадзедаў і могуць прыехаць у Беларусь наведаць іх магілы, — гаворыць Уладзімір Андрыевіч.

«Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» з мэтай ушанавання памяці ўзбекістанцаў, загінуўшых на палях бітваў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі, упершыню публікуе ў кнізе спіс памяці «Незабытыя імёны». У ім — устаноўленыя імёны больш чым тысячы воінаў-узбекістанцаў, якія загінулі ў баях за Беларусь у 1941—1944 гадах і пахаваны на беларускай зямлі. Магчыма, аб месцах гібелі і пахавання многіх воінаў-вызваліцеляў упершыню даведаюцца іх родныя і блізкія.

— Кніга «Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан», якая выдаецца ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, будзе важным унёскам у святую справу ўшанавання герояў Беларусі і Узбекістана — воінаў-пераможцаў. Важна, каб работа па пошуку новых звестак аб пахаваннях воінаў і вызначэнні імёнаў тых, хто загінуў, пашыралася і дапаўнялася, — падкрэслівае Уладзімір Андрыевіч. — Перакананы, што да яе, пазнаёміўшыся з кнігай, падключацца сваякі загінулых герояў з розных куткоў Узбекістана. Бо дэвіз «Ніхто не павінен быць забыты!» застаецца заўсёды актуальны. Захаванне памяці — залог захавання міру на ўсёй Зямлі.

Уладзімір АЛЯХНОВІЧ

Загаловак у газеце: Тое, што нас яднае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».