Вы тут

Як летнія змены ў дзіцячых лагерах дапамогуць развіваць рух «Зялёных школ»?


Вучыцца падчас канікул — такі нестандартны спосаб бавіць летні час выбралі для сябе 140 школьнікаў з розных куткоў Беларусі. Чым жа займаліся ўдзельнікі незвычайнай змены?


Каб знайсці птушку ў прыродзе, трэба добра ведаць яе характарыстыкі.

У пачатку ліпеня дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея», што ў Вілейскім раёне, прымаў удзельнікаў першай у краіне змены «Зялёных школ». Гэта стала магчыма дзякуючы праекту «Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» («Экаманіторынг»), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Каб трапіць на экалагічную змену, і школьнікі, і педагогі прайшлі сур'ёзны конкурсны адбор. Разам з адпачынкам іх чакала штодзённая праца па пяці кірунках — інтэрактыўныя гульні і экскурсіі, вопыты і дыскусіі, заданні па экалагічным маніторынгу, захаванні біяразнастайнасці, энерга- і водазберажэнні, вырашэнні праблемы адходаў.

У першай змене прынялі ўдзел 150 чалавек – 140 дзяцей і 10 настаўнікаў. Яшчэ 200 чалавек адправяцца на аздараўленне ў “Надзею” і “Зубронак” у жніўні. Увогуле ж за два гады праекта ў зменах “Зялёных школ” возьме ўдзел 700 дзяцей.

У Дзень адчыненых дзвярэй дзеці прадэманстравалі практычную частку сваёй працы — былі арганізаваны тэматычныя пляцоўкі, дзе шмат цікавай інфармацыі атрымалі як самі юныя эколагі, так і іх дарослыя калегі.

На пляцоўцы «Энергазберажэнне» кожны мог даведацца, чаму важна правяраць, ці адключаныя ўсе непатрэбныя электрапрыборы, навошта даставаць з разеткі зарадныя прылады, а таксама чаму неабходна ўдзельнічаць у экалагічных акцыях.

Якія тры асноўныя «водныя» праблемы сёння вельмі хвалююць эколагаў? Вызначыць іх дапамаглі на станцыі «Водазберажэнне» — педагогі прапанавалі школьнікам вызначыць колькасць нітратаў у пітной вадзе, вылічыць у складзе бытавой хіміі і касметычных сродкаў небяспечныя для прыроды і чалавека фасфаты і мікрапластык.

— Мы імкнёмся працаваць са школьнікамі так, каб атрыманыя імі веды актыўна прымяняліся на практыцы, — кажа спецыяліст па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля ПАРЭЧЫНА. — Вось і падчас змены дзеці пасля праведзеных даследаванняў стварылі і перадалі бацькам відэаролік-пасланне па гэтай тэме.

На пляцоўцы «Абыходжанне з адходамі» хлопцы і дзяўчаты паказалі, як яны сартуюць смецце, наколькі добра разбіраюцца ў экалагічнай маркіроўцы тавараў і часе раскладання розных відаў адходаў.

У дзіцячым цэнтры «Надзея» збіраюць адходы асобна і дапамагаюць дзецям з інваліднасцю.

Цікавыя заданні падрыхтавалі для школьнікаў і арганізатары пляцоўкі «Біяразнастайнасць».

— Падчас эказмену мы з дзецьмі вывучалі ў тэорыі расліны, птушак і іншых жывёл, — расказвае педагог з Кобрынскага эколага-біялагічнага цэнтра, выхавальнік Аляксандр СТРАЧУК. — Каб паказаць, наколькі яны засвоілі матэрыял, дзецям неабходна было выканаць заданне па арніталогіі: па апісанні віду знайсці яго ў вызначальніку, а потым і ў натуральным асяроддзі.

Незвычайным экспанатам на пляцоўцы «Якасць атмасфернага паветра» сталі... лішайнікі. Так, менавіта розныя віды гэтай расліны дапамаглі ўдзельнікам эказмену вызначыць, наколькі чыстае паветра ў лагеры.

Каб экалагічнае навучанне было больш дасканалае, у дзіцячым цэнтры «Надзея» ў рамках праекта «Экаманіторынг» быў створаны «зялёны клас»: закуплена абсталяванне, інтэрактыўны матэрыял для вядзення заняткаў па ўсіх кірунках праграмы «Зялёных школ». У гэтым класе будуць займацца не толькі ўдзельнікі экалагічных змен, але і іншыя школьнікі, якія прыязджаюць сюды на аздараўленне, у тым ліку з тэрыторый, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, а таксама дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.

Вераніка КОЛАСАВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Адпачываем па-зялёнаму!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.