Вы тут

Рабіндранат Тагор: Усе беларускія выданні


Першая кніга Рабіндраната Тагора пабачыла свет у Мінску ў 1927 годзе — «Садоўнік». Перакладчык — Аркадзь Мардвілка. У 1920‑я гады перакладчыкам класіка індыйскай літаратуры выступіў і народны паэт Беларусі Якуб Колас. Яго пераўвасабленні твораў легендарнага мастака слова, легендарнага асветніка і філосафа пабачылі свет у часопісе «Полымя рэвалюцыі». Сярод перакладчыкаў паэзіі і прозы Рабіндраната Тагора на беларускую мову — Сяргей Грахоўскі, Алесь Разанаў, Язэп Семяжон, Галіна Шаранговіч.


Рабіндранат Тагор і Альберт Эйнштэйн, 1930 г. Фота hotsta.org

Раман «Крушэнне» Тагора выдадзены ў Мінску ў 1958 годзе ў перакладзе Сяргея Грахоўскага. Нагадаем, што гэта быў час так званай хрушчоўскай «адлігі». На змену жорсткай палітычнай дыктатуры, якая дзейнічала ў Савецкім Саюзе дзякуючы волі, аўтакратыі Іосіфа Сталіна, прыйшлі некаторыя ліберальныя змены. Са сталінскага ГУЛАГу, астрогаў, якіх існавала незлічоная колькасць, вярталіся і пісьменнікі, некаторыя з якіх, на шчасце, засталіся жывымі. Яны, безумоўна, каб вярнуцца да актыўнага жыцця, наколькі дазвалялі сілы, хапаліся за любую працу. І шмат, канешне ж, перакладалі. Гэта быў, між іншым, і цікавы час адкрыцця Індыі ў Савецкім Саюзе. Найперш — за кошт новых індыйскіх фільмаў: «Прабуджэнне», «Песня дарогі», «Маці Індыя» і гэтак далей. Свет (і, пэўна ж, Беларусь таксама) адкрываў Індыю. Дарэчы, у Дзяржаўным выдавецтве БССР за год да выхаду «Крушэння» (наклад рамана склаў 6000 экзэмпляраў) былі выдадзены яшчэ дзве індыйскія кнігі. Зборнік казак — «Чароўная чаша» (у падзагалоўку: «Па матывах індыйскіх казак. Апрацоўка для дзяцей Н. Ходзы»).

Некалькі слоў пра Нісана Аляксандравіча Ходзу (1906–1978). Вядомы савецкі дзіцячы пісьменнік. Жыў у Ленінградзе. У 1949 годзе наладзіў стасункі з зямляцтвам кітайскіх студэнтаў. Запісваў кітайскі фальклор. І ў канцы 1951 года ў апрацоўцы Н. Ходзы выйшаў зборнік кітайскіх казак. А пасля — яшчэ дзве казачныя кнігі, таксама запісаныя ад замежных студэнтаў,— карэйцаў і манголаў. У 1955 годзе Н. Ходза надрукаваў зборнік па матывах індыйскіх казак — «Чароўная чаша». Наш беларускі пісьменнік Алесь Якімовіч пераўвасобіў гэтую кнігу на беларускую мову. І выйшла яна тыражом 25 тысяч экзэмпляраў. У 1957 годзе ў Мінску выдалі па-беларуску і кнігу індыйскага пісьменніка Крышана Чандара (пісаў ён, як вядома, на урду і хіндзі).

У 1976 годзе ў мінскім выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыў свет зборнік Рабіндраната Тагора «Выбранае». Наклад — 5000 экзэмпляраў. Ілюстратарам кнігі выступіў мастак Георгій Паплаўскі. Дарэчы, творцу блізкія індыйскія матывы. За станкавыя лісты «Індыйскі дзённік» і афармленне кнігі старажытнаіндыйскіх паданняў «Ціракурал» уганараваны ў 1975 годзе Міжнароднай прэміяй імя Дж. Неру.

У 2006 годзе мінскае выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпускае ў свет зборнік Рабіндраната Тагора «Гітанджалі». Тэксты падаюцца паралельна — на рускай і беларускай мовах. Мастаком выступае Георгій Паплаўскі. У апошнія гады Выдавецтва «Зміцер Колас» прадстаўляе серыю перакладаў на беларускую мову «Паэты планеты». Унікальны творчы праект! І ў ім у 2018 годзе з’яўляюцца «ахвярныя песнаспевы» — «Гітанджалі» ўжо ў перакладзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Разанава на беларускую мову. Шкада, што наклад склаў усяго 250 экзэмпляраў. Але такі сёння час, што папяровая кніга карыстаецца не самым вялікім попытам. І ўсё ж папяровая кніга жыве, знаходзіць свайго чытача. Магчыма, і дзякуючы такім класікам мастацкага слова, як лаўрэат Нобелеўскай прэмі Рабіндранат Тагор.

А вось у 2018 годзе Беларусь выдала кнігу «Мая залатая Бенгалія» на мовах народаў свету» Тагора (праект ажыццявіў Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа. Спярша — накладам 250 асобнікаў; пасля, дадаўшы яшчэ адзін пераклад,— накладам 100 асобнікаў). Верш класіка са старонак кнігі, у якасці ілюстрацый да якой выкарыстаны малюнкі славутага мастака Бангладэша Зайнулы Абедзіна, загучаў на 51 (!) мове, уключаючы бенгальскую. Нагадаем, што «Мая залатая Бенгалія» — яшчэ і гімн суверэннай дзяржавы Бангладэш.

Бенгальцы надзвычай шануюць гэты твор, гатовыя цытаваць яго на памяць. А ў «беларускай» кнізе «Мая залатая Бенгалія» надрукавана на наступных мовах: бенгальскай, беларускай, рускай, аварскай, агульскай, азербайджанскай, англійскай, арабскай, балкарскай, башкірскай, грэчаскай, грузінскай, даргінскай, інгушскай, італьянскай, казахскай, калмыцкай, карацінскай, карэйскай, кітайскай, кумыкскай, курдскай, лакскай, лезгінскай, луо, лух’я, македонскай, малайскай, марыйскай, мангольскай, нідэрландскай, нагайскай, польскай, сербскай, славацкай, суахілі, табасаранскай, тайваньскай, татарскай, турэцкай, туркменскай, удмурцкай, уйгурскай, украінскай, урду, хіндзі, цахурскай, чарнагорскай, чачэнскай, чувашскай, шорскай. Сузор’е моў уражвае!.. Шчырыя, узнёслыя радкі пра Бенгалію, якія Тагор напісаў болей стагоддзя назад, аб’ядналі краіны, народы, культуры, літаратуры, мовы. І зроблена гэта дзякуючы намаганням беларускіх выдаўцоў і друкароў.

Максім Веяніс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.