Вы тут

На Ангары да світальнай пары


Беларусы Іркуцка зладзілі Купальскае свята, на якое сабралася каля дзвюх соцень гараджан і жыхароў з іншых месцаў Прыбайкалля


Маляўнічая паляна на 46‑м кіламетры Байкальскага тракта ў ноч з 22 на 23 чэрвеня напоўнілася чараўніцтвам. Там адзначалі свята найвысокага Сонца — летняга сонцастаяння. Там, як здаўна павялося ў Купальскую пару, звівалі вянкі, вадзілі карагоды вакол вогнішча, свята поўнілася песнямі, гульнямі й танцамі.

Партал у Купалле

Каб дабрацца на паляну, з Байкальскага тракта ехалі па адной з вузкіх лясных дарог. Вершаліны дрэў змыкаюцца над галавой, пад коламі машыны — лужыны, наперадзе — зялёны калідор. А потым нечакана — паляна, што зачароўвае з першага погляду. Які дзівосны там бераг Ангары! Яркае разнатраўе, тонкія водары кветак і зёлак змешваюцца з рачнымі пахамі. Скрозь пахмурнае неба прабіваюцца прамяні сонца — і здаецца: сама прырода рыхтуецца да чароўнае ночы. А народныя беларускія спевы, дзяўчаты й хлопцы ў нацыянальных строях толькі ўзмацняюць адчуванне, што ты — нібы ў іншае вымярэнне трапіў, прайшоўшы праз праз браму-вароты, аплеценыя галінкамі дрэў і травамі-кветкамі. Вось такі зялёны, рукатворны партал у Купалле — ці ж не сапраўднае светлае чараўніцтва!

Іркуцкія беларусы ладзяць Купалле ў Прыбайкаллі ужо ў 24‑ы раз. Кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова кажа, што цікавасць да свята вялікая. І сёлета прыйшлося арганізатарам дадатковы транспарт заказваць. Многія едуць на сваіх аўто, шмат дзяцей. Святочны настрой не згасіў нават начны дождж: прапанову арганізатараў вывезці іх у горад купальцы з удзячнасцю адхілілі ды засталіся ў Купальскай казцы да раніцы.

Таямніцы традыцыі

Моладзь пры Купальскай браме-партале

На пачатку свята дзяўчаты-жанчыны стварылі кола, у якім звівалі вянкі пад беларускія напевы. Мужчынам у тое кола заходзіць нельга. Як тлумачыць мастацкая кіраўніца Купалля, старшыня Іркуцкага гарадскога аддзялення Таварыства беларускай культуры Юлія Пермінава, гэтую абрадавую дзею праводзяць выключна жанчыны — як зберагальніцы традыцый, дамашняга ачага, повязі паміж пакаленнямі. Жанчына род прадаўжае, і менавіта ў яе ўладзе абрадавымі дзеямі наваражыць добры ўраджай: “Купалле — гэта ж не толькі пра сонцаварот, калі Сонца на зіму паварочваецца, дзень карацее. Гэта ў вялікай ступені — пра жыццё наша, фізічнае й душэўнае здароўе, а таксама й пра ўраджай. Бо калі недарод — то звядзецца й род. Абрады Купальскія спрадвеку ладзяцца й для таго, каб год быў — з хлебам, паспяховым, каб было чым карміцца. Сама жанчына дзяцей нараджае, фактычна як зямля, даючы “ўраджай”, прыплод у род. Таму й такое паважлівае стаўленне да яе ў беларусаў”.

Звіванне вянкоў у Купальскую ноч — адзін з найстаражытных славянскіх звычаяў. Кажуць, у такую пару расліны набіраюць сілы й маюць цудадзейныя, лекавыя ўласцівасці, здольныя адганяць усякую нечысць. Купальскі вянок — важны элемент абрадаў, прычым такі галаўны ўбор прызначаны пераважна для незамужніх дзяўчат. У некаторых мясцовасцях вянком упрыгожвалі й само Купальскае вогнішча. Удзельніцы “Купалля на Ангары” скарыстоўвалі разнастайныя кветкі, травы. Неверагоднай прыгажосці працэс: бярэмя люцікаў, купальніцы (пад Іркуцкам называюць жаркі), вярбены ды іншых кветак ператвараецца ў вянкі. А іх звілі — зладзілі жаночы карагод: таксама з сакральным значэнне.

І ў Купальскага застолля — свае правілы. Дарэчы, збор гасцей з пачастункам у беларусаў называецца: бяседа. Здавалася б, па гучанні слоўца блізкае да рускага “беседа, разговор”, ды па сэнсе — розніцца. Як і належыць, стол Купальскі накрылі ўскладчыну: кожны паставіў на яго тое, што прывёз. Адметная Купальская страва — белы сыр — лічыцца прыкметай беззаганнасці дзяўчыны, якая прынесла яго. У абрадавай песні, якую спявалі й “Песняры”, ёсць словы: “Чым Купала вячэрала? Ой, рана на Івана… Ой, рана на Івана… Вячэрала белым сырам”. Гатуецца ж ён з малака й тварагу на вогнішчы, а працэс той паказалі нам прама на паляне.

Алена Сіпакова казала яшчэ, што Купалле — гэта й свята моладзі: на ім дапускаецца спрадвеку шмат “вольнасцяў”: танцы, гульні, гулянні парамі па палетках-лугах, скачкі праз вогнішча… І гэта ўсё парнае, своеасаблівыя агледзіны, а пасля Купальскае ночы, увосень, дзяўчына з хлопцам маглі й пажаніцца. З верай у цудоўныя ўласцівасці Купальскіх траў звязаны й пошукі Папараць-кветкі. Тым, хто яе знойдзе, народныя паданні абяцаюць праяву звышздольнасцяў (напрыклад, разуменне мовы раслін, звяроў і птушак), а таксама ўладу над нячыстымі духамі.

Агонь з сімвалам Сонца

Купальскі жаночы карагод

Пад гульні, карагоды, майстар-класы й кірмаш розных вырабаў — ад упрыгажэнняў да прадуктаў — заходзіла сонца. Па гадзінніку было над Ангарой 21.25, і настала пара для Купальскага вогнішча. Увянчалі яго кветкавым колам, сімвалам Сонца. Распальвалі агонь мужчыны. “Мы з вамі правялі дзень, сярэдзіну лета, і цяпер Сонца паварочваецца да зімы, — казалі купальцам вядучыя. — Нашы хлопцы разводзяць невялічкае вогнішча, каб потым падпаліць ад яго Купальскае. Мы з вамі будзем у бадзёрасці, пакуль не ўзыдзе Сонца новага дня: тады можна будзе пайсці да ракі, каб выкупацца”. На гэты раз іркуцяне знаёміліся з Купальскімі звычаямі, характэрнымі для Брэсцкай вобласці. Вогнішча падпалілі з чатырох бакоў чацвёра халастых хлопцаў. Адна з прыкмет: у каго з іх агонь хутчэй зоймецца, той першым і ажэніцца. Хутка ўсё вогнішча занялося, стала ў цэнтры свята. Вакол яго вадзілі карагоды, пры ім спявалі песні, ладзілі гульні. Было й “ачышчэнне агнём”: купальцы скакалі праз вогнішча. Калі ж узышло Сонца новага дня, то, паводле прыгожай Купальскай традыцыі, вянкі дзяўчаты пускалі па рацэ. А тыя, хто смялейшы, не прапусцілі яшчэ адзін ачышчальны рытуал — купанне ў Ангары!

Купалле яднае культуры

Паслякупальскае світанне над Ангарой

Адметнасць этнафэсту “Купалле на Ангары” — яго мультыкультурнасць. Алена Сіпакова кажа: тыя, хто ладзіць яго, імкнуцца знаёміць гасцей не толькі з беларускімі традыцыямі. На кожнае свята запрашаюць розныя гурты. Сёлета ў канцэрце паўдзельнічалі Клуб каляндарна-абрадавай рэканструкцыі “Ковчег” і заслужаны калектыў народнай творчасці Расіі, фальклорны гурт “Забава” з пасёлка Бальшая Рэчка. “Мы сёння тут, бо беларусы з суполкі імя Яна Чэрскага — нашы сябры, — удакладніла кіраўніца “Забавы” Святлана Аскарава. — Сябруем больш за 20 гадоў. Спявалі мы адну з нашых любімых карагодных песень з Алтайскага краю, а таксама й па-беларуску — сябры нас навучылі”.

Заводзілі танцы, гульні ля вогнішча ўдзельнікі вядомай у Іркуцку студыі старадаўняга танца Antіquo More. Прыехала на Купалле менавіта фальклорная група студыі. Яе мастацкая кіраўніца Юлія Арэхава патлумачыла, што група працуе на польскім матэрыяле XІX стагоддзя, танцы ў асноўным тыя, што бытавалі на сельскагаспадарчых абрадах, ці то гэта рамантычныя гісторыі пра каханне. Яны добра стасуюцца да Купальскага свята.

Чаканым госцем Купалля стаў гурт “Пихто” з Краснаярскага краю, у рэпертуары якога ёсць як беларускія, так і заходнееўрапейскія творы. На фэсце гралі ажно два дудары! “Упершыню за 24 гады на нашым фэсце выступае вялікі музычны калектыў, які ўжывую выконвае музыку на аўтэнтычных інструментах. Бывалі ў нас раней адзінкавыя выканаўцы: гарманісты, баяністы, гітарысты, аднойчы дудар прыязджаў. А тут — цэлы ансамбль, і гэта вялікая падзея для нас”, — кажа Алена Сіпакова.

Завяршылася чароўная, найкароткая ў годзе ноч яшчэ адным рытуалам: з духмяных траваў-зёлак на Купальскай вадзе для купальцаў згатавалі смачны звар. Кажуць, цудоўны сродак ад усіх хвароб.

На досвітку, калі шумныя гулянні сціхлі, дзяўчаты пайшлі да рэчкі, каб памыцца й пусціць па плыні Ангары вянкі з запаленымі свечкамі. Варажылі: каму лёсам наканавана замужжа? Мне ж падалося, што кожная з іх, чыё сэрца здольнае ўспрыняць высокую прыгажосць і мудрасць Купалля, вартая таго, каб быць у беражлівы далонях Сусвету — каханаю ды шчасліваю.

Алёна Грыгор’ева, г. Іркуцк

Фота: Матрона Бізікава  і Мікалай Благанравін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.