Вы тут

Дыялогі на фоне “Славянскага базару ў Віцебску”


У багатай фэст-праграме вядомага творчага форуму даўно прапісаўся круглы стол, прысвечаны праблемам культуры й мастацтва


Зацікаўленая размова за круглым сталом у Віцебску

Шмат гадоў ладзяць сустрэчы за круглым сталом супольна міністэрствы інфармацыі і культуры, а таксама Выдавецкі дом “Звязда”. І сёлета прадстаўнікі СМІ, дзеячы культуры разважалі ў Віцебску: як жа навучыцца трымаць баланс паміж забаўляльным і сур’ёзным? І што застаецца ў нашых душах, калі заканчваюцца падобныя масавыя імпрэзы?

Поле для дыялогу акрэслілі так: “Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцяў. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў”. Распачаў імпрэзу генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Султаната Аман Джамаль Мусаві — аповедам пра тое, як развіваюцца кантакты паміж дзвюма краінамі, планамі пра ўдзел Амана ў “Славянскім базары‑2020”.

Мадэратар сустрэчы, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Павел Сухарукаў звярнуў увагу: штогод удзельнікаў з розных краін — усё больш. Сёлета, дарэчы, былі госці больш чым з 40 краін. А фестываль з яркім забаўляльным характарам у апошнія гады ператварыўся ў вялізны мультыкультурны форум. Цяпер гэта зручнае месца, дзе можна не толькі паказаць Беларусь з добрага боку, але й асэнсаваць саму з’яву, абмеркаваць надзённыя праблемы.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца лічыць: “Славянскі базар у Віцебску” — адзін з прыярытэтных брэндаў краіны, і гэта ўжо з’ява культуралагічная. На яго погляд, час патрабуе новых формаў творчасці. У прыватнасці, спадар Рыгор за тое, каб крыху больш на фестывалі было джазу, а таксама нейкіх класічных формаў. Творца пераканканы: больш трэба думаць пра форму. І тады форум не толькі захавае сябе, але й прыцягне новае пакаленне прыхільнікаў.

Гэтае меркаванне падтрымала першая намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, заўважыўшы: у фестывалю ёсць база й аснова, якім і маладое пакаленне здольнае здзіўляцца. Яна спаслалася на станоўчыя, захопленыя водгукі дачкі, якая “ў гэтыя дні гуляе па Віцебску”. Аднак павінны ж адкрывацца й новыя пляцоўкі. На думку спадарыні Алены, творчы патэнцыял празаікаў і паэтаў на “Славянскім базары ў Віцебску” выкарыстоўваецца пакуль што не ў поўнай меры.

У цікавай, добразычлівай дыскусіі за круглым сталом паўдзельнічалі старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка, пісьменніца, літкрытык і перакладчыца Юлія Алейчанка, вядучая тэлеперадачы “Добрай раніцы, Беларусь!” Святлана Бароўская, дырэктар — мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Раман Козыраў, вядомы спявак, музыка й кампазітар Пётр Ялфімаў ды іншыя цікавыя людзі.

Удзельнікі сустрэчы дзяліліся сваім бачаннем таго, як развіваецца беларуская, сусветная культура й мастацтва ў цяперашнім часе. Разважалі: як уплываюць яны на духоўны, маральны патэнцыял народаў, людзей розных пакаленняў. Выказваліся слушныя меркаванні наконт таго, як фестываль “Славянскі базар у Віцебску” спрыяе ўмацаванню самых разнастайных, у тым ліку й міжнародных культурных сувязяў, як суадносіцца з духоўнымі традыцыямі беларусаў, ці дае імпульс для крэатыву, творчасці ў іншых сферах жыцця, для працы душы. Ці вядзе, урэшце, да Храма? Бо, як вядома, у адным з савецкіх фільмаў часоў перабудовы гучала такое вызначэнне: “Калі дарога не вядзе да Храма — то навошта яна?”.

Рыгор Гарэшка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.