Вы тут

З Сібіры да Бацькаўшчыны


На VІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі адзначалася, што адну з галоўных роляў у развіцці супрацы  Новасібірскай вобласці з Беларуссю выконвае тамтэйшы Цэнтр беларускай культуры

VІ Форум рэгіёнаў Беларусі ды Расіі, што праходзіў 16–18 ліпеня ў Санкт-Пецярбурзе, меў тэму: “Міжрэгіянальныя сувязі як аснова фарміравання адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы народаў Беларусі і Расіі”. Яго ладзілі супольна Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі ды Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. У складзе навасібірскай дэлегацыі былі Міністр культуры вобласці Ігар Рашэтнікаў, дырэктар тэатра “Чырвоны факел” Аляксандр Кулябін і загадчыца Навасібірскага цэнтра беларускай культуры Анастасія Дзяменцьева. Вядома ж, такія сустрэчы спрыяюць развіццю двухбаковых адносін.


Падпісваюцца беларуска-расійскія пагадненні. Фота БЕЛТА

Анастасія Андрэўеўна, вярнуўшыся дадому, расказвала: на секцыі “Культурна-гуманітарныя праекты як злучнае звяно духоўнага жыцця народаў Беларусі і Расіі” Ігар Рашэтнікаў рабіў даклад і адзначыў, што наш Цэнтр беларускай культуры выконвае адну з галоўных роляў у развіцці супрацы з Беларусю. Сама ж Анастасія Дзяменцьева мела дзелавыя сустрэчы з дырэктарам Нацыянальнага гістарычна музея Беларусі Паўлам Сапоцькам і дырэктарам Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімірам Карачэўскім, так што пазначаны новыя вектары культурнай супрацы. Між урадамі Беларусі ды Расіі ўзгоднены “План мерапрыемстваў да 2021 года па рэалізацыі Пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве”: там каля 40 мерапрыемстваў розных кірункаў. Подпіс пад дакументам паставіў і Губернатар Новасібірскай вобласці Андрэй Траўнікаў. А паміж Мінскім гарвыканкамам і мэрыяй Навасібірска падпісаны План развіцця супрацы на 2019–2020 гады.

Кантакты Новасібірскай вобласці з Беларуссю, як бачым, развіваюцца, пашыраюцца. І, сапраўды, наш Цэнтр таму нямала спрыяе. Аднак будзем шчырымі: культура як сфера дзейнасці чамусьці нярэдка — у “хвасце” спісу, калі вызначаюцца кірункі супрацы. А культура — гэта і вобраз мыслення, і манера паводзін, і асаблівасці мовы, светапогляду, ментальнасці народа… Не я тое прыдумала! Навукоўцы разумеюць культуру як “сукупнасць створаных чалавецтвам матэрыяльных, духоўных і сацыяльных каштоўнасцяў”. Гэта ўсё, што ёсць вакол нас… І мы ў Цэнтры на карысць беларускай культуры, а таксама на ўзаемаўзбагачэнне яе ў кантактах з рускай працуем. Прыярэтэт дзейнасці: збліжэнне народаў Беларусі ды Расіі праз узаемадзеянне культур.

Але як, спытаеце, гэты механізм дзейнічае? Патлумачу на прыкладах. Калі сёлета на пачатку красавіка мы адзначалі Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі, то прапанавалі сібіракам яшчэ актыўней асвойваюць беларускую мову. “Гавары са мной па-беларуску!” — верш Яўгеніі Янішчыц даў назву семінару, што распачаў імпрэзы праграмы “Расія і Беларусь — наш агульны дом”. А гаварыць па беларуску ахвочых вучыла Валянціна Панежа, выкладчыца з Магілёва. Яна ўжо не раз была ў Новасібірску: дзякуючы дамове аб супрацы паміж нашым Цэнтрам і Беларуска-Расійскім універсітэтам (Магілёў). Мы засвойваем асаблівасці маўлення, пастаноўкі націскаў, новыя словы, адгадваем загадкі, чытаем па-беларуску. А колькі пытанняў! Так што цікавасць да мовы ў Новасібірску ёсць, і — дзякуем Валянціне Васілеўне, што сваю любоў ба Бацькаўшчыны, роднай мовы яна й новасібірцам па-майстэрску перадае.

Пра тое, што мова — неад’емная частка этнічнай культуры любога народа, гаварылі мы ў часе Адкрытага дыялогу. Паўдзельнічалі ў ім дарадца Аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў горадзе Новасібірску Андрэй Гасюк, кіраўніца ЦБК Анастасія Дзяменцьева, старшыня Новасібірскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Надзея Санцэвіч, наша госця Валянціна Панежа, навуковы супрацоўнік сектара фальклору народаў Сібіры Інстытута філалогіі СА РАН Таццяна Дайнека ды іншыя. Заўважым, этнічная культура — паняцце больш шырокае, чым нацыянальная культура. Апошняя “абмежавана” тэрыторыяй дзяржавы, а этнічная — не мае межаў. І, напрыклад, мы, беларусы, дзе б ні жылі, можам зберагаць сваю этнічную культуру. Можам — але ці зберагаем? Што да тэрміну “этнічная культура”, то ён акрэслівае, з чаго складаемся мы самі: як сябе паводзім, апранаемся, размаўляем, што ўжываем у ежу, як уладкоўваем побыт, у што верым, якія ў нас каштоўнасці, традыцыі, да якой нацыянальнасці мы сябе адносім, якую краіну лічым роднай…

Па выніках перапісу насельніцтва, у Новасібірскай вобласці жыве каля 8 тысяч беларусаў. Аднак, кажуць, на самой справе — значна больш: толькі яны асіміляваліся. Ёсць тыя, хто родам з Беларусі ды пераехаў у Сібір. Ёсць і беларусы “па крыві”, хто й не быў на гістарычнай Бацькаўшчыне: іх продкі калісьці пераехалі ў Сібір і “ўкараніліся” тут. А інтэграцыя ў блізкае па духу, ды іншае грамадства мае свае наступствы. Ці зберагаюць этнічную культуру продкаў жыхары беларускіх пасяленняў Сібіры? Некаторыя беларускія вёскі даследаваны, “знаходкі” апрацаваны. Выйшла, напрыклад, саліднае навуковае выданне “Фальклор беларусаў Сібіры і Далёкага Усходу”. А колькі ўсяго цікавага-беларускага рассеяна на прасторах Сібіры!

У тую, красавіцкую пару мы нібы адчынілі “куфар” беларускай культуры. Пачуць нашу мову, дакрануцца да этнічнай культуры беларусаў можна было ў часе інтэрактыўна-пазнавальнай праграмы “Беларусь і Сібір” — то была заключная падзея цыкла “Расія і Беларусь — наш агульны дом”. Запрасілі мы на імпрэзу гурт беларускай песні “Завіруха” — і песні гучалі на поўную моц. А народны калектыў ансамбль народнай песні “Вясёлка” паказаў і традыцыйны беларускі абрад сватаўства. Фальклорны гурт “Кумушкі” таксама прыўнёс каларытныя фарбы ў імпрэзу. А яшчэ можна было паглядзець, набыць вырабы з саломкі. Майстэрства — традыцыйнае для Беларусі, а кіраўніца народнай студыі “Пляценне” Вольга Верашчагіна знайшла прызнанне ў такой творчасці. З іншымі сакрэтамі дзеліцца. Мы яшчэ расказвалі, што раней беларуская дзяўчына да 13 гадоў павінна была сабраць-напрацаваць куфар з пасагам. Былі ж у ім прадметы адзення і… для будучага мужа. Пра традыцыйныя строі таксама ішла гаворка на сустрэчы.

А “на салодкае” пакінулі мы нацыянальную кухню. Сакрэтамі гатавання беларускіх страў дзялілася гаспадыня-беларуска Ганна Гур’еўна Матвеева. Наш Цэнтр, дарэчы выдаў зборнік рэцэптаў “Смачна!” — гэта ўсё рэцэпты сямейных страваў ад новасібірскіх беларусаў.

Вось так, сябры мы збліжаем — пры дапамозе культуры! — Беларусь і Сібір. Вельмі рады, што наша праца — не дарэмная. І заключаныя ў Санкт Пецярбурзе новыя дамовы аб супрацы тое пацвярджаюць.

Таццяна Нялюбіна, метадыстка Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.