Вы тут

Ці можна пераадолець постводпускны сіндром?


Ніхто так не мае патрэбы ў водпуску, як чалавек, які... толькі што вярнуўся з водпуску. Знаёма? Гэтаму сцвярджэнню амерыканскага пісьменніка Элберта Грына Хабарда, між іншым, больш за стагоддзе, але і сёння яно не страціла актуальнасці. Вучоныя правялі даследаванні і высветлілі, што 50 % людзей пры выхадзе на работу пасля працяглага водпуску перажываюць праблемы са здароўем. Здавалася б, адпачыўшы, мы павінны з падвоенай энергіяй узяцца за справы, якія назапасіліся за час нашай адсутнасці. Аднак дзе там! Замест гэтага многія пачынаюць хандрыць і ўпадаюць у дэпрэсію. Чаму ўзнікае постводпускны сіндром, як мінімізаваць гэты стрэс і дапамагчы арганізму настроіцца на працоўны распарадак, расказала ўрач-псіхатэрапеўт Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля Гурава.


— У водпуску ў нас быў зусім іншы рэжым. А цяпер трэба рана прачынацца і недасыпаць. Мы ўсведамляем, што наперадзе нас чакае не адпачынак з яго станоўчымі эмоцыямі, а працоўныя будні і неабходнасць вырашаць няпростыя задачы. Такі фізічны і душэўны стан атрымаў назву «постводпускны сіндром», — расказвае Наталля Георгіеўна. — Выяўленасць яго праяў цесна звязана з працягласцю і якасцю адпачынку, а таксама атрыманымі падчас яго эмоцыямі і ўражаннямі. Чым больш радасны, яркі, незабыўны і доўгі быў сам водпуск, тым складаней чалавеку вяртацца да паўсядзённасці, а дакладней — да рэальнасці.

— Чаму ўзнікае постводпускны сіндром?

— Як ні дзіўна, але адпачынак у водпуску — гэта таксама стрэс для нашага арганізма. І гэты стрэс тым мацнейшы, чым далей мы з'язджаем ад нашага звыклага месца пражывання. Падчас адпачынку наш арганізм расслабляецца. Адпачываючы, мы мяняем свае звыклыя біялагічны і псіхалагічны рытмы жыцця — харчаванне, працягласць сну, разумовыя і фізічныя нагрузкі, эмацыянальны фон. Часта на час водпуску мы мяняем часавыя і кліматычныя паясы. Таму лагічна, што многім людзям не пад сілу імгненнае пераключэнне на працоўны лад, а працэс адаптацыі займае пэўны час. І сітуацыя ўскладняецца ўсведамленнем таго, што наступны адпачынак будзе не хутка, і нас чакае працяглы час работы.

— Постводпускны сіндром мае свае характэрныя сімптомы?

— Да іх можна аднесці сум, раздражнёнасць, меланхолію, пастаяннае пачуццё трывогі, стомленасць, боль у мышцах, галаўны боль, рэзкія перапады настрою, зніжэнне працаздольнасці, пачуццё, што нават простыя задачы невырашальныя.

— Дык можа, тады лепш увогуле не адпачываць — у прыватнасці, тым, хто так цяжка вяртаецца ў рабочы рэжым?

— На рабоце мы часта забываем пра сябе, пра свае жаданні, а ў адпачынку стараемся папесціць сябе любімага. Зразумела, вельмі не хочацца зноў успамінаць пра свае працоўныя абавязкі. Як правіла, на рабоце падчас адсутнасці супрацоўніка нічога не змянілася. А вось сам чалавек мяняецца, як і яго адчуванні, вось і атрымліваецца крызісная сітуацыя. Але зусім не адпачываць небяспечна як для псіхічнага, так і для фізічнага здароўя. Працуючы без водпуску, можна выгараць, стаць раздражнёным і агрэсіўным. І вярнуцца потым у нармальны стан дастаткова складана, таму браць водпуск і адпачываць трэба кожны год.

— Які перыяд патрэбны, каб адаптавацца пасля адпачынку?

— Каб вярнуцца ў звыклы фізіялагічны стан пасля водпуску, патрабуецца, як правіла, каля двух тыдняў. Псіхалагічная адаптацыя доўжыцца да 40 дзён.

— Як мінімізаваць стрэс у пераходны перыяд і настроіцца на рабочы рэжым?

— Пастарайцеся вярнуцца дадому з адпачынку ці канікул на два-тры дні раней, каб спакойна вярнуцца да звыклага рэжыму. Пасля выхаду на работу імкніцеся хоць бы на працягу 10 дзён высыпацца, каб арганізм без стрэсу змог вярнуцца ў звыклае рэчышча. Пацікаўцеся, як справы ў калектыве, чым займаліся калегі, над чым працавалі, і пачынайце займацца якімі-небудзь дробнымі справамі, паступова нарошчваючы аб'ём. Абавязкова складзіце план дзеянняў хоць бы на найбліжэйшы час. Паступова пераходзьце да вырашэння больш складаных задач.

Увогуле важна не зацягваць водпуск. За гэтым можа прыйсці эмацыянальны крызіс і глыбокая дэпрэсія. І тут ужо, каб пазбавіцца ад апатыі, маркоты, дрэннага настрою, аднавіць цікавасць да таго, што адбывацца, патрэбны спецыяліст. Хандру можна перамагчы бытавой актыўнасцю, здаровым харчаваннем, фізічнымі нагрузкамі, прыёмам вітамінаў. Увогуле ранішняя зарадка, плаванне, бег, веласіпед выдатна спраўляюцца са стрэсам. Карысна ўключыць у свой рацыён прадукты, якія павышаюць гармон радасці ў крыві — памідоры, бананы, авакада, нятлустую рыбу і морапрадукты, ліставую салату, рукалу і іншую зеляніну, сыр.

Важна не імкнуцца адразу вярнуцца ў даадпускны рэжым актыўнасці і нагрузак. Гэта датычыцца не толькі работы, але і баўлення вольнага часу. З водпускам трэба развітвацца плаўна, факусуючы ўвагу толькі на прыемных успамінах. Падзяліцеся імі з блізкімі і сябрамі, пакажыце ім свае відэа- і фотаздымкі, пачастуйце смачнымі напоямі і закускамі, якія прывезлі з водпуску. Дзелячыся станоўчымі эмоцыямі, мы наноў іх перажываем.

Калі ж выхад на работу абарочваецца для вас катастрофай, магчыма, трэба задумацца аб неадпаведнасці яе вашаму прызванню ды змяніць месца і нават сферу дзейнасці. Калі ж праца ў радасць, і патрабуецца толькі асвяжыць зацікаўленасць, тады дастаткова ўсяго толькі сфармуляваць мэты і прыступіць да іх ажыццяўлення.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не згарэць на рабоце пасля адпачынку

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.