Вы тут

Рагачоўскія школьнікі правялі ліпеньскія дні ў ваенна-спартыўным лагеры


Дваццаць тры вучні сярэдняй школы № 4 горада Рагачова правялі восем дзён у ліпені ў ваенна-спартыўным лагеры «Гвардзеец». Месціўся ён на базе 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Школьнікаў чакалі не толькі азы страявой падрыхтоўкі і ваенна-спартыўная эстафета, але і маштабная культурна-масавая праграма. Зрэшты, пра ўсё па парадку.


— Наш лагер, скіраваны на ваенна-патрыятычнае выхаванне падлеткаў, арганізоўваецца штогод, — кажа намеснік камандзіра 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Сяргей Корнеў. — Як правіла, сярэдні ўзрост дзяцей у нас — 11—13 гадоў. Мы знаёмім іх з тым, што такое Узброеныя Сілы, расказваем пра гістарычны шлях нашай брыгады, якая вызваляла 75 гадоў таму іх родны горад ад фашысцкіх захопнікаў.

Але толькі гэтым вайскоўцы не абмежаваліся. Вучняў чакалі ўрокі па выжыванні, якія абавязкова праходзяць разведчыкі. Навыкі гэтыя могуць спатрэбіцца і ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, заблукаць у лесе можа кожны. Як пры гэтым правільна сябе паводзіць, ведаюць, на жаль, не ўсе. Тут жа школьнікам расказвалі пра тое, як трэба ўладкоўваць укрыцце, дзе можна схавацца ад дажджу, паказвалі, як трэба распальваць вогнішча і гатаваць сабе ежу пасярод лесу. А заадно — і прыёмы самаабароны.

Школьнікі знаёміліся і з ваеннай тэхнікай, і з салдацкімі буднямі. Восем сутак яны жылі ў казарме. Адзінае — распарадак дня ў параўнанні з ваеннаслужачымі тэрміновай службы ў іх быў аблегчаны.

— Кожны юнак у будучыні — абаронца Радзімы, — працягвае Сяргей Корнеў. — Мы паказваем, што ў войску няма нічога страшнага. Тут служаць такія ж хлопцы, якія калісьці сядзелі за школьнай партай, як і гэтыя падлеткі. Гутарачы з вайскоўцамі, яны атрымліваюць усю неабходную інфармацыю, як гаворыцца, з першых вуснаў. Ды і па досведзе мінулых гадоў, за 8 дзён дзеці цудоўна тут асвойваюцца. Праграма пабудавана так, каб яны з першага ж дня пачалі ўцягвацца ў распарадак дня. У бацькоў водгукі аб лагеры вельмі добрыя. І з кожным годам конкурс у лагер павялічваецца — жаданне дарослых адправіць дзяцей крыху больш чым на тыдзень да нас вельмі вялікае. Але мы імкнёмся трымаць колькасць вучняў у межах 20—30 чалавек. Гэта аптымальная колькасць для нас на сённяшні момант. Лічыце, як сярэдні клас.

Мы можам паказаць дзецям тут найбольш поўны спектр узбраення. У нас ёсць падраздзяленні разведвальныя, мотастралковыя, танкавыя, сувязь, артылерыя, інжынеры... Адпаведна, тэхніка і зброя разнапланавыя. І пабываўшы толькі ў нас, яны могуць атрымаць уяўленне аб розных родах войскаў. Даём першасныя навыкі і веды ў абыходжанні са стралковай зброяй, расказваем пра іх тактыка-тэхнічныя характарыстыкі, паказваем прыцэльныя прыстасаванні беларускіх распрацоўшчыкаў. Мы іх водзім на трэнажоры танкаў, баявых машын пяхоты. Яны выклікаюць найбольшую цікавасць. Фактычна перад імі — матэрыялізацыя камп'ютарнай гульні. А днём раней дзеці назіралі за тым, як ідзе пагрузка вайсковага эшалона. На платформы адпраўляліся танкі.

А яшчэ кожны дзень мы ладзім культурную праграму. Напрыклад, пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. З'ездзілі ў Хатынь. Наведалі музей ваеннай гісторыі. Мы вельмі хочам, каб хлопцы, пабываўшы ў Мінску, вярнуліся ў Рагачоў з масай яркіх успамінаў. Ды ў такім узросце ўжо трэба падумваць і пра свой будучы прафесійны шлях.

У лагеры «Гвардзеец» таксама прайшла цікавая ваенна-спартыўная эстафета. Сёлета была павялічана дыстанцыя праходжання асобных элементаў паласы перашкод. Пасля гэтага школьнікі, як сапёры, шукалі пры дапамозе шчупа міну, вучымся накладваць шыны, аказваць медыцынскую дапамогу. А скончыў гэта прыгожы фініш.

А тым часам дамо слова непасрэдна ўдзельнікам лагера. Андрэй Лапаткін прыязджае сюды ўжо трэці раз.

— Даведаўся пра лагер вельмі проста — сказалі ў школе, што ёсць магчымасць паехаць. Тут мы, акрамя ўсяго іншага, кожны дзень гуляем у футбол. Салдаты рады нас бачыць. Шмат чаго новага я даведаўся аб вайсковай тэхніцы. Навучыўся адрозніваць вайскоўцаў па званнях. Дома ўсё роўна рабіць няма чаго, а тут усё так разнастайна і цікава... Навучыўся за гэты час маршыраваць і рана ўставаць.

Сяргей Лашкевіч, які перайшоў у восьмы клас, тут таксама трэці раз. Але выглядае хлопец кемлівым не па гадах. Ён сябруе са спортам. Раней займаўся плаваннем і мае другі разрад. Праўда, цяпер пераважвае інтарэс да футбола.

— Дома ж нецікава. Смартфон, камп'ютар, канапа... усё адно і тое ж кожны дзень. А тут можна заняцца фізічнай падрыхтоўкай. Размінка ў нас, напрыклад, з самай раніцы. Праўда, у параўнанні з мінулымі гадамі мы цяпер устаём а 8-й гадзіне. Раней было а 7-й. Адбой у нас у 22 гадзіны. Але ў 21.55 мы ўжо павінны ляжаць па ложках.

Два сяржанты вучаць нас страявой падрыхтоўцы. Водзяць нас строем у сталовую есці. Праўда, адразу бачна, хто тут першы раз, а хто ўжо мае за плячыма пэўны досвед. Хоць, зрэшты, такія былі ўсе.

У жніўні плануецца правесці яшчэ дзве змены ў «Гвардзейцы». Гэтым разам — для мінскіх школьнікаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Лізаветы ГРЫВАЧЭЎСКАЙ

Загаловак у газеце: Канікулы ў стылі «мілітары»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».