Вы тут

Чым здзіўляў гасцей фестываль «Наш Грунвальд»?


Больш як шэсць стагоддзяў назад у сярэднявечнай Еўропе адбыўся цуд. Саюзныя войскі Вялікага Княства Літоўскага, Каралеўства Польскага, умацаваныя татарскай конніцай, атрымалі перамогу ў вялікай бітве на Грунвальдскім полі (сёння тэрыторыя Польшчы). Цуд, які ў той час змяніў ход гісторыі. Магутны Тэўтонскі ордэн, вядомы многімі заваёвамі, які ў той вырашальнай бітве пераўзыходзіў бок праціўнікаў па колькасці вайскоўцаў і якасці ўзбраення, быў разбіты, а праз некаторы час увогуле цалкам страціў сваё становішча ў міжнароднай палітыцы.


Таму не выпадкова, што дата 15 ліпеня 1410 года, калі адбылася гэтая значная падзея, сёння адзначаецца ўсімі аматарамі гістарычнай рэканструкцыі як вялікае свята. Адзін з доказаў гэтага — фестываль «Наш Грунвальд», які ўжо 11 гадоў праводзіцца ў Дудутках напрыканцы ліпеня.

Больш як за дзесяцігоддзе гэты фэст ператварыўся для рэканструктараў з самадзейнай імпрэзы ў маштабную міжнародную падзею, што сёлета сабрала больш як 500 удзельнікаў з розных краін свету, аб’яднала музыкантаў ад Аргенціны да Германіі і Украіны. Важным момантам сталі і конныя турніры, якія прайшлі не ў тэатралізаваным фармаце, а ў рэжыме «выжыве самы моцны».

Апынуцца ўнутры гісторычнай эпохі, стаць сведкам знакавых падзей і на ўласныя вочы пабачыць, як калісьці вызначаўся лёс нашай краіны. Здаецца, фантастыка? Але ж не — рэальнасць, паглыбіцца ў якую мог кожны, хто на мінулым тыдні наведаў унікальнае свята з сярэднявечным каларытам — XI фестываль ваеннай рэканструкцыі «Наш Грунвальд-2019», які прайшоў на тэрыторыі Музея старадаўніх рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», што ў Пухавіцкім раёне.

У апошнія гады праграма фестывалю прыкметна пашырылася: акрамя рэканструкцыі самой маштабнай бітвы сярэднявечнай Еўропы, якая адбылася паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і саюзнікаў — Вялікага Княства Літоўскага, куды ўваходзіла тэрыторыя сучаснай Беларусі, і Каралеўства Польскага, гледачоў чакала шмат іншых дзей. У мерапрыемствах фестывалю ўзялі ўдзел каля 500 рэканструктараў — прадстаўнікоў клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі, краін Еўропы.

З першых часоў адкрыцця фэсту на тэрыторыі Дудутак было шматлюдна. Многія з раніцы займалі месцы бліжэй да рысталішча, дзе праходзілі бугурты (масавыя бітвы). Каб разнастаіць паядынкі, сёлета арганізатары прыдумалі бітвы ў фарматах: рыцары супраць рыцараў, збраяносцы супраць збраяносцаў і сценка на сценку — гэта значыць усе супраць усіх. У кожнага з трох відаў ёсць свае асаблівасці, але ж калі пачаўся фармат «усе супраць усіх», стала нават жахліва. Рэканструктары білі адно аднаго жалезнымі мячамі і сякерамі. Далёка быў чутны аглушальны грук клінкоў аб жалезныя шчыты і шлемы!

Пасля бугуртаў пачаліся манеўры: захоп сцяга, бітва на мосце, штурм замка і многае іншае. Цяпер у бой пайшлі не толькі мячы і сякеры, але і дзіды з пікамі. У трэск разляталіся барыкады, а на зямлю падалі пабітыя рыцары. Пасля бою рыцарам, як гэта і было калісьці, дамы сэрца падносілі збан з вадой і дапамагалі прывесці ў парадак абмундзіраванне.

— Такія фестывалі, як «Наш Грунвальд», дазваляюць абстрагавацца ад рэальнага свету і пагрузіцца ў сярэднявечную культуру. Калі выходзіш на рысталішча, забываеш абсалютна пра ўсё, акрамя бітвы, — расказвае ўдзельнік мінскага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Вольны птах» Цімур Валажанін. — Я выступаў у якасці нямецкага воіна Тэўтонскага ордэна ўзору канца XIV — пачатку XV стагоддзя. Калі толькі пачынаецца дзеянне, адразу паглыбляюся ў вобраз і забываюся пра сваё сапраўднае жыццё. Цалкам аддаюся атмасферы, якая тут пануе.

Адной з галоўных падзей фестывальнай праграмы стаў нетэатралізаваны конны рыцарскі турнір, які праходзіў па дзвюх дысцыплінах XV стагоддзя: джосцінгу — конных сшыбках на дзідах, і меле — групавых паядынках на драўляных буздыганах або сталёвых мячах. Конныя турніры такога ўзроўню ў наш час праходзяць на фестывалях толькі ў некалькіх краінах свету. Падчас паядынкаў галоўнай мэтай коннікаў была спроба выбіць праціўніка з сядла ўдарам доўгай дзіды альбо пераламаць яе аб шчыт. Відовішча захапляльнае і інтрыгуючае. Перад вачамі разгортваецца нібы сюжэт з фільма, які апавядае пра сілу духа тых, хто марыць перамагчы. Увесь час у думках спрабуеш ускубнуць сябе, каб разумець, што ўвесь гэты сюжэт разгортваецца тут і цяпер — на тваіх вачах.

У межах фестывалю працаваў сярэднявечны зброевы цэх, дзе можна было ўбачыць, як з крыцы (балотнай руды) нараджаецца клінок. За працэсамі яго вырабу гледачы не толькі назіралі, але і паўдзельнічалі. Сёлета ўражваў вялікі рынак рамеснікаў, якіх у параўнанні з мінулым годам стала ў два разы больш. Ды яшчэ на тэрыторыі Дудутак асобна зрабілі лагер XVI стагоддзя, дзе размясціліся шатландскія найміты, якія служылі ў розных вайсковых падраздзяленнях на беларускіх землях.

Асаблівай увагай у гледачоў карысталіся турніры лучнікаў і алебардыстаў. Удзельнікі адказна падышлі да арганізацыі як майстар-класаў, так і тэатралізаванага дзейства. Тэхналогія стральбы складаная, таму рыхтаваліся рэканструктары да своеасаблівага гістарычнага ўзнаўлення падзей не адзін дзень.

— Стралкоў заўсёды навучыць даволі складана. Два гады мінімум лучніку трэба, каб вывучыць стральбу з лука, — адзначае ўдзельніца фестывалю лучніца Дар’я Монід. — Паўгода даецца на тое, каб навучыцца трымаць палку з вяроўкай. Затым патрэбен год для руплівых трэніровак, якія будуць накіраваны на развіццё здольнасцей стралка. Элементы для стральбы з лука — становішча рук, цела — для сучаснага свету не з’яўляюцца натуральнымі. Увогуле, быць лучнікам-выступоўцам складана псіхалагічна: калі трэніруешся сам з сабой, то робіш гэта на развіццё фізічнай культуры, а вось відовішчная стральба з лука прадугледжвае тэатральнасць, акцёрскае майстэрства, што ў сабе таксама трэба развіваць.

У Горадзе майстроў на працягу двух фестывальных дзён можна было не толькі пазнаёміцца з працай рамеснікаў, якія выкарыстоўваюць сярэднявечныя тэхналогіі, і набыць сувенірную прадукцыю, але і паўдзельнічаць у рамесных майстар-класах (кавальская справа, ганчарства, апрацоўка каменя, ліццё, плаўленне руды, ткацтва). Для гэтага неабходна было сабраць у кулак і сілу, і цярпенне, каб нястомна біць па жалезе або тачыць камень. Экспазіцыя «Каменны век» якраз паказала, як цярпенне перарастае ў цікавасць.

— Наша пляцоўка садзейнічае адукацыйнаму працэсу. Мы можам навучыць здабываць агонь ці рабіць інструмент з каменя, — распавёў майстар Віктар Калач. — Гэтым тэхналогіям я навучыўся сам. У працэсе навучання з’яўлялася шмат пытанняў, як рабіць і для чаго. Кніжных крыніц практычна няма, а майстроў, якія ўмеюць зрабіць нож ці сякеру, наканечнікі стрэл з каменя, таксама знайсці складана. Я вырас у Гродне. Там у Ваўкавыскім раёне ёсць старажытныя стаянкі каменнага веку, дзе знаходзілі зброю. Калі ўпершыню сам паспрабаваў зрабіць зброю, у мяне нічога не атрымлівалася. Аказалася, што першапачаткова трэба разумець, што робіш, і ўяўляць гэта. Кожны ўдар павінен быць дакладным.

Але ж фестываль «Наш Грунвальд» — феерычная падзея, якая захапляе не толькі турнірамі і рэканструкцымі, а і музычнай праграмай. Сёлета ў межах традыцыйнага канцэрта «Баль пасля бітвы» адбыліся выступленні тэатра старадаўняй культуры «Яварына» і самых розных выканаўцаў: гуртоў Midnight (Італія, кельцкі, сярэднявечны і рэнесанс фолк), Sakramant (Беларусь, фолк-метал), Corvus Corax (Германія, сярэднявечны фолк), Aillion (Беларусь, хэві-метал). Атрымалася незабыўна...

Галоўны арганізатар фестывалю «Наш Грунвальд» Аляксандр Рак:

— Паколькі фэст прысвечаны Грунвальдскай бітве, то ўдзельнікі, якія прыязджаюць да нас у якасці рэканструктараў, іх касцюмы, зброя, даспехі павінны адпавядаць гэтаму часу. Праўда, мы выбралі больш шырокі перыяд — XIV—XV стагоддзі. Ёсць патрабаванні і да якасці даспехаў, касцюмаў. Існуе камісія, якая працуе на працягу года, і яна вызначае, ці мае ўзровень рэканструкцыі, прадстаўлены пэўнымі ўдзельнікамі, пацвярджэнні ў гістарычных крыніцах. Здаралася, мы адмаўлялі ва ўдзеле ў фэсце, бо якасць строяў удзельнікаў не адпавядала нашым стандартам. Калі разважаць пра фэст «Наш Грунвальд» 11 гадоў назад і сёння, то гэта цалкам розныя святы. Тады гэта быў збор рэканструктараў, якія ладзілі імпрэзу толькі для сябе. Я памятаю, што ў першы год у нас нават не было праграмы фестывалю, распісанай па гадзінах. Гэта была самадзейнасць. Сёння «Наш Грунвальд» — міжнародны фестываль, пра які ведаюць не толькі ў нашай краіне, СНД, але і за мяжой. Гэта магутны фэст высокага ўзроўню з яскравай канцэртнай праграмай «Баль пасля бітвы». Асноўная тэматыка музыкі — фолк, фолк-рок, фолк-метал.

Лідар heavy-metal гурта Aillion Канстанцін Дудараў:

— Гісторыя ўдзелу гурта ў фэсце «Наш Грунвальд» вельмі доўгая. Агранізатары — нашы даўнія сябры па рыцарскім руху. Арганізатар Аляксандр Рак, калі мы разам былі ў Ордэне Паўночнага Храма, быў маім збраяносцам (смяецца). Мы часта выступаем на падобных фэстах, а на гэтым — фактычна старажылы. Тым больш што на сцэне «Нашага Грунвальда» фактычна штогод выступаюць знакамітыя гурты, з імі заўсёды прыемна працаваць. Як, напрыклад, сёлета з Corvus Corax. Магу адзначыць, што фэст з кожным годам становіцца ўсё больш маштабным, разнастайным, прафесійным і стылёвым. Раней многае рабілася сваімі сіламі, на ўзроўні дылетанцтва, а сёння ён стаў сапраўды якасным. Асабліва мяне ўражваюць конныя турніры, не пастановачныя, а баявыя. Ды і ў цэлым бачу: узровень рэканструкцыі расце. Заўважыў, што рыцарскі рух нейкі час перажываў крызіс, але сёння ён зноў пачынае квітнець і пашырацца.

Вікторыя АСКЕРА

Фота аўтара і Алены ЛЯШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Пад грукат мячоў

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.