Вы тут

​Як на Гродзеншчыне клапоцяцца аб захаванні архітэктурных помнікаў


Рэгіён без перабольшвання можна назваць краінай замкаў. Тут іх канцэнтрацыя — самая вялікая ў Беларусі. А ўсяго занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў 700 аб'ектаў,  з іх палова — помнікі архітэктуры. І гэты спіс папаўняецца. Напрыклад, нядаўна яшчэ 35 аб'ектаў — цэркваў, касцёлаў, фамільных пахаванняў, будынкаў — рашэннем урада занесена ў нацыянальны рэестр.


Стары замак у Гродна. Фота Мікалая Лапіна.

Самыя знакавыя аб'екты праходзяць рэстаўрацыю, на што выдаткоўваюцца мільёны рублёў дзяржаўных сродкаў. Але ў краіне ідуць на гэта, каб захаваць багатую спадчыну, якая з'яўляецца як справай гонару, так і прывабным сродкам для турыстаў.

Аб тым, якая работа вядзецца ў рэгіёне ў гэтым кірунку, расказала начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена КЛІМОВІЧ.

Ад Мірскага замка да рэзідэнцыі караля ў Гродне

Мірскі замак — прыклад таго, як працуе старажытны комплекс на эканоміку краіны. Праўда, аб'ект мае рэспубліканскае падпарадкаванне, хоць знаходзіцца на тэрыторыі вобласці. У 2000 годзе Мірскі замак унесены ў Спіс помнікаў ЮНЕСКА. Гэта адбылося пасля таго, як комплекс прайшоў маштабную рэканструкцыю. Цяпер сюды ў год прыязджае да 300 тысяч турыстаў.

— А яшчэ гадоў 30 таму турыстычны паток быў невялікі, але ўсё змянілася пасля таго, як комплекс аднавілі. Сёння яго нават цяжка параўнаць з тым замкам, які быў у 70—80-я гады, — гэта каласальная розніца, — кажа Алена Клімовіч. — Цяпер гэта вялізны турыстычны комплекс, які папулярызуе нашу спадчыну, культуру. Тут ладзяцца вялікія фестывалі і святы, сюды любяць прыязджаць і беларусы, і замежнікі.

А галоўнае — комплекс працуе на эканоміку, расце прывабнасць не толькі рэгіёна, але і ўсёй краіны. І гэта пры тым, што пры рэканструкцыі гучала нямала крытыкі ў адрас новага праекта. Але прафесіянальны падыход перамог, і цяпер можна казаць аб тым, што ўкладзеныя дзяржаўныя сродкі сябе цалкам апраўдалі.

Нямала спрэчак выклікала і рэканструкцыя знакавай святыні — Старога каралеўскага замка ў Гродне. Праект быў «замарожаны» на доўгі час і некалькі гадоў таму нарэшце вярнуўся ў работу. Было вырашана прывесці замак у адпаведнасць з эпохай караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя. Пры ім будынак з шэрага абарончага комплексу ператварыўся ў велічны палац. Праўда, ненадоўга, бо войны і пажары зноў вярнулі яму від казармы. І вось зараз прыкладаюцца намаганні, каб замак прыняў аблічча каралеўскай рэзідэнцыі ХVІ стагоддзя.

Прыгажосць крыецца ў дэталях

Крэўскі замак. Фота БелТА.

Работы вядуцца некалькі гадоў. Выгляд замка ўсё больш набліжаецца да палаца. З'явіліся сцяна, вежа, галерэя, ён стаў вышэйшы. Зараз пачаўся важны этап — геральдычнае афармленне ўязной брамы. Пасля кансультацыі са спецыялістам па геральдыцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацавана прапанова размясціць на браме герб Вялікага Княства Літоўскага — Пагоню, Рэчы Паспалітай — двухгаловага арла і радавы герб Стафана Баторыя — зубы дракона. Праект прадстаўлены на разгляд у Міністэрства культуры.

— Была прапанова размясціць толькі радавы герб караля, без дзяржаўнай сімволікі, але гэта не зусім правільна, бо замак — не радавое гняздо, а дзяржаўная ўстанова, — падкрэсліла Алена Клімовіч.

Яшчэ адзін спрэчны момант — купал на вежы. На яго звярнулі ўвагу польскія спецыялісты, члены беларуска-польскай кансультатыўнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Яны прапануюць зрабіць купал больш выцягнутым і паменшыць яго памеры. Дарэчы, на спецыяльна створанай старонцы ў сацыяльных сетках таксама вядзецца абмеркаванне формы будучага купала.

— Мы працавалі па розных крыніцах — нямецкіх, польскіх. Але дакументаў мала, толькі гравюра Макоўскага. Наогул невядома, хто на самай справе быў архітэктарам палаца — італьянец Санці Гучы ці немец Ёзэф Ройтэн, — расказвае Алена Клімовіч. — Таму вывучаюцца аналагі. Мы прыслухоўваемся да думкі польскіх спецыялістаў, якія раяць паменшыць памеры купала і змяніць яго форму.

Паралельна вядзецца распрацоўка інтэр'ераў. Тут таксама патрэбна дасканаласць: які выгляд мела рашотка каля ўвахода, якія былі абрамленне столі, вокнаў, насценны жывапіс. Як выглядалі мэбля, люстры, каміны... Некаторыя дэталі пераймаюцца з падобных замкаў Літвы і Польшчы. Такім чынам удалося ўзнавіць — пакуль на паперы — алебастравую залу і каралеўскую лазню. Магчыма, да стварэння інтэр'ераў змогуць далучыцца польскія і венгерскія спецыялісты. Як вядома, Стафан Баторый быў па нацыянальнасці венграм.

— Усё гэта будзе ствараць музейную экспазіцыю, — заўважае суразмоўніца Алена Клімовіч. — Разам з узноўленым інтэр'ерам будуць прадстаўлены і археалагічныя знаходкі, таксама і тыя рэчы, якія ёсць цяпер у музеі Старога замка.

Дарэчы, раскопкі дазволілі выявіць, што аздабленне замка вялося з пясчаніку. Так робіцца і зараз, а сам выкапень прывозяць з Польшчы. У хуткім часе рэстаўратары прыступяць да абрамлення вокнаў і столяў. Для ўзнаўлення печаў ёсць намер прыцягнуць спецыяліста, які рабіў такі заказ у Мірскім і Нясвіжскім замках. У Гродне, праўда, будуць свая форма і свой малюнак.

Вядома, аднавіць такі аб'ект — справа не толькі доўгая, але і затратная. За гэты час выдаткавана 3,2 мільёна рублёў дзяржаўных сродкаў. Зараз выдзелена яшчэ 1,5 мільёна, палова з якіх таксама асвоена.

— Безумоўна, гэта дорага. Але калі прыняць да ўвагі, што ў турыстычна развітых краінах кожны дзясяты заняты ў гэтай сферы, атрымліваецца значная частка эканомікі. Але для таго, каб развіваць турызм, трэба мець пад сабой базу.

Паколькі Стары замак з'яўляецца адной з чатырох каралеўскіх рэзідэнцый, якія дайшлі з таго перыяду (тры з іх знаходзяцца ў Вільні, Варшаве і Кракаве), ідзе гаворка аб стварэнні адзінага міжнароднага турыстычнага маршруту па трох краінах. Усе палацы ў свой час прайшлі значную рэканструкцыю.

Трывалы падмурак Каложы

Каложа. Фота Анатоля Клешчука.

Некалькі гадоў таму самы старажытны аб'ект рэгіёна быў узяты пад кантроль дзяржавы. На рэканструкцыю Каложскай царквы з фонду Прэзідэнта было выдаткавана каля 200 тысяч рублёў. Значная частка сродкаў паступіла з абласнога бюджэту.

У выніку ўдалося ўмацаваць фундамент, надаць трываласць каркаснай канструкцыі і замяніць былую драўляную сцяну новай.

Знакаміты помнік ХІІ стагоддзя з'яўляецца ўзорам гродзенскай архітэктурнай школы. Ён хоць і дайшоў да нашых часоў, але некалькі разоў быў пад пагрозай знішчэння. А ўсё таму, што знаходзіцца на самым схіле Нёмана. Менавіта рака стала прычынай самага буйнога разбурэння падчас паводкі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Тады ў Нёман «спаўзла» значная частка будынка.

Цяпер драўляную сцяну, а гэта 180 «квадратаў», цалкам замянілі. Абшыўка выканана з тэрмамадыфікаванай хвоі — дрэва не баіцца ні вільгаці, ні марозаў, ні сонечных промняў. Такім чынам, аварыйны стан больш не пагражае канструкцыі храма.

— Стаіць пытанне, як захаваць аўтэнтычную сцяну, плінфу — тую самую старажытную кладку. Яна хоць і прастаяла 800 гадоў, але ў некаторых месцах цэгла сыплецца, таму ўзнікае пытанне: ці трэба яе пакрываць растворам? Ці не пашкодзіць яго састаў старажытную плінфу? Зараз гэта абмяркоўваецца спецыялістамі, — паведаміла Алена Клімовіч.

Магчыма, такія работы будуць весціся на асобных участках у якасці эксперымента з вывучэннем замежнага вопыту.

Дарэчы, падрыхтавана дасье для ўключэння помніка архітэктуры ў Спіс сусветнай спадычны ЮНЕСКА. Бо храм сапраўды ўнікальны. Калі зайсці ў яго, можна ўбачыць шмат цудоўнага. Гэта і шкляная падлога з падсветкай, пад якой бачны рэшткі старажытнага фундамента, і мазаіка расійскага мастака Віктара Васняцова, вядомага сваімі карцінамі «Алёнушка», «Асілкі», «Іван-царэвіч і шэры воўк». Калісьці мазаіка з выявай святых упрыгожвала сабор у Варшаве, але ў 20-х гадах ён быў разбураны, і фрагмент палатна трапіў у Каложу. Тут знаходзіцца вялікая ікона, якая была раней у Свята-Сафійскім саборы, вядомым як Фара Вітаўта. Лёс гэтага храма трагічны: у 1961 годзе яго ўзарвалі, частку прадметаў удалося выратаваць.

Многія гродзенцы ведаюць гісторыю стварэння дубовага іканастаса. Сродкі на яго ахвяраваў Уладзімір Мулявін, які часта прыязджаў у Гродна і заходзіў у храм. Дарэчы, у гэтым горадзе ён пазнаёміўся з трэцяй жонкай, якая адсюль родам.

— У храм часта прыходзяць турысты, мы іх сустракаем добразычліва, — кажа настаяцель Аляксандр БАЛОННІКАЎ. — Калі няма службы, я сам стараюся расказаць ім пра нашу ўнікальную святыню, адказаць на пытанні. Імкнёмся зрабіць усё, каб храм быў для гасцей горада і краіны месцам найлепшых уражанняў аб беларусах.

Гальшанская панна ці манах?

Ад велічнага некалі старажытнага замка Сапегаў у Гальшанах засталіся адны руіны. Але не ўсё страчана. Адна вуглавая вежа ўсё ж захавалася, і зараз тут вядуцца аднаўленчыя работы.

Вежа будуецца з той цэглы, якую знайшлі ў замку, адным з самых таямнічых старажытных аб'ектаў. Нездарма беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч абраў яго месцам дзеяння для свайго вядомага рамана «Чорны замак Альшанскі». Міжволі малюцца постаці панны і чорнага манаха... Алена Клімовіч вяртае да рэчаіснасці, але захоўвае інтрыгу.

— Вежа амаль завершана, вядзецца мантаж лесвіцы, па якой турысты змогуць трапіць унутр. Там з'явіцца музейная экспазіцыя ў тры ярусы. Задзейнічаюць і падвал. Менавіта тут з дапамогай сучасных тэхналогій мяркуецца стварыць тую атмасферу таямніцы, якая суправаджае гісторыю былога палаца. Таксама можна будзе даведацца аб асаблівасцях замка, убачыць яго макет. Асобны ярус будзе прысвечаны яго заснавальніку з роду Сапегаў, — кажа суразмоўніца.

Астатнюю частку Гальшанскага замка закансервуюць. Такі ж падыход чакае і руіны былога Крэўскага замка. Яго будаваў Гедымін для абароны ад тэўтонцаў. Разам з Навагрудкам і Лідай замак ствараў так званы Каменны пояс. На кансервацыю руін у Крэве, як і ў Гальшанах, выдзелены сродкі таксама з фонду Прэзідэнта.

Справа паступова рухаецца. Завяршылася кансервацыя паўночна-заходняй сцяны і распрацаваны праект на наступную. Такім чынам будуць узноўлены ўсе муры па перыметры, затым пачнуцца работы па Княжацкай вежы.

Прынцып узнаўлення такі: захаваць менавіта старыя муры, аўтэнтычную кладку. Цэгла вырабляецца ўручную, не патокам. Бо тут экспанаты — менавіта самі сцены замка, а не музейныя экспазіцыі.

Раённыя ўлады настроены на тое, каб максімальна задзейнічаць замак у турыстычных мэтах. Для гэтага распрацавана некалькі анімацыйных праграм, якія турысты могуць заказаць разам з экскурсіяй.

Лідскі замак. Фота Анатоля Клешчука.

Замак, Гедымін і культурная сталіца

Усё гэта — Ліда, якая ў 2020 годзе стане культурнай сталіцай Беларусі. А сёлета тут будзе ўстаноўлены шматметровы помнік заснавальніку горада і замка — князю Гедыміну. Сам замак, хоць і быў дабудаваны ў розныя часы, захаваўся ў добрым стане. Яго выгляд падкрэслены будаўніцтвам уязной вежы, дзе будзе створана музейная экспазіцыя.

Лідскі замак — адзін з самых папулярных па наведванні. Гэта звязана з самой пляцоўкай унутры замка, дзе праходзяць інтэрактыўныя экскурсіі, тэатралізаваныя прадстаўленні, пляцоўка запатрабавана для правядзення платных мерапрыемстваў. Танцы, конкурсы і выступленні рыцарскіх клубаў — прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў арганізацыі турыстычнай прывабнасці гістарычнага аб'екта.

У тэму

У рэгіёне імкнуцца знайсці гаспадароў былым панскім сядзібам. Такім чынам прыдбана сядзіба роду Сегеняў у вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна. Там вядуцца аднаўленчыя работы. У гэтым жа раёне ў Падароску добра ідзе справа па адраджэнні сядзібы Бохвіцаў. Абедзве сядзібы набылі расійскія бізнесмены і плануюць зрабіць з іх турыстычныя комплексы.

Велічны палац Умястоўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры — нейкім цудам захаваўся ў маленькай вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна. Не адразу, але з'явіліся зрухі ў аднаўленні палаца. Яго купіла мінская фірма, і тут вядуцца работы па даху. Ідзе распрацоўка праекта па рэканструкцыі будынка. І ўжо вясной на сядзібе прайшло свята з удзелам мясцовых жыхароў.

А вось сядзіба Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна пакуль без гаспадара. Яна таксама вельмі велічная, але патрабуе значных сродкаў. Расійскі бізнесмен, які ўзяўся за гэтую справу, не адолеў яе.Таму вядзецца работа па вяртанні будынка. Пытанне аб узнаўленні велічнага палаца застаецца адкрытым.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Рэнесанс краіны замкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».