Вы тут

Выдавецтва «Каўчэг» выпусціла паэтычны зборнік Казіміра Камейшы «Грыбное прыцяжэнне»


Многія чытачы яшчэ пад уражаннем кнігі Казіміра Камейшы «Высокі бераг», за якую летась ён быў уганараваны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Паэзія». А ўжо зноў можна далучыцца да яго творчасці. Маю на ўвазе не падборкі вершаў, што рэгулярна друкуюцца ў часопісе «Полымя», штотыднёвіку «ЛіМ», не яго празаічныя творы, а ўспаміны, літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Выдавецтва «Каўчэг» выпусціла паэтычны зборнік Казіміра Камейшы «Грыбное прыцяжэнне».


Да месца сказаць, што прыцяжэнне шмат у чым і ранейшае, стаўбцоўскае. Ці, як прамаўляюць землякі паэта, стаўпецкае. Пераважная большасць вершаў, як і тыя, што ўвайшлі ў «Высокі бераг», напісаны К. Камейшам у вёсцы Малыя Навікі. Цяпер гэта толькі некалькі хат. Сярод іх і тая, дзе будучы творца пабачыў свет. Пра гэта ён гаворыць у вершы «Плач»:

Снежнай ваеннай зімою

Мой плач нарадзіўся

Разам са мною,

Разам з крыкам і болем

Маці,

Разам з позіркам лямпы-газоўкі

У ціхае хаты.

У Малых Навіках ужо колькі гадоў Казімір Вікенцьевіч праводзіць не толькі лета. Стаўпецкае, маланавікоўскае прыцяжэнне не адпускае яго і вясной, і восенню. Часам прыязджае ў родныя пенаты і ўзімку. Навакольныя мясціны прыгожыя ва ўсе поры года. Пасля дакранання да гэтай непаўторнасці цёплыя хвалі замілавання саграваюць сэрца, абуджаюць светлыя думкі. Хоць часам становіцца і трывожна-роздумна, бо хутка бяжыць час, многае праходзіць незваротна. Пра гэта таксама хочацца пісаць. У бацькоўскую хату нязменна прыводзіць роднае, блізкае.

«Роднае» — так называецца і адзін з вершаў. Матывы ў ім шмат у чым знаёмыя, але ўражанне такое, быццам дакранаешся да ўсяго ўпершыню. Гэта адбываецца дзякуючы метафарычнай напоўненасці твора. Атрымаўся аб’ёмны малюнак, у якім тая праўда, на якую здатны толькі адкрыты і бязмежна шчыры чалавек:

У бацькоўскай хаце, пры гары,

Век я свой сялянскі дажываю,

І гарод, нібы кажух стары,

Ніткай гарбузовай зашываю.

Дужыя у пушчы ў нас вятры.

Хоць шалеюць, любяць непакорных.

Пры гары жыву я, пры бары,

Пры двары, таму даўно — прыгонны.

Надзіва свежа гучыць і гэта: «Слуцкім поясам дарогі / Тчэцца даўні прыпамін», «Сонца позняй журавінкай / Пакацілася за бор…» («Журавінавы кірмаш»). А якое трэба мець майстэрства, каб так па-свойму сказаць пра небяспеку, што нясе з сабой цывілізацыя: «Смутку нам не малавата /, Ты не вер у гэты зман. / Зноў нясе свой грозны атам / Новы век. Як АТАМ-ан». («*** Смутку нам не малавата…»)

Уражваюць адзор’і. Гэта аўтарскі наватвор Казіміра Камейшы. Можна сказаць — і наважанр. «Адзор’і» — так называўся і адзін з яго паэтычных зборнікаў. Адзор’і — гэта як чаргаві Ганада Чарказяна. Таксама чатырохрадкоўі. Каб напісаць такія празаічныя мініяцюры, трэба валодаць вялікім майстэрствам! Далёка не кожнаму ўдасца пры лаканічнасці, нешматслоўнасці дасягнуць такой канцэнтрацыі думкі. Тым больш афарыстычнасці. А яна ў К. Камейшы, як і ў Г. Чарказяна, навідавоку. Не чужы яму і гумар: «Маё зямное суцяшэнне — / Блукаць па роднае зямлі, / Дзе ёсць грыбное прыцяжэнне… / Калі б яшчэ грыбы раслі!...»; «У гэтае музычнае грамадзе/ І ён як быццам не чужым лічыўся: / Свой век каля музыкаў прасядзеў, / Дык барабаніць крыху навучыўся». Тонкім гумарам прасякнуты і асобныя вершы «Грыбнога прыцяжэння».

Паэзія К. Камейшы сонечная сваёй настраёвасцю, заглыбленая філасофскай напоўненасцю, прасякнутая дзіўнай меладычнасцю. Лепшыя радкі гучаць той мелодыяй, нібы музыка. Яна не пакідае абыякавым, бо тут часта знаходзіш водгалас сваіх пачуццяў — ад захаплення чымсьці да засяроджання ў сабе, калі хочацца заставацца сам-насам з уласнымі думкамі, пачуццямі.

Лірычны герой паэта з тых людзей, якія праз гады праносяць чысціню пачуццяў. У гэтым упэўніваешся, чытаючы яго вершы пра каханне. Прамоўленае ўспрымаецца як споведзь праз гады і адлегласці, калі гучыць шкадаванне аб страчаным назаўсёды («Няма даўно, я ж бачу, і ў паміне// Слядоў тваіх ля берага майго»), так і радасцю ад таго, што жыццё не проста працягваецца. Яно набыло новы сэнс з-за таго, што знайшоўся чалавек, якога кахаеш нават больш, чым у маладосці. Найбольш гэта праяўляецца ў безназоўным вершыпрысвячэнні А. А.:

Не, не далёка, за нейкаю дымкай,

Блізка, і ўсё не прыснілася ў сне:

Птушкай кідалася ты у абдымкі

І раставала ў іх лёгка, як снег.

Часам даймаюць і спёка, і ліўні,

Ды не самотна пад дахам адным.

Снежню не горача ў сонечным жніўні,

Жніўню не холадна ў снежні маім.

Калі ж хораша, то хораша ва ўсім. Таму і замілаванне прыродай не перашкаджае лірычнаму герою згадаць і тую, якая сабою ўвасабляе ўвесь свет: «Кажуць, што казка гэта. / Ноч пабяліла вярсту. / Белым, халодным цветам / Бровы твае цвітуць. / Срэбрам махнатым інею / Цвітуць і бор мой, і двор. / Казку зіма пакіне мне / У сеіве сінім зор» («Зімовае»).

Глыбокі сэнс набывае заключная страфа верша «Узрост»:

Дарога дзён пражытых не вяртае,

Хады яе не варта суцішаць.

Ды толькі ўсё, чаго душа жадае,

Няхай і мае добрая душа!..

Чытацкая душа жадае сапраўднай паэзіі. Такой, якая нараджаецца з-пад пяра Казіміра Камейшы. А пацвярджэнне гэтага — яго «Грыбное прыцяжэнне».

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.