Вы тут

Лясная галіна павінна выйсці на самафінансаванне


Лясная галіна павінна выйсці на самафінансаванне, лічаць у Дзяржкантролі Гродзенскай вобласці

І для гэтага ёсць нямала падстаў. У рэгіёне добра вядзецца работа па ўзнаўленні лясоў, нарыхтоўцы і вытворчасці драўніны, экспартных пастаўках. Разам з тым галіна па-ранейшаму фінансуецца з бюджэту. У КДК праверылі, ці эфектыўна выкарыстоўваюцца дзяржаўныя сродкі і дзе лясгасы недапрацоўваюць.


Сапраўды, многія планавыя паказчыкі лясгасы нават перавыконваюць. Значна павялічылася за мінулы год плошча лесаўзнаўлення. На 121 % больш за план нарыхтавана драўніны, лясгасы забяспечаны шматаперацыйнай тэхнікай. І ўсё ж праверка выявіла значныя хібы ў рабоце лесагаспадарчых устаноў. Іх аказалася не так і мала.

— Лясной галіне не выпадкова аддаецца столькі ўвагі, — падкрэсліў падчас калегіі старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка. — Амаль палова плошчы нашай краіны занята лясамі. Гэта аснова для паспяховага развіцця многіх сфер народнай гаспадаркі. І ў цэлым сама лясная галіна — прыбытковая. Ёсць шэраг даручэнняў Прэзідэнта па павышэнні эфектыўнасці работы лесагаспадарчых устаноў. Што датычыцца Гродзенскай вобласці, тут дзяржаўная праграма развіцця галіны выконваецца, разам з тым выяўлены шэраг праблемных пытанняў, якія патрабуць абмеркавання і прыняцця адпаведных мер.

У КДК звярнулі ўвагу, як выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкі. Аказалася, што больш за 70 тысяч рублёў летась выкарыстаны не па прызначэнні. Неабгрунтавана заніжаецца цана на рэалізаваную прадукцыю, што адбіваецца на атрыманай выручцы. Некаторыя лясгасы вялі бухгалтэрыю неналежным чынам, што прывяло да скажэння налічэння падаткаў. Выяўлены факты рэалізацыі драўніны па біржавых дагаворах без папярэдняй аплаты.

Па выніках праверкі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 80 работнікаў лясгасаў, якія заплацілі штраф у памеры 10 тысяч рублёў, на такую ж суму накладзены спагнанні на суб'екты гаспадарання.

Дзве крымінальныя справы заведзены па двух лясгасах рэгіёна, якія рэалізавалі прадукцыю без біржавых таргоў. У адным з іх — Смаргонскім вопытным лясгасе — выяўлены і іншыя парушэнні. У прыватнасці, у затраты на вытворчасць прадукцыі была ўключана амартызацыя ліній, якія прастойвалі. Увогуле ў КДК звярнулі ўвагу на стаўленне да сваіх службовых абавязкаў усёй вертыкалі лясгаса, бо сітуацыя тут не стабілізуецца ўжо некалькі гадоў.

Самым абуральным з'яўляецца парушэнне ляснога заканадаўства самімі работнікамі лясгасаў. Гродзенскай абласной інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі выяўлены факт вырабу самагону лесніком і яго жонкай у гушчары, дзе для гэтых мэт вялася незаконная высечка.

Усяго аб'ём незаконна ссечанай драўніны ляснога фонда склаў 204 кубаметры, што ў грашовым эквіваленце складае 32 тысячы рублёў. За парушэнне ляснога заканадаўства сёлета прыцягнута да адказнасці 51 службовая асоба і сем арганізацый. Ёсць факты самавольнага захопу зямель ляснога фонду, у прыватнасці стварэння вадаёмаў. За пяць гадоў шкода склала больш за 220 тысяч долараў. Гэтага можна было б пазбегнуць, калі б быў належны кантроль з боку кіраўніцтва лясгасаў, лічаць у інспекцыі.

Між тым у многіх краінах лясная галіна з'яўляецца прыбытковай. Па гэтым шляху варта ісці і беларускім лесагаспадарчым установам. Пакуль у нашай краіне існуе дзяржаўнае фінансаванне. У КДК ставяць мэту — павялічыць эфект бюджэтных сродкаў і максімальна паменшыць іх выкарыстанне — каб лесагаспадарчыя аб'яднанні перайшлі на самафінансаванне, самі зараблялі сродкі і адмовіліся ад бюджэтнай падтрымкі.

— У Гродзенскай вобласці 11 лясгасаў, — кажа начальнік аддзела Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Дабрук. — Каб выходзіць на прыбытак, трэба займацца максімальнай перапрацоўкай лесу, як таго патрабуе кіраўнік дзяржавы.

Вядома, гэта справа не такая хуткая. Пакуль краіна пастаўляе на экспарт саму драўніну. Але ў кожнай краіне больш зарабляе той, хто прадае не сыравіну, а гатовы тавар. Па словах спецыяліста КДК, варта максімальна павялічыць глыбіню перапрацоўкі.

На прыбытак будзе працаваць і сістэма аўтаматызаванага ўліку драўніны, якая ўкараняецца ў краіне. На думку спецыялістаў, такая сістэма дазволіць прадухіліць вываз драўніны па «шэрых» схемах, а таксама крадзяжы, зробіць дзейнасць лесанарыхтовак больш празрыстай — працэс будзе поўнасцю пад кантролем. Гродзенскі лясгас — адна з некалькіх лесагаспадарчых устаноў рэспублікі, якія павінны стварыць у эксперыментальным парадку макет электроннага ўліку драўніны. Аднак працэс гэты ідзе марудна, установай не праведзена ў поўнай ступені тэсціраванне ўсяго макета — выпрабаваны толькі некаторыя яго прыкладанні, у прыватнасці, нарыхтоўка драўніны. А вось ужо ўлік драўніны не ўсюды забяспечваецца ў электронным варыянце. Між тым сістэму плануецца масава ўкараніць да 2021 года.

Дадатковым рэзервам могуць стаць базы паляўнічых гаспадарак. Пакуль яны неэфектыўна выкарыстоўваюцца для прыцягвання замежных турыстаў: не ўдасканальваюцца інтэрнэт-сайты лесагаспадарчых устаноў, у прыватнасці, няма інфармацыі на замежных мовах аб паслугах, іх кошце, арганізацыі харчавання, арэндзе турыстычнага і спартыўнага інвентару, пражыванні ў паляўнічым комплексе.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Працаваць з прыбыткам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».