Вы тут

«Байцоўскі клуб» можна пабачыць на вялікім экране


І хаос надыходзіць пад заліхвацкую рок-песню «Where іs my mіnd?» — фінальная сцэна фільма «Байцоўскі клуб» стала культавай, як і сама карціна, як і яе рэжысёр Дэвід Фінчар, як і пісьменнік Чак Паланік, чыя аднайменная кніга лягла ў аснову сюжэта. Упэўнена, што большасць аматараў глядзела найвядомейшы фільм канца мінулага тысячагоддзя на касетах або дысках, але з нагоды дваццацігоддзя стужкі кінатэатры прапануюць убачыць «Байцоўскі клуб» на вялікім экране. Сонны позірк Эдварда Нортана, ліхія павароты Брэда Піта і адно з самых трапных выказванняў аб крызісе капіталістычнага ўладкавання — у сталічным пракаце да 7 жніўня.


Усё агортваецца цемрай — і больш за дзве гадзіны хронаметражу (амаль што цалкам), і канец тысячагоддзя (сімвалічна). Чак Паланік і, адпаведна, Дэвід Фінчар адгукаюцца на сытасць грамадства спажывання, якая аказваецца не такім безумоўным шчасцем, як можа здавацца. Хоць сытасць тут, канешне, — надта абагульненае і спрошчанае слова, Жан Бадрыяр пакруціў бы галавой. Характарыстыка соцыуму з'яўляецца куды больш мудрагелістай, і ў соцыума праблемы.

«Белы каўнерык» становіцца галоўным героем — не толькі фільма, але і сучаснасці; карпарацыі набываюць такую вагу, што іх імёнамі час запаўняць адкрыты космас — галактыка Майкрасофт і планета Старбакс; замест захопленасці эротыкай людзі сталі зачытвацца каталогамі тавараў. У гэтым упарадкаваным, чыстым, задаволеным свеце ўзнікае дэфіцыт эмоцый, таму яго трэба «падарваць» і вярнуцца да нуля — свет мусіць прыйсці да быццам лагічнага самаразбурэння.

Увогуле, «Байцоўскі клуб» — той выпадак, калі, што называецца, і вашым і нашым, то-бок і масам, і патрабавальнаму гледачу: надзвычайная эстэтыка, жартаўлівыя сцэны, інтрыга неразумення, кантраст паміж персанажамі, крытычны погляд на сучаснасць заграбаюць у сваю «секту» ўсіх. Фільм пераглядаюць, разбіраюць на цытаты, адкладваюць незабыўныя эпізоды — праўда, гэта адна з самых кінагенічных карцін 1990-х (чаго вартая фінальная сцэна) і адна з самых сэнсава насычаных.

Нагадаю, галоўны герой — Расказчык — пакутуе ад бяссонніцы і знаходзіць выратаванне толькі ў сходах хворых, дзе людзі дзеляцца сваімі перажываннямі і праяўляюць моцныя эмоцыі, але ў рэшце рэшт гэта перастае дапамагаць. У адной са сваіх рабочых паездак — яго работа таксама становіцца знакам часу, бо адлюстроўвае цынізм буйных арганізацый і абыякавасць да жыццяў сваіх кліентаў, зрэшты, фільм шмат што абясцэньвае — Расказчык сустракае неардынарнага Тайлера Дзёрдана.

З ірацыянальнага жадання зрабіць балюча самому сабе яны разам засноўваюць Байцоўскі клуб, той самы, першае правіла якога «нікому не казаць пра Байцоўскі клуб», а другое — «увогуле не казаць пра Байцоўскі клуб». Гледзячы па тым, якіх памераў дасягнула гэта арганізацыя, свет і праўда стаў гатовы да самаразбурэння.

Тое, што адбываецца ў фільме, паказвае жаданне абвергнуць сталую цывілізацыю і стварыць іранічныя жарты на яе прыкметах. Усё насуперак, з адмаўленнем, згодна з уласнай філасофіяй. Новы спосаб жыць па Тайлеру Дзёрдану прадугледжвае татальнае перафарміраванне свядомасці: чалавек адсоўвае ўвагу ад даброт жыцця, больш не гоніцца за спажываннем, не іграе ў гульні вялікіх карпарацый і атрымлівае... свабоду. Расказчык пераязджае ў закінуты дом, перастае глядзець тэлебачанне, забывае пра былыя каштоўнасці, прадае жанчынам іх уласны тлушч і ў рэшце рэшт удзельнічае ў нечым такім, што мае мэтай даць свабоду мільярдам іншых.

Самы дзёрзкі акт чалавечай, але з замашкамі божай, волі здзяйсняецца ў паўсне і з уласцівымі снам нестыкоўкамі і незразумеласцямі — цяпер вы ўяўляеце, да чаго можа давесці нуда і «страшэннае разрастанне бескарысных тканак». Спажыванне, офісы, кашулі ад Calvіn Kleіn, буйныя карпарацыі, новая мэбля — усё ідзе да чорта, калі на першае месца выходзяць адсутнасць надзей, клопату пра тое, што адбываецца ці адбудзецца, і поўнае вызваленне ад прагі росквіту. Не росквіт мае значэнне, а разбурэнне. І гэты культавы, расцягнуты на любімыя эпізоды маніфест аб грамадстве спажывання, між іншым, створаны буйной кінакампаніяй за 63 мільёны долараў.

Паказы «Байцоўскага клуба» ўжо прайшлі ў кінатэатрах «Мір», «Цэнтральны», «Піянер», «Ракета» і працягваюцца ў «Беларусі» і Falcon Club Буцік Кіно.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.