Вы тут

Як засцерагчыся ад фальшывых грошай?


Нягледзячы на тое што ў краіне поўным ходам укараняюцца безнаяўныя плацяжы, фальшываманецтва адыходзіць у гісторыю не жадае. Артыкул 221 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае даволі строгае пакаранне за самавольны выраб, захоўванне або наўмысны збыт такіх грошай. За гэта можна адправіцца ў не вельмі аддаленыя месцы на тэрмін да сямі гадоў. Калі ж фальшываманецтва паўторнае або здзейснена групай зламыснікаў, то санкцыя ўзмацняецца да 15 гадоў. І ўсё роўна знаходзяцца людзі, якія друкуюць грошы на прынтарах, а пасля ідуць з імі ў краму.


— Пластыкавыя карткі ўсё-такі дапамаглі зменшыць колькасць фактаў падробленых грошай. Напрыклад, у 2006 годзе супрацоўнікі аддзелаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі выкрылі 2800 такіх фактаў. А ўжо летась іх было каля 800. За першае паўгоддзе гэтага года несапраўдныя грошы намагаліся збыць 320 разоў. Прыкладна два разы на дзень, — заўважае старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Дзмітрый Лагун. — Сваю лепту ў паляпшэнне сітуацыі ўносіць і паступовае ўдасканаленне ступеняў абароны грошай. Над гэтым мы пастаянна працуем сумесна з Нацыянальным банкам. Ды і мы ўвесь час нагадваем пра асноўныя прыкметы падробленых грошай, якія можна распазнаць нават без спецыяльных дэтэктараў: адсутнасці рэльефнасці, абарончых ніцяў, мікратэксту.

— Але якая валюта часцей за ўсё падрабляецца ў нашай краіне?

— Тут трэба размежаваць два паняцці. Што да фактаў збыту, то пераважная большасць прыпадае на даўно звыклую нам трыяду замежных валют — долараў ЗША, еўра і расійскіх рублёў. У долараў — сумная пальма першынства. Падробленыя амерыканскія грошы выяўляліся за першае паўгоддзе 135 разоў. Наміналы, як правіла, буйныя — 100 і 50, радзей 20 долараў. «Адзінкі», «двойкі», «пяцёркі» і «дзясяткі» падрабляюцца рэдка. Для злачынцы выгадней атрымаць максімальны прыбытак пры мінімуме высілкаў, таму стадоларавая купюра будзе для яго больш прывабнай, чым аднадоларавая. Да таго ж гістарычна склалася, што буйныя наміналы часцей за ўсё адпраўляюцца ў доўгатэрміновыя «схроны», калі чалавек па нейкіх прычынах не адкрывае ўклад у банку. Але калі ўзяць факты вырабу, то фальшывыя купюры з партрэтамі заакіянскіх прэзідэнтаў сходзяць з друкарскіх станкоў па-за межамі нашай краіны.

Тое ж самае датычыцца еўра. Падробка такіх грошай вымагае значных рэсурсаў і пастаяннага ўдасканалення тэхналогій. З расійскімі рублямі сітуацыя крыху іншая — іх, як правіла, падрабляюць унутры самой Расіі. Сляды раз-пораз вядуць у рэспублікі Паўночнага Каўказа... Дарэчы, фальшывыя разліковыя білеты Цэнтрабанка сёлета выяўляліся 101 раз. Як і ў выпадку з доларамі, гэта буйны намінал — 1000 і 5000 рублёў. Як правіла, купюры такой вартасці прывозяць у Беларусь, вяртаючыся з заробкаў.

На трэцім месцы ў злачынным рэйтынгу — еўра. На долю падробак купюр Еўрацэнтрабанка прыпадае 19 працэнтаў. Часцей за ўсё гэта 50, 100, 200 і 500 еўра. Апошні намінал тым больш цікавы, што ў еўразоне яшчэ летась быў спынены выпуск новых 500-еўравых купюр. Колькасць тых, што знаходзяцца ў абарачэнні дагэтуль, імкліва скарачаецца. Звязана гэта з тым, што банкноты гэтага наміналу пасля пападання ў банк, у тым ліку і шляхам інкасацыі з гандлёвых пунктаў, назад ужо не вернуцца. Ну а рэшту выдаць самым буйным наміналам, натуральна, немагчыма. Таму сапраўдныя 500-еўравыя купюры зусім хутка стануць рарытэтам.

Але гэтая купюра, відавочна, у фаворы ў замежных фальшываманетчыкаў. Літаральна зусім нядаўна ў Беларусі было выяўлена некалькі такіх несапраўдных банкнотаў. Двое грамадзян Казахстана прыехалі ў Беларусь з вялікай сумай грошай. Частку яны адклалі на гульню ў казіно, частку — на набыццё аўтамабіля. Мэты цалкам законныя, а вось 500-еўравыя купюры, з якімі яны пайшлі ў банк, аказаліся падробленымі.

— А калі ўзяць менш распаўсюджаныя валюты — фунты, франкі, кроны?

— На долю такіх падробак даводзіцца не больш за паўтара працэнта, — працягвае суразмоўца. — Яно і зразумела: калі гістарычна склалася, што сродак накаплення наяўных грошай у замежнай валюце — гэта долар і радзей еўра, то каму патрэбны, напрыклад, чэшскія кроны, брытанскія фунты стэрлінгаў або швейцарскія франкі? Іх далёка не ў кожным банку здасі. А так падчас абмену валюты сёлета тройчы выяўляліся «левыя» кітайскія юані. Па адным факце даводзіцца на долю ўкраінскіх грыўняў і фунтаў стэрлінгаў.

Цікава ведаць

Ды і як сродак накаплення грошай малараспаўсюджаныя валюты даволі рызыкоўныя. Напрыклад, Вялікабрытанія ў гэтым дзесяцігоддзі мяняла банкноты вартасцю 20 і 50 фунтаў. Час на прыём старых грашовых знакаў быў даволі абмежаваны (усяго некалькі месяцаў), ну а надалей іх можна было здаць толькі непасрэдна ў Банк Англіі. Інакш гэтыя грошы ператвараліся проста ў прыгожыя паперкі, якія, магчыма, калі-небудзь зацікавяць прыватных калекцыянераў.

— Але такая сітуацыя можа быць з кожным. Скажам, чалавек ездзіў у тую ж Вялікабрытанію, дзе нешта набываў. І калі яму нядобрасумленны прадавец даў у якасці рэшты фальшывую купюру, то адкуль жа ён будзе ведаць ступені абароны фунта стэрлінгаў? Ён іх, можа, першы раз і ў руках трымае. Ці вось узяць нядаўні выпадак у Гродне. На вяселле людзям падарылі, як гэта водзіцца, грошы. Наваспечаны муж панёс 100-доларавую купюру ў абменнік, а яна аказалася падробленай.

— Падчас кваліфікацыі фальшываманецтва пад увагу бярэцца намер асобы. Калі чалавек усведамляе, што нясе падроблены банкнот, то за гэта адказнасць надыходзіць. А калі вы, скажам, знайшлі ў кніжнай шафе «заначку» ад старэйшага пакалення, сярод якой аказалася адна фальшывая купюра, то ў ход уступае тэрмін «добрасумленны збытчык». Гэта значыць, што вы не займаліся падробкай грошай і не ведалі пра тое, што купюры несапраўдныя. У нас быў выпадак, калі чалавек прынёс у банк здаваць 30 тысяч долараў наяўнымі, якія засталіся ў спадчыну ад памерлага бацькі, а адна з банкнот аказалася «намаляванай». Але па факце збыту ўсё роўна была заведзена крымінальная справа, а добрасумленны збытчык праходзіў у якасці сведкі. Самае галоўнае, што патрабуецца ў гэтым выпадку, — расказаць усё як ёсць праваахоўным органам. Магчыма, менавіта дзякуючы вашым сведчанням будзе зразумелы ланцужок руху падробленай купюры.

Прычым варта зазначыць, што падробкі бываюць не толькі поўныя, але і частковыя. Напрыклад, у нас быў выпадак, калі зламыснік прыклеіў да пяцідоларавай купюры раздрукаваны нулік і панёс здаваць наваспечаны банкнот у 50 долараў у банк. Намінал лёгкім рухам рукі быў павялічаны ў дзесяць разоў, а заадно ён зарабіў сабе тэрмін у месцах адбыцця пакарання.

— А наколькі часта падрабляюцца беларускія рублі?

— Працэнт такіх фальшывак нязначны і складае ад трох да пяці. Гэта датычыцца як часу да дэнамінацыі, так і цяперашняй сітуацыі. Ды і самі «падпольныя» беларускія рублі вельмі няякасныя. Так званых суперпадробак, як гэта бывае з замежнай валютай, вырабленай на высокапрафесійным абсталяванні, мы не сустракалі. Звычайна зламыснікі выкарыстоўваюць просты бытавы прынтар. Падрабляюцца самыя хадавыя купюры наміналам 10, 20 і 50 рублёў. Псіхалогія зламысніка простая: як мага хутчэй збыць купюру ў месцы, дзе яе не будуць спачатку вельмі пільна правяраць, і атрымаць у якасці рэшты сапраўдныя грошы. Купюры наміналам 100, 200 і тым больш 500 рублёў у нас на дадзеным этапе вельмі рэдкія і адразу прыцягнуць дадатковую ўвагу прадаўцоў ці кіроўцаў у транспарце.

У пачатку 2017 года ў Мінску былі зарэгістраваны факты збыту няўсталяванымі асобамі падробленых купюр наміналам 20 рублёў. Іх знаходзілі падчас пералічвання выручкі ў кіёсках «Мінсктранса», у крамах, маршрутных таксі. Адну фальшыўку прынёс нават пенсіянер, які прадаваў сваю гародніну на рынку. Было заведзена ажно 25 крымінальных спраў. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама высветлілі дзвюх асоб, якія займаліся вырабам і збытам фальшывых рублёў. Суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў іх да вялікіх тэрмінаў: аднаго злачынца да сямі гадоў і аднаго месяца ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, другога — да чатырох гадоў такога ж рэжыму, яго маёмасць таксама была канфіскавана.

— А ці можа касір у абменніку «прапусціць» фальшывую валюту, якая потым трапіць у банк?

— Сістэма абароны ад гэтага ў банку шматузроўневая. Валюту яшчэ будзе чакаць некалькі праверак. Ды і ў самога касіра стаіць спецыяльны апарат, які дазваляе адразу праверыць, ці сапраўдную купюру працягнулі яму ў акенца.

Пры гэтым цікава, што агульны намінал падробак, здадзеных за раз, вельмі рэдка перавышае 200 долараў.

— Калі згадаць «Старога Хатабыча», то там апісана сцэна, як чараўнік стварыў сто тысяч долараў з адным і тым жа нумарам...

— Такія купюры выяўляюцца рэгулярна. Тут ўся справа ў тэхналагічным працэсе. Паколькі падробка долараў і еўра пастаўлена замежнымі групоўкамі ледзь не на прамысловы ўзровень, то яны выкарыстоўваюць адно і тое ж клішэ, каб паскорыць працэс. Зусім як у тыпаграфіі. І з такім клішэ друкуецца шмат падробленых купюр. Яны пасля ўкідваюцца ў абарачэнне ў розных месцах. Але колькасць банкнотаў у такой партыі, вядома, вялікая. Дзве купюры з аднолькавымі нумарамі могуць спакойна апынуцца на тэрыторыі адной краіны. І нават больш за тое — нам вядомы выпадак, калі яны адначасова аказаліся ў кашальку аднаго і таго ж чалавека.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.