Вы тут

Перспектывы двухбаковых стасункаў у гуманітарнай сферы абмеркавалі ўдзельнікі беларуска-ўзбекскага форуму


Перспектывы двухбаковых стасункаў у гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і навуковай сферах абмеркавалі ўдзельнікі форуму на базе НАН Беларусі

Мадэратарамі работы тэматычнай секцыі з беларускага боку выступілі старшыні профільных камісій Савета Рэспублікі Сяргей Рахманаў і Віктар Сірэнка, з узбекскага — старшыня камітэта Сената Олій Мажліса па пытаннях навукі, адукацыі і аховы здароўя Зайнідзін Нізамхаджаеў.


Пляцоўка для канструктыўнага дыялогу

Цэлы шэраг прарыўных праектаў на карысць эканомік і народаў дзвюх краін можна рэалізоўваць, аб'яднаўшы навуковы і вытворчы задзел Беларусі і Узбекістана. Гэтая думка гучала неаднаразова ў выступленнях спікераў, у рамках работы тэматычнай секцыі.

Як адзначыў Зайнідзін Нізамхаджаеў, форум з'яўляецца выдатнай пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу дзвюх краін. Вынікам рэформаў, якія право-дзяцца ва Узбекістане, паводле яго слоў, становіцца пашырэнне супрацоўніцтва з многімі краінамі, асабліва з тымі, што ўваходзяць у СНД. За кароткі прамежак часу на самым высокім узроўні ўдалося дамовіцца аб развіцці з Беларуссю парламенцкіх адносін, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіцці атамнай энергетыкі, а таксама культурна-гуманітарнай сферы. Так, Гандлёва-прамысловай палатай у 2018 годзе былі падпісаны дагаворы па дзевяці кірунках на агульную суму больш за 14 мільёнаў долараў.

— Сённяшні форум, скіраваны на развіццё супрацоўніцтва ў гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і навуковай сферах, пашырэнне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, стане плённым як для Узбекістана, так і для Беларусі, — выказаў упэўненасць узбекскі парламентарый.

Ужо сёння рэалізуецца шэраг сумесных праектаў у розных кірунках дзейнасці. Як расказаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, 15 сумесных праектаў ужо прынятыя да фінансавання, 11 з іх па матэрыялазнаўстве, біялогіі, фізіцы і іншых галінах, дзе задзейнічаны айчынныя арганізацыі НАН. Праводзяцца і асобныя кірункі ў рамках рэалізацыі дарожнай карты супрацоўніцтва: напрыклад, па стварэнні на тэрыторыі Узбекістана сучаснай МТФ на 1000 галоў жывёлы, уключэнні васьмі сартоў бульбы беларускай селекцыі ў дзяржаўны рэестр гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны, выкарыстанні магчымасцяў беспілотных лятальных апаратаў, напрацовак у галіне фармацэўтыкі і ў іншых сферах дзейнасці.

Больш падрабязна пра развіццё навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферы ў нашай краіне паведаміў намеснік старшыні Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Сяргей Шчарбакоў. Інавацыйная інфраструктура ў Беларусі актыўна развіваецца. Сёння яна складаецца з 16 навукова-тэхнічных паркаў, дзевяці цэнтраў трансферу тэхналогій, навукова-вытворчых цэнтраў і холдынгаў у структуры НАН і галіновых міністэрстваў. Штогод у нашай краіне ствараецца тры-пяць інавацый сусветнага ўзроўню. Якія значныя інавацыйныя распрацоўкі можна вылучыць?

Напрыклад, дзевяць беларускіх фізікаў уваходзяць у лік суаўтараў адкрыцця базона Хігса. Гэта адно са значных дасягненняў сучаснай фундаментальнай фізікі. Распрацавана ўнікальная сістэма для вызначэння канцэнтрацыі праанкагену ва ўзорах тканак у рэжыме рэальнага часу. Штучны сардэчны клапан сусветнага класа, кошт якога ў пяць разоў меншы за кошт аналагаў, створаны ў Беларусі. Ёсць і іншыя значныя распрацоўкі.

Штучны інтэлект спатрэбіцца...

Вельмі плённай з узаемнага пункту гледжання бачыцца сумесная работа ў ІТ-сферы. Як расказаў генеральны дырэктар Тэхналагічнага парка праграмных прадуктаў і інфармацыйных тэхналогій Фархід Ібрагімаў, у краіне створаны беспрэцэдэнтныя меры па прыцягненні замежных партнёраў у якасці рэзідэнтаў ІТ-парка. У прыватнасці, падаходны падатак у памеры 7,5 %, нулявы карпаратыўны падатак, адсутнасць адзіных сацыяльных выплат, магчымасць разлічвацца з працаўнікамі ў замежнай валюце, а таксама адсутнасць мытных плацяжоў пры імпарце тавараў для ўласных патрэб.

У сваю чаргу дырэктар па развіцці бізнесу кампаніі ІnData Labs Сяргей Рабатай падзяліўся вопытам работы кампаніі ў вобласці штучнага інтэлекту. На сённяшні дзень беларуская каманда распрацоўвае розныя рашэнні, якія дазваляюць у лічаныя долі секунды аналізаваць велізарную колькасць даных, што дапамагае заказчыку правільна выбіраць бізнес-мадэль паводзін і ўплывае на павелічэнне прыбытку кліента. Спецыялісты кампаніі могуць прапанаваць унікальныя праекты па такіх кірунках дзейнасці, як камп'ютарны зрок (пабудова трохмерных малюнкаў), работа з мовай (галасавым памочнікам), работа з натуральным тэкстам і магчымасць з дапамогай наяўных даных будаваць мадэль паводзін.

— 33 мільёны чалавек (насельніцтва Узбекістана. — Аўт.) — гэта велізарная колькасць даных, з якімі можна працаваць і рабіць цікавыя рашэнні, — ацаніў ён перспектыву магчымых сумесных праектаў.

Будучыня — за ведамі!

Перспектывы ў сферы адукацыі прадставіў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш. Імпульсам да супрацоўніцтва, паводле яго слоў, паслужыла падпісанне адпаведнага дагавора паміж БДУІР і Ташкенцкім універсітэтам інфармацыйных тэхналогій, які лёг у аснову стварэння сумеснага факультэта. Больш за 200 узбекскіх студэнтаў з 1 верасня будзе вучыцца па схеме «2+2» (2 гады ва Узбекістане, 2 — у Беларусі).

Акрамя таго, узбекскі бок праяўляе цікавасць да беларускага вопыту Акадэміі інфарматыкі для школьнікаў, які рэалізуецца ва ўніверсітэце. На думку рэктара, бакі маглі б выйсці на сумесныя навукаёмістыя праекты.

Унікальным вопытам работы міжнароднага ўніверсітэта з удзельнікамі пасяджэння падзяліўся Музафар Джалалаў, рэктар універсітэта Інха ў Ташкенце. Гэта першая карэйская ВНУ, якая функцыянуе за межамі Карэі і рыхтуе спецыялістаў ІТ-профілю. За пяць гадоў існавання ўніверсітэта колькасць студэнтаў павялічылася амаль у 11 разоў: са 120 да 1300 чалавек.

Паводле яго слоў, развіццю сферы адукацыі ў краіне аддаецца вялікая ўвага: за апошнія гады колькасць ВНУ вырасла на траціну і склала 111, з іх каля 20 даюць адукацыю міжнароднага ўзору, каля 25 — у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

У сваю чаргу, рэктар Беларускай акадэміі сувязі Андрэй Зяневіч паведаміў, па якіх кірунках супрацоўніцтва бачыцца аб'яднанне намаганняў у адукацыйнай сферы, у прыватнасці па распрацоўках сістэм «Разумны дом», «Разумная паштовая скрыня», квантавай сістэмы для гарантаванай абароны оптавалакна і іншых цікавых напрацоўках беларускага боку.

Ацаніць гасціннасць

Сфера турызму — адна з перспектыўных кірункаў развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Узбекістанам і Беларуссю. Турыстычны патэнцыял нашай краіны ўдзельнікам форуму прэзентаваў дырэктар Дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Беларусі Андрэй МОлчан.

Паводле яго слоў, турызм у нашай краіне ацэньваецца як адзін з ключавых пунктаў эканамічнага росту. Калі ацэньваць даныя, то доля сферы турызму ў валавым унутраным прадукце ў 2014 годзе складала 1,8 %, а ўжо ў 2016 годзе — 2,2 %. Уязны турыстычны паток расце штогод: калі ў 2016 годзе да нас прыехала 10,9 мільёна турыстаў, то ўжо ў 2018 годзе іх колькасць склала 11,5 мільёна чалавек.

Беспрэцэдэнтныя меры па ўвядзенні бязвізавага рэжыму на асобных тэрыторыях краіны — унікальны вопыт, якім беларускі бок гатовы падзяліцца. Менавіта ён паўплываў на рост патоку замежных турыстаў на 50 % апошнія паўтара года.

— Ён забяспечыў сур'ёзны рост эканомікі і сферы паслуг у гэтых рэгіёнах, — падкрэсліў спікер.

У якасці прыкладу ён прывёў звесткі: у Брэсце з'явіліся 567 новых аб'ектаў у сферы турызму, на 7 % вырасла загрузка гасцініц, у Гродне — 298 новых аб'ектаў і рост загрузкі на 23 %. Андрэй Молчан адзначыў, што адкрыццё межаў уплывае на эканоміку рэгіёнаў: дзякуючы росту турыстычнай прывабнасці паляпшаецца і інвестыцыйны клімат краіны.

Актыўна развіваецца і такі кірунак, як аграэкатурызм. Пра яго асаблівасці расказала старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова. Калі ў пачатку развіцця гэтага кірунку — у 2002 годзе — у краіне налічвалася 34 аграсядзібы, то сёння іх колькасць набліжаецца да 2,5 тысячы. Больш за 400 тысяч чалавек былі занятыя ў гэтай сферы па выніках мінулага года.

— Надышла эпоха эканомікі ўражанняў, якія будуць самыя запатрабаваныя, — перакананая яна.

Сёння ў краіне існуе надзвычай прывабная заканадаўчая база: заяўны прынцып рэгістрацыі, нізкія падаткі (прыблізна 12 долараў штогод), шырокі спектр паслуг, магчымасць будаўніцтва гасцявых дамкоў і іншыя прывабныя фактары.

У сваю чаргу часовы выканаўца абавязкаў старшыні Дзяржкамітэта Узбекістана па турызме Абулазіз Акулаў прывёў статыстыку: у краіне налічваецца больш за сем тысяч аб'ектаў культурнай спадчыны. Бязвізавы рэжым устаноўлены з 65 краінамі, што, безумоўна, дае свой эканамічны эфект: экспарт турыстычных паслуг па выніках 2018 года склаў больш за мільярд долараў.

Як бачым, пунктаў судакранання ў бакоў дастаткова шмат, у розных сферах і па розных кірунках, каб цяперашнія 157 мільёнаў долараў узаемнага тавараабароту павялічыць да мільярда.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Патэнцыял на мільярд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.