Вы тут

Заяўленыя планы па павелічэнні сумы ўзаемнага гандлю да мільярда долараў


Першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана аказаўся вельмі плённым. Як зазначыла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мар'яна Шчоткіна, бакі заключылі 26 прамых пагадненняў. Падзея сапраўды гістарычная.


Па выніках мінулага года аб'ём тавараабароту паміж нашымі краінамі склаў крыху больш за 157 мільёнаў долараў. Але прамысловая кааперацыя абяцае вялікі патэнцыял. У тым ліку — дзякуючы адкрыццю сумесных рынкаў. Падчас адпаведнай секцыі, якая прайшла на базе Мінскага трактарнага завода, гучалі планы адносна павелічэння сумы ўзаемнага гандлю да мільярда долараў.

Фота Наталлі Кавалёвай.

— Рашэнне аб правядзенні Форуму рэгіёнаў з'яўляецца сведчаннем таго, што ёсць пытанні, якія трэба абмяркоўваць як на найвышэйшым узроўні ўлады, так і бізнесу, — лічыць старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Рыбак. — Упэўнены, што ў будучыні ён будзе толькі пашырацца. Канцэпцыяй форуму абазначана, што ключавым фактарам развіцця міждзяржаўных адносін з'яўляецца супрацоўніцтва рэгіёнаў. Гэта дапамагае нам зразумець, што кожны паспяхова рэалізаваны інвестыцыйны праект і заключаная дамова прынясе канкрэтную карысць для грамадзян Беларусі і Узбекістана. Гэта новыя рабочыя месцы, павышэнне даходаў, паляпшэнне сітуацыі ў рэгіёнах і, як следства, упэўненасць у заўтрашнім дні. Таму падтрымка гандлёва-эканамічных сувязяў у гэтым кірунку вельмі важная. З гэтай нагоды хачу сказаць, што летась 2 лістапада прэм'ер-міністры Беларусі і Узбекістана падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва. Яна ўключала ў сябе больш за 100 мерапрыемстваў для развіцця двухбаковага гандлю таварамі і паслугамі, забеспячэння на ўзаемнай аснове доступу на рынкі бакоў, узаемадзеяння ў сферы прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці, фармацэўтыкі і аховы здароўя, будаўніцтва, нафтахіміі, энергетыкі.

— Эканомікі дзвюх краін не канкуруюць паміж сабой, — зазначыў старшыня камітэта Заканадаўчай палаты Олій Мажліса Узбекістана па пытаннях інавацыйнага развіцця, інфармацыйнай палітыкі і інфармацыйных тэхналогій Ілхом Абдулаеў. — Напрыклад, сельская гаспадарка Беларусі і Узбекістана выпускае розныя віды прадукцыі. Мы адна з ключавых дзяржаў Цэнтральнай Азіі. Узбекістан мог бы стаць хабам беларускай прадукцыі для пастаўкі яе на ўвесь наш рэгіён.

У сваю чаргу, Узбекістан зацікаўлены ў аналагічнай транспартна-лагістычнай інфраструктуры, якая маецца ў Беларусі. Цэнтральнаазіяцкая краіна хацела б развіваць кантакты з намі ў сферы адукацыі, культуры і аграпрамысловага комплексу.

Скіраванасць на лакалізацыю

Намеснік міністра эканомікі і прамысловасці Узбекістана Сахіб Саіфназараў адзначыў, што геаграфічныя ўмовы Узбекістана дазваляюць ствараць шмат вытворчасцяў, і краіна паспяхова гэта робіць. У тым ліку — і сумесныя з Беларуссю.

— Цяпер у нас 59 сумесных прадпрыемстваў. Пры гэтым мушу сказаць, што Узбекістан мае намер адысці ад «адвёрткавай» вытворчасці і скіравацца на больш глыбокую лакалізацыю. Разам з тым ёсць кірункі, у якіх мы б маглі развіваць з Беларуссю прамысловую кааперацыю. Гэта электратэхніка, тэкстыльная вытворчасць, харчовы сектар... Агулам мы маем намер заключыць кантракты на суму не менш за 200 мільёнаў долараў у эквіваленце.

Наша тэхніка паедзе ў Пакістан?

Дарадца прэм'ер-міністра Узбекістана, старшыня праўлення АТ «Узагратэхсанаатхолдынг» Надзір Атажонаў адзначыў, што два бакі маюць намер заключыць пагадненне аб прамысловай кааперацыі прадпрыемстваў, якія выпускаюць сельскагаспадарчую і камунальную тэхніку. Узбекскі бок хацеў бы бачыць у гэтым пераліку «Амкадор», «Гомсельмаш», Мінскі маторны завод і МТЗ. Датычна апошняга ішлі перамовы аб тым, каб выпускаць ва Узбекістане трактары з высокім узроўнем лакалізацыі. Прадукцыю плануецца пастаўляць на рынак Пакістана і Афганістана. Пагадненне з «Гомсельмашам» важнае таму, што Узбекістан жадае павялічыць узровень механізацыі жывёлагадоўлі. А для гэтага з канвеера будзе сыходзіць шырокі асартымент прадукцыі.

— Для нас вельмі запатрабаваны назапашаны гадамі беларускі досвед, — кажа Надзір Атажонаў. — Мы зацікаўлены ў тым, каб гэтыя пагадненні мелі працяглы характар.

У сваю чаргу, намеснік міністра прамысловасці Беларусі Аляксандр Агароднікаў таксама акрэсліў прыярытэтныя кірункі кааперацыі. Пашыраць сваю прысутнасць на рынку Узбекістана плануюць МАЗ, МТЗ. Вядуцца перагаворы па праектах, якія маюць намер рэалізаваць ва Узбекістане «Амкадор» і «Гомсельмаш».

Узбекская спецтэхніка на шасі МАЗа

У цэнтральнаазіяцкай краіне працуе замежнае прадпрыемства «МАЗ-Ташкент». Пра першыя вынікі расказаў дырэктар арганізацыі Валерый Жыгуноў.

— 13 верасня 2018 года было падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснай вытворчасці, і ўжо 15 верасня былі пастаўлены першыя шасі для спецтэхнікі. Мы пачалі вытворчасць паводле дамоўленасцяў і ў рамках выканання дарожнай карты па эканамічным развіцці двухбаковых адносін Узбекістана і Беларусі. Мы працуем сумесна з заводам KRANTAS па выпуску спецтэхнікі, які з'яўляецца найбуйнейшым у рэгіёне. Праект быў запушчаны па даручэнні прэзідэнта Узбекістана. Адбылося гэта пасля заключэння пагаднення з прадпрыемствам па выніках выстаўкі Made іn Belarus.

Наша аўтатэхніка будзе запатрабавана ва Узбекістане. У гэтай дзяржаве зараз будуюць шмат дарог і жылля. Геаграфічнае становішча краіны таксама выгаднае — праз яе праходзіць некалькі транскантынентальных лагістычных шляхоў.

— Але самая галоўная каштоўнасць — гэта людзі, — працягвае Валерый Жыгуноў. — Ва Узбекістане цяпер — 33 мільёны чалавек, якія хочуць жыць, працаваць і зарабляць, якім трэба карміць сем'і. У сваю чаргу, стварэнне сумесных зборачных прадпрыемстваў з вялікай лакалізацыяй пацягне за сабой вялікую кадравую падрыхтоўку. Сярод іншага, патрэбна стварыць сэрвісныя цэнтры з кваліфікаваным персаналам. Сёння ў кожным раёне Узбекістана створаны сэрвісны цэнтр МАЗа. Разам з тым мы прапануем не толькі пастаўляць сваю тэхніку ў рэгіёны. Дасягнута пагадненне аб стварэнні рабочай групы аб пастаўцы кампанентаў, якія робяцца ва Узбекістане, на канвеер МАЗа. Сёння некаторыя з іх ужо выпрабоўваюцца — аўташкло, акумулятары, радыятары, фары... Большасць з іх зроблена на прадпрыемствах з карэйскімі інвестыцыямі.

...і лекі

Зараз у цэнтральнаазіяцкай дзяржаве ствараецца сумеснае беларуска-ўзбекскае фармацэўтычнае прадпрыемства. Адгрузка прадукцыі стартуе налета.

Холдынг «Белфармпрам», агенцтва па развіцці фармацэўтычнай галіны пры Міністэрстве аховы здароўя Узбекістана і ТАА Fagusal (кампанія займаецца рэалізацыяй аптовай фармацэўтычнай і медыцынскай прадукцыі) падпісалі ў Мінску на палях І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана дагавор аб супрацоўніцтве. Падрабязней пра кааперацыю ў гэтай сферы расказаў выконваючы абавязкі дырэктара кіруючай кампаніі холдынга «Белфармпрам» Віктар Шэін.

— Наш транснацыянальны і стратэгічны праект скіраваны на стварэнне сумеснага прадпрыемства па вытворчасці лекаў у выглядзе таблетак і капсул. Прадукцыю мяркуем пастаўляць у трэція краіны. Напрыклад, у Афганістан. Увогуле, праект цікавы многім беларускім вытворцам і патрабуе дакладна вывераных падыходаў па стварэнні прамысловых магутнасцяў. Лічыце самі: з нашага боку ўключылася спачатку шэсць прадпрыемстваў, потым дзевяць, цяпер іх ужо 11. Таму, каб правільна пабудаваць бізнес-план, мы павінны ўлічыць пажаданні ўсіх вытворцаў. Наменклатура паўплывае на тое, якое менавіта будзе ўстанаўлівацца абсталяванне. Наш праект можна назваць унікальным. На прадпрыемстве будуць рабіць лекі тыя прадпрыемствы, якія зараз напрамую пастаўляюць іх з Беларусі ва Узбекістан. Такім чынам, мы павялічым сваю прысутнасць у гэтай краіне.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Не канкурэнцыя, а кааперацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».