Вы тут

У Лагойску пабудуюць завод, аналагаў якому няма ў Беларусі


Кампанія «Фуд Таўн» наладзіць у Лагойску вытворчасць мясных паўфабрыкатаў глыбокага замарожвання — катлеты з ялавічыны для прыгатавання там бургераў і чызбургераў, а таксама нарэзанага бекону. Прадукцыя будзе пастаўляцца як на экспарт, так і на ўнутраны рынак, у тым ліку і ў сетку рэстаранаў хуткага харчавання.


На прадпрыемства будзе паступаць ужо апрацаванае запакаванае мяса без касцей. Заснавальнікі называюць свой праект вялікай «кухняй», дзе працэс набліжаны да работы звычайнага кулінарнага аддзела ў краме. Толькі аб'ёмы іншыя і максімальна строгія патрабаванні да бяспекі харчовай вытворчасці і перапрацоўкі.

Ахалоджаная і замарожаная ялавічына будзе дастаўляцца на завод рэфрыжэратарамі, а прымацца на рампе з пастаянным кантролем тэмпературы.

Са склада сыравіна трапляе ў спецыяльныя мясарубкі. З гатовага фаршу машына сфарміруе круглыя катлеты рознага дыяметру. Пасля гэтага прадукцыя адправіцца па канвееры ў спецыяльны апарат шокавага замарожвання пры мінус 40 градусах.

Вытворчасць з'яўляецца практычна безадходнай. Пастаянны кантроль за якасцю і мікрабіялагічнымі паказчыкамі будзе ажыццяўляць лабараторыя. Гэта дазволіць прадукцыі адпавядаць не толькі высокім патрабаванням рэстаранаў, але і агульнаеўрапейскім стандартам харчовай бяспекі.

Стварэнне «Фуд Таўн» вырашыць не толькі задачу напаўнення якасным таварам свайго сегмента рынку, але і задачу імпартазамяшчэння.

У Беларусі таксама шмат патэнцыйных спажыўцоў ялавічнай выразкі: гасцініцы, рэстараны, кафэ, пункты грамадскага харчавання. Толькі ў Мінску больш за трыццаць гатэляў маюць патрэбу ў прадукце прэміяльнага класа. А гэта — толькі адзін з мноства прыкладаў магчымага пашырэння лінейкі прадукцыі, сегментаў рынку, што паспрыяе росту колькасці рабочых месцаў.

Натуральна, на такой «кухні» патрэбная моцная каманда адказных прафесіяналаў. Усяго работу на новым заводзе змогуць атрымаць дваццаць сем'яў з Лагойскага раёна. Стварэнне такой вытворчасці нясе шмат выгод, як эканамічных, так і сацыяльных, не толькі для Лагойшчыны, але і для Мінскай вобласці ў цэлым. На аснове прынцыпу сацыяльна адказнага бізнесу кампанія будзе садзейнічаць мясцовым уладам у рашэнні пытанняў горада і раёна. У беларускіх камбінатаў з'явяцца новыя пункты збыту прадукцыі. Праект мае высокі экспартны патэнцыял, бо адобраны кампаніяй пастаўшчык мае права экспартаваць сваю прадукцыю ў любы рэгіён Усходняй Еўропы або краіны СНД, дзе карпарацыя вядзе дзейнасць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Вялікая «кухня» прыйдзе на Міншчыну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».