Вы тут

​Да гадавін перамог ў Вялікай Айчыннай вайне выдаюцца і перавыдаюцца кнігі


Да гадавін перамогі нашага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў, да юбілейных дат у Беларусі выдаюцца і перавыдаюцца ёмістыя кнігі, калектыўныя зборнікі, мемуары нашых празаікаў, паэтаў, гісторыкаў аб той чалавечай трагедыі.


Брэсцкія пісьменнікі таксама далучаюцца да гэтай патрэбнай і важнай творчай працы, прымаюць актыўны ўдзел у зборы інфармацыі аб тых страшных ваенных падзеях на шматпакутнай зямлі роднай Брэстчыны. Пажаўцелыя дакументы франтавікоў і партызан, дзённікі камандзіраў, пісьмы-трохвугольнікі, паштоўкі, паведамленні і... «пахаронкі» з фронту, вестачкі з тылу, успаміны жывых сведкаў ваенных падзей служаць асновай для напісання новых твораў, прысвечаных подзвігу і гераізму нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў.

Адным з такіх шчырых і адданых патрыётаў-літаратараў і стваральнікаў кнігі-помніка мужнаму пакаленню пераможцаў з'яўляецца сябра Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Валковіч.

Сёлета пабачыла свет дапоўненае і перапрацаванае другое выданне яго твора — унікальнага гістарычна-дакументальнага, публіцыстычнага, ілюстраванага зборніка «Письма войны» (Брэст, «Альтернатива», 2019). Першае выданне выйшла ў 2010 годзе з ініцыятывы аўтара кнігі і абласной газеты «Заря» пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама. Дапоўненае і дапрацаванае выданне прысвечана 75-годдзю вызвалення Брэсцкага раёна, таму яго актыўна падтрымаў Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт.

Змястоўную прадмову да зборніка напісаў сам пісьменнік. Атрымалася яна ў яго па-сапраўднаму патрыятычная, а самае галоўнае — да болю ўражальная і кранальная, як быццам сам пісьменнік прайшоў па тых вогненных дарогах праз пекла вайны. Ці не таму, што пра жахі вайны празаік наслухаўся яшчэ з дзяцінства — ад уласных бацькоў, шматлікіх родзічаў? Бацька пісьменніка, Валковіч Міхаіл Ільіч, — удзельнік вайны, ардэнаносец; маці, Лідзія Іларыёнаўна, два гады адбатрачыла ў нямецкіх працоўных лагерах. Таму чытаць аўтарскую прадмову раўнадушна, без слёз немагчыма.

Патрэба ў перавыданні кнігі, як тлумачыць сам аўтар, узнікла таму, што далёка не ўсё сабранае раней змагло трапіць у першае выданне (з-за аб'ёму рукапісу, друкарскіх затрат), а тут яшчэ дадалася і новая важная інфармацыя: пашчасціла сабраць шмат дадатковага ваенна-дакументальнага, эпісталярнага, ваенна-гістарычнага матэрыялу. Адазваліся ажно з Падмаскоўя сваякі лейтэнанта Айзіка Іофе — абаронцы легендарнай Брэсцкай цытадэлі, імя якога навечна выбіта на плітах Мемарыяла крэпасці-героя...

Увага і гэтым разам больш аддавалася ваенным гісторыям і лёсам воінаў-змагароў, публікацыі іх простых, але шчырых і цёплых пасланняў родным людзям. Ва ўсіх пажаўцелых ад часу, зачытаных, працёртых агрубелымі рукамі лістах яскрава прысутнічае сапраўды вялікая любоў да Айчыны і цвёрдая вера ў Перамогу.

Геаграфія франтавой карэспандэнцыі і дакументаў, уключаных у зборнік, даволі шырокая. Разнастайнасць архіўных, музейных матэрыялаў падзелена на раздзелы і главы і размеркавана ў храналагічным парадку з 1941—1945 года. Выключэнне было зроблена толькі для матэрыялаў, звязаных з вызваленнем Беларусі і Брэстчыны, што само па сабе апраўдана. Бо вайна, як піша Валковіч, «не дазіравала смярцей і страт, а адпускала кожнаму рэгіёну і чалавеку спаўна». Асаблівая ўвага ў кнізе аддаецца пісьмам нашых землякоў-партызан, удзельнікам знакамітай вызваленчай аперацыі «Баграціён».

Тэкст зборніка падзелены на шэсць глаў. У першую ўключаны малавядомыя адсканаваныя пісьмы абаронцаў Брэсцкай крэпасці — вестачкі на радзіму, напісаныя ў апошнія мірныя дні. Асобнымі главамі прадстаўлены гісторыя дзённікаў, запісных кніжак і сшыткаў-нататнікаў пісьменніка-патрыёта Сяргея Смірнова, партызанскія дзённікі і малюнкі, пісьмы з няволі маладых вязняў-беларусаў, вывезеных у Германію на прымусовую працу. Дарэчы, па завяшчанні Сяргея Сяргеевіча амаль увесь пісьменніцкі архіў пасля яго смерці быў перавезены ў Музей абароны Брэсцкай крэпасці, дзе і Аляксандр Валковіч як дакументаліст знайшоў нямала карыснай інфармацыі.

У кнізе адзначаны ўсе раёны Брэсцкай вобласці — лістамі-пасланнямі франтавікоў з ліку ўраджэнцаў кожнай мясціны, іх баявых сяброў, маці, жонак, нашчадкаў. Вялікай падборкай прадстаўлены Піншчына, Століншчына, адкуль дзясяткі тысяч маладых людзей і непаўналетніх былі прымусова вывезены ў германскае рабства. Пра нечалавечае стаўленне немцаў да нявольнікаў сведчаць уцалелыя дакументы і акты, пісьмы былых вязняў. Дарэчы, арыгіналы гэтых дакументаў пісьменнік адшукаў у Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці, у адкрытым друку яны прадстаўлены ўпершыню.

Горка чытаць пра трагічны лёс выхаванцаў дзіцячага дома пасёлка Дамачава Брэсцкага раёна, знішчэнне якіх адбылося 23 верасня 1942 года, а таксама аповед уратаванай выхаванкі гэтага ж дзіцячага прытулку — полькі Люцыны Хлюдзінскай, якую праз шмат гадоў адшукаў аўтар кнігі...

Са смуткам і абурэннем чытаеш крывавыя падзеі 18 верасня 1942 года: за адзін толькі дзень акупанты расстралялі 2700 мірных жыхароў пасёлка. Такім жа чынам карнікі расправіліся і з вязнямі гета пасёлка Тамашоўка.

Ад болю замірае сэрца, калі чытаеш перадсмяротную запіску мужнай беларускай дзяўчынкі Каці Сусанінай з горада Лёзна Віцебскай вобласці — даведзеная да адчаю, у дзень свайго 15-годдзя (12 сакавіка 1943 г.) яна рашылася на самагубства, каб толькі не ехаць у праклятую Германію.

Родную матулю пісьменніка таксама не абмінула цяжкая доля рабскай працы на чужыне. Лідзія Валковіч была вывезена ў Германію ў жніўні 1943 года, прайшла праз працоўныя лагеры Германіі, Аўстрыі, Італіі і толькі летам 1945 года была вызвалена амерыканцамі. Яе ўласныя ўспаміны пра фізічныя пакуты і душэўныя мукі падчас блукання па еўрапейскіх лагерах сын дазволіў сабе размясціць толькі ў прыканцы зборніка, у 6-й главе.

Аўтар наўмысна і свядома суправадзіў свой праект характэрным падзагалоўкам «Хрестоматия патриотизма», бо лісты, якія былі ўключаны ў кнігу, і ёсць не прыдуманая, а праўдзівая, дакладная летапіс-хрэстаматыя ваеннага часу.

Але як бы старанна і падрабязна я ні апісвала змест зборніка, а ўсё ж такі чытачу, каб лепей зразумець і адчуць той час і людское гора, трэба прачытаць кнігу асабіста — уважліва, удумліва і пранікнёна, бо яна вартая гэтага.

Сродкі на перавыданне збіралі, як кажуць, усім светам. У гэтай справе прынялі ўдзел Саветы ветэранаў, арганізацыі, установы, сельгаспрадпрыемствы і асобныя грамадзяне нашай краіны, а таксама Расіі, Украіны, Германіі, Ізраіля, ЗША. Спрацавалі таксама магчымасці беларускай краўдфандынгавай інтэрнэт-пляцоўкі Ulej.by.

Надзея ПАРЧУК, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі

Загаловак у газеце: Яшчэ раз пра вайну

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.