Вы тут

Як пазбавіцца ад туберкулёзу


Учора і сёння ў Мінску праходзіць Нацыянальны дыялог па туберкулёзе. Прадстаўнікі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Еўрапейскай кааліцыі па барацьбе з туберкулёзам, Глабальнага кокуса па туберкулёзе, грамадскай арганізацыі «Сетка людзей, якія перанеслі туберкулёз, — TB Реорlе», Міністэрства аховы здароўя, РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, упраўленняў па ахове здароўя аблвыканкамаў, шэрагу грамадскіх і пацыенцкіх арганізацый абмеркавалі супрацоўніцтва ў межах нацыянальнай праграмы барацьбы з туберкулёзам.


Як адзначыла намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Наталля Жукава, Беларусь уваходзіць у лік 18 краін Еўрапейскага рэгіёна з высокім цяжарам туберкулёзу. Таму ў нас праводзіцца палітыка, накіраваная на стварэнне эканамічных, сацыяльных і прававых умоў, неабходных для прадухілення распаўсюджання гэтай інфекцыі. Лячэнне пацыентаў з усімі формамі туберкулёзу бясплатнае.

— Дзякуючы міжнароднай падтрымцы Беларусь у ліку першых краін у 2015 годзе атрымала новыя і перапрафіляваныя супрацьтуберкулёзныя лекі. Імі пралячылі 1900 пацыентаў з устойлівымі формамі туберкулёзу. Ва ўсіх рэгіёнах сёння шырока выкарыстоўваецца відэакантраляванае лячэнне. Праводзіцца ўкараненне новай мадэлі фінансавання супрацьтуберкулёзнай службы, у межах гэтага аптымізуецца колькасць стацыянарных ложкаў, а вольныя сродкі накіроўваюцца на амбулаторны этап лячэння, — адзначыла Наталля Жукава.

— У Беларусі вельмі высокі ўзровень даступнасці новых прэпаратаў для лячэння туберкулёзу, добра падрыхтаваныя кадры. Але нават калі мы ўсіх забяспечым новымі прэпаратамі, новымі методыкамі дыягностыкі, мы не дасягнем стапрацэнтнага поспеху ў лячэнні. Штогод у нас каля 10 % пацыентаў «губляецца» — у многіх ёсць спадарожныя хваробы, у прыватнасці, залежнасць ад алкаголю, наркатычных прэпаратаў, некаторыя не вытрымліваюць працяглага шматмесячнага лячэння, — лічыць каардынатар праграм па інфекцыйных хваробах краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Вячаслаў Гранькоў. — Таму падтрымка пацыенцкіх арганізацый вельмі важная, яны дапамагаюць хвораму заставацца на лячэнні. Такое ўзаемадзеянне паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі надзвычай эфектыўнае.

У грамадскіх арганізацый ёсць унікальная роля — ранняе выяўленне туберкулёзу, бо ў іх ёсць доступ да тых людзей, якія самі не прыйдуць да ўрача, падкрэслівае Данііл Кашніцкі, менеджар па развіцці патэнцыялу згуртаванняў Еўрапейскай кааліцыі па барацьбе з туберкулёзам.

— Гэта першы дыялог, у якім удзельнічае вялікая група пацыентаў, што перанеслі гэта захворванне. Яны як ніхто іншы добра ведаюць, як арганізавана супрацьтуберкулёзная дапамога і чаго ёй не хапае, — лічыць эксперт.

Самай вялікай праблемай на сёння не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы спецыялісты называюць працяглае лячэнне ў стацыянары. Альтэрнатывай, на іх думку, павінна стаць амбулаторная дапамога. З 2018 года ў Брэсцкай вобласці рэалізоўваўся пілотны праект, накіраваны ў тым ліку і на скарачэнне стацыянарнага знаходжання хворых.

Летась у Беларусі было выяўлена больш за 1900 новых выпадкаў туберкулёзу. Цяпер смяротнасць ад гэтай інфекцыі складае 2,6 чалавека на 100 тысяч насельніцтва. Пры гэтым яшчэ дзесяць гадоў таму яна была амаль у шэсць разоў большая.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Скінуць цяжар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».