Вы тут

Перамагаюць прыгожым словам


Выхаванцы Культурна­ адукацыйнага цэнтра “Францыск Скарына” Мікола Чэзарыні, Матэа Дэ Грандзіс і Юра Палееў паспяхова паўдзельнічалі ў міжнародных дзіцячых конкурсах прыгожага   пісьменства, што ладзіліся ў Францыі ды Чэхіі


Матэа Дэ Грандзіс

З чым у нас асацыюецца Рым? Сярод усяго іншага — з багатымі культурнымі традыцыямі, з Алімпійскімі гульнямі. Таму, калі Беларусь рыхтавалася да другіх Еўрапейскіх гульняў, то і ў “вечны горад “ на пачатку мая скіраваная была наша ўвага. У Рыме, у музейным комплексе Ara Pacіs Museum, дзе знаходзіцца Алтар міру, 3 мая быў запалены агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў. Адтуль пачалася эстафета “Полымя міру” — праз вяршыню Манблан! — па тэрыторыях розных краін, усіх абласцях, розных гарадах і знакавых месцах Беларусі ў Мінск, на Нацыянальны алімпійскі стадыён “Дынама”. Дарэчы, Еўрапейскі алімпійскі камітэт прыняў рашэнне, што агонь усіх наступных гульняў будзе запальвацца ад Алтара міру: Беларусь, такім чынам, заклала традыцыю для ўсяго кантынента.

Мы ўжо расказвалі, што й рымскія беларусы паўдзельнічалі ва ўрачыстасцях пры комплексе Ara Pacіs Museum (“Хоць і ў Неапалі ды ў Рыме, але ж думкамі — на Радзіме!”. — ГР, 13.06.2019). Ураджэнка Оршы, педагог Ніна Пашчанка паведаміла пра тое ў рэдакцыю, даслала здымкі. Яна ж, прэзідэнтка Культурна-адукацыйнага цэнтра “Францыск Скарына”, 15 мая падзялілася радаснай навіной: “Сёння абвясцілі вынікі Міжнароднага конкурсу слоўнай творчасці для дзяцей “Фабрика слов”. Больш за 20 краін-удзельніц, 304 працы пададзена было ў трох узроставых катэгорыях. А 1 і 3 месцы — у беларускіх хлопчыкаў з нашага цэнтра! Першае — у Мікалая Чэзарыні, трэцяе — у Матэа Дэ Грандзіса”.

У нэце мы ўдакладнілі: конкурс для дзяцей “Фабрика слов” ладзілі сёлета ўпершыню Камісія па адукацыі ды рускай мове Каардынацыйнага Савета расійскіх суайчыннікаў у Францыі, Студыя творчага развіцця “Сюрприз” і Асацыяцыя аматараў рускамоўнай дзіцячай літаратуры “Буковки”. Падтрымалі праект Амбасада Расіі ў Францыі ды Дзяржінстытут рускай мовы імя А. С. Пушкіна. Конкурс задуманы для развіцця літаратурна-творчых здольнасцяў дзяцей, ён быў “адкрыты для вучняў рускіх школ дадатковай адукацыі, рускіх секцый дзяржаўных і прыватных навучальных устаноў Францыі, а таксама для ўсіх рускамоўных дзяцей, якія жывуць за мяжой і жадаюць паспрабаваць свае сілы ў слоўнай творчасці на рускай мове”. Канкурсантам прапанавалі напісаць на рускай мове казку ці апавяданне са словамі: “Маша і кот”.

Юра Палееў

Прыгледзімся да юных беларусаў Рыма, якія праяўляюць свае таленты на міжнародным узроўні. “Мікола Чэзарыні нарадзіўся і вырас у Італіі (ён з 2004 года), родавыя ж карані ў яго беларускія: дзяды й прадзеды — з Гродна й Гродзенскай вобласці, — напісала Ніна Пашчанка. — Хлопец часта ездзіць у Беларусь, наведаў Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу. Яго, расказваў, уразілі велічныя зубры, і для Міколы гонар быць нашчадкам тых мужных людзей, што далі адпор войскам нацысцкай Германіі. Дарэчы, ён беражліва захоўвае ваенную форму дзеда і Ордэн Чырвонай Зоркі сваёй прабабулі, якая ваявала ў партызанскім атрадзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер жыве ў горадзе Монтэратонда, што ў адміністрацыйным падпарадкаванні Рыма, закончыў першы год каледжа з фізіка-матэматычным ухілам. Любіць дакладныя навукі, захапляецца тэнісам і горналыжным спортам”.

А вось кучаравага хлопчыка, лаўрэата конкурсу Матэа Дэ Грандзіса нашыя чытачы ўжо бачылі на здымку ў згаданай публікацыі — разам са знакамітымі беларускімі спартсменамі, што былі ў Рыме ў часе цырымоніі запалення “Полымя міру”. Матэа (імя па-беларуску гучыць, напэўна, як Мацей…) нарадзіўся ў 2012 годзе ў італьянскім горадзе Палестрына. Ніна Пашчанка паведамляе, што мама яго, Вольга Сяргееўна, у дзявоцтве Тыльковіч, родам з Пінска, і да спорту мае самае непасрэднае дачыненне: закончыла Беларускі дзяржуніверсітэт фізічнай культуры, майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы. З 2012 года пераехала жыць у Італію, і працуе ў Культурна-адукацыйным цэнтры “Францыск Скарына”. Два разы на год Матэа наведвае родных і блізкіх у Беларусі, да таго ж у яго беларускае грамадзянства. Хлопчык любіць футбол, яму вельмі падабаецца выступаць на святах, а таксама чытаць казкі й вясёлыя гісторыі, да таго ж ён сам спрабуе складаць маленькія апавяданні. Адно з іх і трапіла на конкурс ды прынесла Матэа Дэ Грандзісу ганаровае лаўрэацкае званне.

І яшчэ адзін вучань з рымскага КАЦ “Францыск Скарына” парадаваў сваіх настаўнікаў і бацькоў: Юра Палееў заняў трэцяе месца на “Международной олимпиаде по русской словесности 2019” у Чэхіі. Ладзяць алімпіяду, нагадаем, грамадская арганізацыя Міжнародны культурны інстытут “Ключ”, Руская школа ў Брно й Руская гімназія ў Карлавых Варах — “для школьнікаў і студэнтаў, дзеля зберажэння й пашырэння рускай мовы за мяжой: як у Чэхіі, так і па ўсім свеце”. Алімпіяда — штогадовая, і кожны год аб’яўляецца тэматычным: сёлета ён прысвечаны 220‑м угодкам Аляксандра Пушкіна. Юра Палееў паўдзельнічаў у “Завочным туры” — трэба было адказаць на 20 пытанняў. Дарэчы, звяртаем увагу іншых актывістаў беларускіх суполак замежжа: паўдзельнічаць у алімпіядзе могуць як школьнікі й студэнты, што жывуць за межамі Расіі, так і ўсе, хто вывучае рускую мову як замежную. Іншыя ўмовы — шукайце ў інтэрнэце. Пра Юру з допісаў Ніны Пашчанкі стала вядома: нарадзіўся ў Італіі, вывучае італьянскую, англійскую, рускую мовы, захапляецца плаваннем. Яго малодшая сястра таксама займаецца ў Цэнтры “Францыска Скарыны”. У Юры ёсць артыстычны талент, ён любіць выступаць і яму заўсёды даюць на святах галоўныя ролі.

Мікола ЧЭЗАРЫНІ

З апошніх вестак, дасланых Нінай Пашчанкай, мы даведаліся: у беларусаў Рыма ў распрацоўцы вялікі праект з італьянцамі, якія бяруць дзяцей з Беларусі на аздараўленне ў свае сем’і. Як будуць зрухі ў гэтай важнай справе — спадзяемся, пра тое нашы сябры з Італіі напішуць.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.