Вы тут

Для шматдзетных плануюць узвесці каля 14 тысяч кватэр


Да канца 2019-га для такіх сем'яў узвядуць 12 тысяч кватэр. Сёння на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяць 37 тысяч шматдзетных. Гэтыя лічбы назваў учора Дзмітрый МІКУЛЁНАК, міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі.


«Цяпер фарміруецца гэта праграма з улікам пошуку фінансавых сродкаў, у тым ліку на будаўніцтва. Аб'екты гэтыя вызначаны. У далейшым у 2021 годзе плануецца выйсці на выкананне даручэння Прэзідэнта па забеспячэнні на працягу аднаго года шматдзетным магчымасці будаўніцтва ў жылых дамах. І да гэтай мэты мы імкнёмся», — сказаў Дзмітрый Мікулёнак.

Па словах мністра, станоўчая тэндэнцыя па павелічэнні колькасці шматдзетных сем'яў скарэктавала планы ведамства. Таму развіваецца яшчэ адзін кірунак — індывідуальнае будаўніцтва. Мінбудархітэктуры прадставіла прыклады такіх жылых дамоў, магчымых для будаўніцтва ў індустрыяльным выкананні. У гэтай тэме сёння задача ведамства — выйсці на сабекошт квадрата такога жылля, суадносны з цаной, калі б дом будаваў сам жыхар.

За апошнія восем гадоў чарга для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, паменшылася на 190 тысяч чалавек. Але праблема ўсё яшчэ актуальная — у гэтай чарзе больш за 600 тысяч сем'яў.

Будаўніцтва жылля для тых, хто мае патрэбу, знаходзіцца на кантролі і ў плане цаны, і ў плане аб'ёмаў. Сярэдні кошт квадратнага метра для гэтай катэгорыі — 880 рублёў пры сярэднім заробку па краіне 1043 рублі. Такія суадносіны захаваюцца і да канца года.

Чаргавікі сталіцы будуць накіроўвацца на будаўніцтва жылля ў гарады-спадарожнікі. А фінансаванне развіцця іх інфраструктуры ўскладзена на Мінск. Першымі для пілотнага праекта абраны Смалявічы, пасля акцэнт зробяць на Рудзенск.

«Попыт на такое жыллё ёсць, як паказала практыка па першым жылым доме ў Смалявічах. Ён перавышае прапанову ў некалькі разоў, таму мы бачым, што гэтая работа дасць свае вынікі», — пракаментаваў Дзмітрый Мікулёнак.

Да 74 % павялічылася загрузка заводаў міністэрства, якія ствараюць індустрыяльныя канструкцыі. Ёсць станоўчая дынаміка і ў рэнтабельнасці прадпрыемстваў: яна сёлета складае ў сярэднім 5 %.

«Канешне, мы лічым, што гэтага недастаткова. Парогавай з'яўляецца лічба не менш за 10 %, — падкрэсліў міністр. — У цэлым уклад будаўніцтва ў фарміраванне ВУП краіны вырас да 5,5 % у 2019 годзе. Ён расце паступальна, і залежыць усё, у прынцыпе, ад інвестыцый, якія ўкладваюцца цяпер у будаўніцтва рознага роду».

Мінбудархітэктуры плануе страхаваць адказнасць праектнай арганізацыі за распрацаваную дакументацыю. Ведамства пакуль не можа знайсці агульную мову са страхавымі кампаніямі.

«Самае галоўнае пытанне: што мы страхуем? Ці мы страхуем дзейнасць праектнай арганізацыі, ці дзейнасць канкрэтнага праекціроўшчыка, ці страхуем аб'ект, якія праектуецца? Усё залежыць ад гэтага, у тым ліку і лічбы страхоўкі. Мы прытрымліваемся думкі, што трэба страхаваць дзейнасць у цэлым праектнай арганізацыі. Такая страхоўка павінна быць нейкі пэўны перыяд, можа два ці тры гады, — адзначыў Дзмітрый Мікулёнак. — Калі арганізацыя будзе прэтэндаваць на атрыманне атэстата на аб'екты другой-першай катэгорыі (гэта тыя, што з'яўляюцца сур'ёзнымі з пункту гледжання будаўніцтва), значыць, яна павінна мець страхавы поліс на выпадак сваіх памылак. Я думаю, што да канца года мы гэту тэму праціснем. Яна вельмі сур'ёзная, нараканняў да праектных арганізацый вельмі шмат, і справядлівых».

Міністр паведаміў, што амаль гатова да падпісання пастанова, якая рэгулюе парадак прыняцця будаўнічых нормаў і правілаў: «Я думаю, на працягу бягучага і наступнага гадоў мы скончым фарміраванне на 90 % новых будаўнічых нормаў і будаўнічых правілаў, якія ўбяруць у сябе ўсе нарматывы, звязаныя з будаўніцтвам і праектаваннем аб'ектаў, што сёння падзелены ў тым ліку паміж рознымі рэгулятарамі акрамя нас. Гэта Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства надзвычайных сітуацый, Міністэрства энергетыкі, транспартнікі і іншыя. Усё гэта будзе выбрана ў адны будаўнічыя нормы, якія сканцэнтруюцца ў адным дакуменце».

Налета плануецца пабудаваць каля 46 тысяч квадратаў жылля, дзе для ацяплення і гарачага водазабеспячэння будзе выкарыстоўвацца электрычная энергія. Адпаведны нарматыўны акт у выглядзе будаўнічых правіл, які рэгламентуе праектаванне такіх аб'ектаў, ужо рыхтуецца.

Будаўнічая галіна ў рэспубліцы сёння прадстаўлена больш чым 10 тысячамі арганізацый, 60 % з іх — прыватныя. У сферы працуе 151 тысяча чалавек. Сярэдні заробак спецыялістаў — 1148 рублёў, што складае 123 % у параўнанні з мінулым годам. Ідзе выраўноўванне заробкаў у суадносінах з прадукцыйнасцю працы, якая ўзрасла на 116 %. Агульны экспарт тавараў па галіне за паўгоддзе ацэньваецца ў 240 мільёнаў долараў ЗША.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Якімі будуць адказы на жыллёвыя пытанні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».