Вы тут

Як землякі ўвекавечылі памяць франтавікоў з роднай вёскі Зарэчча


З Міхаілам Куцам і Георгіем Шведам стаім каля першай мемарыяльнай дошкі на памятнай алеі. На ёй партрэт Мікалая Гука і гады жыцця яго: 1926—1945. Пазначана, што салдат загінуў у студзені 1945-га. Цалкам верагодна, што да 19-годдзя свайго хлопец не дажыў. Разважаем, што прызыву падлягалі з 18 гадоў. Па сутнасці дзеці ішлі на вайну, такія юныя, нявопытныя. Часта яны гінулі першымі, многім не суджана было вярнуцца. А гэта — ненароджаныя іх дзеці, адзінокія равесніцы, несуцешныя маці. Такая яна, вайна. Яе можна адчуць па гісторыі адной асобна ўзятай вёскі амаль праз 80 гадоў...


Радня каля партрэта франтавіка.

Стэнд, які ўпаў

Партрэт Мікалая паставілі першым нездарма, ён стаіць цяпер акурат насупраць сваёй хаты, адкуль Колю і праводзілі родныя на вайну. Нават палоска зямлі, на якой цяпер размешчаны ўвесь мемарыял, некалі іх сям'і належала. Глядзіць Коля на вясковую вуліцу. Ці не самы малады ён з 27 аднавяскоўцаў, якія не вярнуліся з фронту ў Зарэчча. А 32 чалавекі вярнуліся. Усяго з невялікай вёскі на Пружаншчыне ў вайне ўдзельнічала 59 мужчын.

Пасля вайны абсалютная большасць жыхароў працавалі ў калгасе, гадавалі дзяцей. Да памяці загінулых франтавікоў і пашаны жывых удзельнікаў вайны тут заўсёды ставіліся ўважліва. У свой час калгасны парторг сабраў па хатах фотаздымкі франтавікоў, вырабіў стэнд пад назвай «Вечная слава героям, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы». Стэнд вісеў на пачэсным месцы ў «чырвоным кутку» калгаснага двара, дзе збіраліся найбольш па святочных нагодах.

Але слава аказалася не вечнай, бо мяняліся пакаленні і ўклад жыцця. Калгасны двор прыйшоў у заняпад, фермы закрывалі, пабудовы зносілі. І вось выхадзец з гэтай вёскі Георгій Швед аднойчы выпадкова зазірнуў у былы «чырвоны куток» ды жахнуўся: стэнд валяўся на падлозе. Яго відаць, знялі, паставілі да сцяны, потым шчыт нахіліўся ці хто зачапіў. Георгій Яраслававіч забраў тыя здымкі дадому. Ён і раней збіраў памятныя фатаграфіі землякоў, а таксама сам здымае, таму архіў меў неблагі. Стаў крыху прыводзіць у сістэму, паціху ў бацькоўскім доме ўсталёўваць нешта накшталт музея. І ўвесь час разважаў, як жа лепш увекавечыць памяць землякоў. Аднойчы падзяліўся гэтымі думкамі з аднавяскоўцам Міхаілам Куцам.

Ідэя, што пранікае ў душу

— Мне тады твая ідэя ў душу запала, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. — І я стаў думаць, што ж такое зрабіць, каб не знікла памяць пра родную вёску, яе жыхароў.

У цяперашняга брэсцкага прадпрымальніка Міхаіла Куца бацька таксама ваяваў, але, на шчасце, вярнуўся. І бацька яго жонкі франтавік. Так што для сям'і гэтая тэма заўсёды была асаблівая. А калі на дзень вёскі ў 2015 годзе Георгій Швед у цэнтры сяла выставіў шчыт са здымкамі, якія ён захаваў, адрэстаўрыраваў, то людзі сталі падыходзіць да яго, углядацца. Пазнавалі родных, плакалі, клікалі ўнукаў, паказвалі партрэты. Вось тады і Куца нібы ахінула, у галаве карцінка ўзнікла з будучым мемарыялам. Сталі раіцца з іншымі землякамі, абгаварылі магчымы ўдзел кожнага.

Вядома, ільвіную долю расходаў узяў на сябе прадпрымальнік. Былі выраблены мемарыяльныя дошкі з фотапартрэтамі загінулых землякоў. Іх выстраілі ў выглядзе алеі, у канцы якой устанавілі памятны знак-арку са звонам. Чыіх здымкаў не знайшлі, напісалі прозвішчы на асобнай дошцы.

Землякі з розных краін

На адкрыццё мемарыяла ў верасні мінулага года з'ехаліся некалькі соцень выхадцаў з Зарэчча. Такой колькасці людзей вёска не бачыла даўно. Былі госці не толькі з розных гарадоў Беларусі, але і з замежжа. Дачка франтавіка Івана Гука Вольга Ішчанка прыехала з Адэсы. У «пахаванцы», якую атрымала яе маці ў канцы зімы 45-га, гаварылася, што Іван Васілевіч Гук загінуў смерцю храбрых 13 лютага і пахаваны ва Усходняй Прусіі. А Волечцы быў толькі год, калі бацька пайшоў на фронт, і пра бацьку яна ведала толькі з аповедаў блізкіх людзей. «Пакуль жывая, буду прыязджаць сюды», — сказала тады дачка Івана Гука.

Пра свайго бацьку Івана Шчэрбу, артылерыста, кавалера ордэна Славы 3-й ступені, гаварыла дачка Марыя Манюк. Сям'і нават не ўдалося адшукаць яго магілу, бо артылерыст памёр ад цяжкіх ран у франтавым шпіталі, пахаваны недзе ў Аўстрыі. На адкрыцці Марыя Іванаўна казала пра гора сваёй маці і іншых салдацкіх удоў, якія выплакалі вочы і заўчасна пастарэлі. Цяпер у іх нашчадкаў ёсць яшчэ адна нагода прыехаць у вёску, зайсці на могілкі, пастаяць каля партрэтаў бацькоў. Бо дзень вёскі Зарэчча будзе ладзіцца кожны год, — запэўніла старшыня Велікасельскага сельскага Савета Таццяна НАВІЦКАЯ.

Самая маладая жыхарка

А ў вёсцы застаецца зусім жменька людзей. Калі год таму мемарыял адкрывалі, было яшчэ пад два дзясяткі чалавек. Цяпер — амаль удвая менш. Таісія Аляксандраўна Субота сказала, што яна самая маладая жыхарка Зарэчча, а ёй ужо 78 гадоў. Таісія Аляксандраўна вельмі рада, што ў іх з'явілася такое цудоўнае памятнае месца: «Хварэю зараз. На мінулым тыдні ў доктара была, назад ехаць з горада таксі брала. Дык гэтаму хлопцу-кіроўцу сказала, каб далей праехаў, развярнуўся насупраць нашай галоўнай алеі, каб і ён убачыў. Ён так і зрабіў».

Вось Міхаіл Куц лічыць, што нехта абавязкова пройдзе-праедзе, нехта кветку на 9 мая пакладзе, іншы маршрут скарэктуе, каб спецыяльна заехаць ды дзецям паказаць.

— Ну а пасля нас, спадзяюся, нехта падхопіць эстафету, не дасць загінуць гэтаму мемарыялу. Памяць павінна заставацца. Хто ж мы такія без памяці пра карані, пра вёску, з якой выйшлі, пра землякоў? — разважае Міхаіл Міхайлавіч.

Каб падхапілі эстафету

Энергічныя выхадцы з Зарэчча вырашылі не спыняцца на дасягнутым і развіваць мемарыял. Цяпер узводзіцца капліца. Яе купал, унутранае начынне рыхтуюцца ў Брэсце, сюды неўзабаве будуць прывезеныя гатовыя кампаненты і зманціраваны. «А з часам, калі ўсё будзе добра, вунь там, — паказвае рукой Міхаіл Міхайлавіч, — абсталюем стаянку для машын. Там жа разаб'ём сквер з дрэвамі, паставім некалькі сталоў з лаўкамі, каб на дзень вёскі можна было прысесці, пагутарыць, успомніць землякоў, якіх ужо няма, і парадавацца сустрэчы іх нашчадкаў. Вёскі хутка не будзе як населенага пункта, але мы павінны захаваць яе для сябе, нашых дзяцей, унукаў».

І праўда, Зарэчча пераўтварылася з узвядзеннем мемарыялу. Раней на яго месцы, у самым цэнтры сяла была пустка, яна паступова зарастала травой, кустоўем. Перад устаноўкай мемарыяльных дошак было праведзена добраўпарадкаванне, пракладзены дарожкі, пасаджаны туі. Газон цяпер даглядаецца. Прывезены і камень-валун, які нагадвае, што Зарэчча вядомае з ХVІІІ стагоддзя.

— Дзіўная справа: чым больш жывеш і больш аддаляешся ад родных мясцін, тым болей сюды цягне, — разважае Міхаіл Куц. — Некалі вялікая вёска была. Статак кароў налічваў 80 галоў. Былі дзве фермы галоў на 600 у суме. А мая маці даіла кароў, калі на ферме не было ніякай механізацыі. 16 кароў тры разы на дзень трэба было выдаіць уручную. Вядома, даводзілася дапамагаць. Цяжкая работа тады была ў сельскай гаспадарцы. Нядзіўна, што мы імкнуліся хутчэй паехаць з вёскі. Я пасля заканчэння школы паступіў у ваеннае вучылішча, служыў у розных месцах Саюза. Потым асеў у Брэсце. І бацькоў няма з 80-х гадоў. А сюды ўсё роўна цягне, прыязджаць хочацца. Тут прайшло дзяцінства. Тут раней, да меліярацыі, балот больш было, а прыгажосць якая, а птушыныя песні вясной! Нездарма ж зараз актыўна загаварылі пра малую радзіму. Цяпер разумееш, што яна ў нас заклала нешта такое, чаго на ўсё жыццё хапае.

Святлана ЯСКЕВІЧПружанскі раён

Загаловак у газеце: ​Вярнуліся да родных хат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».