Вы тут

Калі заасфальтуюць дарогу Н-9824 Засулле — Бярозаўка — Коласава?


«Ужо некалькі гадоў мы не можам дачакацца, калі заасфальтуюць дарогу Н-9824 Засулле — Бярозаўка — Коласава, неаднаразова звярталіся наконт гэтага ў Стаўбцоўскі райвыканкам. Справа ў тым, што навокал знаходзіцца 48 дачных таварыстваў, у кожным з іх ад 70 да 400 участкаў. Калі ўлічыць мясцовыя вёскі, то на гэтай тэрыторыі пражываюць у летні перыяд каля 3000 чалавек. Гэта адзіная дарога, па якой можна даехаць да пунктаў прызначэння, збочыўшы з трасы М-1», — такі зварот са Стаўбцоўскага раёна атрымала рэдакцыя.


Заяўнікі сцвярджаюць, што калісьці дарога была падрыхтаваная для ўкладкі цвёрдага пакрыцця. Пра гэта сведчыць пясчаная падушка. Але рукі дарожнікаў так і не дайшлі да справы.

Па словах дачнікаў, на гэтай дарозе заўсёды ажыўлены рух, курсіруюць маршрутныя таксі, аўтамабілі, аўтакрама, штодня тут ездзяць на веласіпедах школьнікі, бегаюць малыя дзеці. Разам з тым адсутнічаюць «ляжачыя паліцэйскія», абазначаныя пешаходныя пераходы, асвятленне, крытыя прыпынкі з лаўкамі. Толькі на ўездзе ўстаноўлены знак абмежавання хуткасці для аўтатранспарту. Таму аўтамабілі могуць разганяцца да 100 кіламетраў у гадзіну, што небяспечна для пешаходаў.

Старшыня аднаго з дачных таварыстваў неаднаразова звяртаўся ў Стаўбцоўскі райвыканкам наконт асфальтавання аўтамабільнай дарогі. Але кожны раз атрымліваў адказ у вуснай і пісьмовай форме, што пры спрыяльных умовах надвор'я дарожнікі прафілююць дарогу і будуць гэта рабіць і ў далейшым.

Яе сапраўды грэйдзіруюць і раўняюць. Аднак, як сцвярджаюць аўтары ліста, на ёй зноў і зноў з'яўляюцца няроўнасці, выбоіны. Грамадзяне лічаць, што бюджэтныя сродкі траціць на латанне дарогі нерацыянальна. У сувязі з актыўным трафікам — па прыкладных падліках, да тысячы машын у тыдзень — дарога прыходзіць у ранейшы стан літаральна за некалькі дзён. Праблему можна вырашыць адзін раз і назаўсёды за кошт цвёрдага пакрыцця.

Як растлумачылі «МС» у камунальным унітарным прадпрыемстве «Мінскаблдарбуд», агульная працягласць дарогі Н-9824 Засулле — Бярозаўка — Коласава 8,25 кіламетра, у тым ліку 1,6 кіламетра заасфальтаваны, астатні адрэзак гравійны і стаіць на балансе КУП «Мінскаблдарбуд»-ДРБУ-135».

У краіне дзейнічае Дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017—2020 гады. Менавіта райвыканкамы фарміруюць спісы дарог на будаўніцтва, рэканструкцыю, капітальны і бягучы рамонт у рамках вылучаных на гэтыя мэты сродкаў. У першую чаргу бярэцца да ўвагі народнагаспадарчае і адміністрацыйнае значэнне мясцовых аўтамабільных дарог, іх эксплуатацыйны складнік. Згаданая вышэй дарога не ўключана ў пералік тых, якія патрабуюць правядзення першачарговых работ па асфальтаванні.

Членам дачных таварыстваў прапаноўвалася ўладкаваць дарогу шляхам прыватна-дзяржаўнага партнёрства з долевым удзелам. Такія прыклады ў Мінскай вобласці ёсць. Але людзі не пагадзіліся.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Эх, дарогі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.