Вы тут

Чым захапляе выстаўка рарытэтаў ваеннай і пасляваеннай гісторыі Прынёмання?


Больш за 500 экспанатаў прадстаўлена ў экспазіцыі Гродзенскай абласной бібліятэкі. Гэта фотаздымкі, прадметы побыту, паштоўкі, даведнікі, нумары газет і часопісаў. Фонды бібліятэкі дапоўнілі экспанаты з асабістых калекцый гродзенцаў Аляксандра Сявенкі і Алега Ярша. Многія здымкі даволі рэдкія.


Загадчыца аддзела мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Лілія Хадароўская адчыняе шкляныя вітрыны, каб падрабязней расказаць аб унікальных экспанатах. Погляд спыняецца на «Літаратурнай Гродзеншчыне». І тут можна ўбачыць арыгінальныя здымкі, на некалькіх з іх — гродзенскія пісьменнікі Анатоль Карпюк і Васіль Быкаў. Гэта ўнікальныя фота, кажа Лілія Леанідаўна. Такіх няма нават у фондах бібліятэкі.

Са шматлікіх кніг, буклетаў найбольш каштоўнымі лічацца два выданні часопіса «Нёман» 1956 і 1958 гадоў. Дарэчы, цяпер часопіс уваходзіць у склад Выдавецкага дома «Звязда», а тады гэта былі проста зборнікі пісьменнкаў Гродзенскай вобласці.

Асабліва цікавы першы нумар. Хто тут друкаваўся? Міхась Васілёк, Аляксей Карпюк, Сяргей Бандарэнка, Васіль Быкаў з двума апавяданнямі — «Тупое пяро» і «Страта». Гартаем старонкі. У выданні нямала ілюстрацый. І яны сталі сапраўдным адкрыццём. Вось здымак доміка Элізы Ажэшкі 1950-х, які знаходзіўся каля самай дарогі. Дарэчы, пазней ён быў перанесены на дзясятак метраў далей з-за пашырэння праезджай часткі. На ілюстрацыі можна ўбачыць яго першапачатковы выгляд, прычым у даволі рэдкім ракурсе. У зборніку ёсць фота помніка пісьменніцы, які ў 1920-х быў усталяваны ў гарадскім парку, пасля вайны яго знайшлі на могілках і перанеслі ў іншае месца, непадалёк ад дома пісьменніцы. На старонках часопіса знайшла сваё адлюстраванне альтанка, дзе любіў бываць Адам Міцкевіч. Часопіс каштаваў пяць рублёў на старыя грошы, што пасля рэформы 1961 года складала 50 капеек.

Лілія Леанідаўна звяртае ўвагу на вітрыну, якая звязана з культурнымі ўстановамі горада. Тут можна ўбачыць тэатральную афішу 1950-х гадоў, якая нейкім цудам захавалася. Скрутак білетаў у кіно, адзін квіток — 20 капеек. Многія старэйшыя суайчыннікі памятаюць гэтыя квіткі пры наведванні кінатэатраў.

Даведнік па заапарку 1957 года. Што ж там было ў той час? Трымаем у руках даволі просты ў афармленні зборнік з чорна-белымі фотаздымкамі. Вядома, гэта не тыя яскравыя прыгожыя даведнікі, якія выпускаюцца зараз на глянцавай паперы з выразнымі здымкамі. Тады такіх магчымасцяў не было, але даведнік тым не менш цікавы, бо дае ўяўленне аб фаўне, якая насяляла першы ў Беларусі заалагічны парк больш за 60 гадоў таму. Згодна з інфармацыяй, тады тут налічвалася каля 100 відаў жывёл (гэта ў тры разы менш, чым цяпер). Праўда, некаторыя віды зніклі і не ўзнавіліся. Сярод іх дзікабраз, белы мядзведзь і, вядома, слон. У той час, згодна з даведнікам, гэта была сланіха Машка, а пазней тут з'явіўся Сурак. Пасля таго як слон загінуў, гэты від заапарк так і не набыў, хоць сланоўнік пабудаваны. Праўда, былі спробы купіць былога цыркавога слана, але планы не ажыццявіліся. Дарэчы, сёлета заапарку спаўняецца 90 гадоў.

Пераходзім да наступнай вітрыны. Лілія Леанідаўна бярэ ў рукі заліковую кніжку студэнта Гродзенскага педагагічнага інстытута Віталя Таранкі. Відавочна, што студэнт быў з ліку паспяховых, больш за ўсё адзнак «выдатна». Вось і апошні экзамен, які пазначаны ў залікоўцы, здадзены на «выдатна». Але далей ідуць чыстыя лісты... Лілія Леанідаўна паказвае на дату экзамену — 21 чэрвеня 1941 года. Студэнт у кароткі тэрмін з будучага педагога стаў салдатам. Гісторык-калекцыянер расказаў арганізатарам выстаўкі, што Віталь Таранка загінуў на фронце. А з таго курса вярнуўся толькі адзін студэнт...

Дарэчы, на ваенную тэму сабрана нямала экспанатаў. Узнагародныя дакументы, значкі, кнігі, брашуры. Вось, напрыклад, друкаваныя выданні. Абласная газета «Гродненская правда» за люты 1945 года. Фармат — чатыры паласы ці дзве старонкі. Што ў той час друкавалі? На паўпаласы — загад Сталіна, які аб'явіў падзяку камандуючым франтамі. Зводкі з фронту. На другой старонцы (паласе) — справаздача аб сацыялістычным спаборніцтве. У нумары невялікі крытычны артыкул аб недахопах у дзейнасці камсамольскіх арганізацый, у прыватнасці, выхаваўчай рабоце. У «падвале» друкаваліся аб'явы «патрэбны работнікі» на прадпрыемствы. Таксама ў гэтым нумары быў аб'яўлены конкурс на найлепшы праект помніка героям Айчыннай вайны, якія загінулі пры вызваленні Гродна. Работы выстаўляліся на агульны агляд. Вайна яшчэ ішла, а ўлады ўжо меркавалі, як увекавечыць памяць тых, хто здабываў перамогу. Магчыма, тады і нарадзіўся манумент, які цяпер стаіць у гарадскім парку. Ён з'явіўся ў 1949 годзе на месцы пахавання савецкіх воінаў і партызанаў.

— Кожны артыкул уяўляе з сябе цікавы гістарычны матэрыял, — каментуе выданне Лілія Леанідаўна. — Вось, напрыклад, артыкул пра пяцігадовы юбілей Беларускага ансамбля песні і танца, які стварыў Рыгор Шырма. Ён пачынаў сваю дзейнасць менавіта ў Гродне. За той час ансамблем было дадзена адна тысяча канцэртаў.

Што датычыць ваеннай тэмы, захавалася газета-плакат 1943 года. Свайго роду баявы лісток. Пад загалоўкам надпіс: «Прачытаў — перадай іншаму». Нават колер прысутнічае. Ёсць тут даведка аб знішчэнні ворага ў Баранавічах, партызанскія прыпеўкі. Вось, напрыклад, як перадаецца надпіс пад малюнкам, дзе вядуць размову маці з дзіцем. Малы пытаецца: — Мама, а куды гэтыя птушкі ляцяць? — На Берлін. — А каму яны яйкі нясуць? — Гітлеру. — А ён будзе іх есці? — Ён будзе есці гогаль-могаль, — адказвае маці. Хоць гэты лісток пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы выдаваўся ў Мінску, ён хадзіў і па Гродзеншчыне. Бо менавіта на тэрыторыі вобласці быў знойдзены.

Газета-плакат пачатку 1945 года. На першай старонцы Стары год у вобразе партызана перадае зброю маладому байцу — Новаму 1945 году. І надпіс «Прымі і дабі». Маецца на ўвазе варожых захопнікаў.

На шкляной паліцы кідаецца ў вочы выданне з выразным надпісам «Сталинская молодежь», якое рабіў Мінскі абкам камсамола. На выстаўцы прадстаўлены экзэмпляр 1952 года. Газета «Правда» 1953 года з вялікім разваротам і фотаздымкамі пахавання Сталіна. Гродзенцы таксама выпісвалі гэтыя выданні.

Фотаздымкі закладкі Кургана Славы ў 1969 годзе. Адлюстравана, як ветэраны высыпаюць з каробачак зямлю, што прывезена з месцаў пахавання Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі на Гродзеншчыне. У Гродне доўгі час была традыцыя — падчас шлюбу маладыя пары прыязджалі сюды і ўскладалі кветкі.

Прадстаўлена прадукцыя бярозаўскага шклозавода «Нёман». Напэўна, і цяпер у многіх сем'ях захаваліся такія шкляныя вырабы з чырвонага і каляровага шкла, якія завод выпускаў у 1940—1960-я гады. Крыху пазней, у 1970-х, у асартыменце завода адным з папулярных вырабаў былі зубры розных памераў. На выстаўцы прадстаўлены даволі масіўныя экзэмпляры гэтага волата — сімвала Гродзенскай вобласці, які красуецца на гербе рэгіёна. Такіх шкляных каляровых зуброў звычайна дарылі замежным дэлегацыям.

Лілія Леанідаўна звяртае ўвагу на прыёмнікі «Спідола», якія выпускалі ў Гродне. Калісьці было модна хадзіць з такімі прыёмнікамі на плячы. І гэта было даволі крута.

Сапраўдны спартыўны рарытэт — афіша футбольнага матча, які праходзіў ў Гродне ў 1968 годзе на першынство СССР. Гродзенскі «Нёман» сустракаўся з камандай «Дынама» (Ленінград). Сярод экспанатаў — сапраўдныя фота чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Вольгі Корбут у момант яе трэніроўкі. Таксама на здымках можна ўбачыць вядомых гродзенскіх спартсменаў Ірыну Шылаву, Ігара Басінскага і іншых.

Выстаўка праходзіць у рамках праекта «Дакрануцца да гісторыі Прынёмання», які налічвае больш за 20 экспазіцый. Чарговая прысвечана 75-й гадавіне ўтварэння Гродзенскай вобласці. Святкаванні ў гонар юбілейнай даты пройдуць 20 верасня, а на тыдзень раней адбудзецца свята горада і фестываль кнігі, на якім арганізатары выстаўкі прадставяць частку экспанатаў.

— Няхай гродзенцы ўбачаць горад такім, якім ён быў 40—50 гадоў таму. Магчыма, для многіх гэта стане своеасаблівым падарожжам у мінулае, ускалыхне памяць. А гэта па большасці прыемныя ўспаміны, — лічыць Лілія Хадароўская.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Дакрануцца да гісторыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».