Вы тут

Дзмітрый Пятровіч. Дзве зоркі


Настальгічны маналог


Апавяданне «Дзве зоркі» наскрозь пранізана элегічным настроем лірычнага героя, і калі б яно мела падзагаловак «элегія» — бадай, гэта было б цалкам апраўдана. Канешне, прынята лічыць, што элегія жанр вершаваны, аднак жа і ў прапанаваным на звяздоўскі конкурс «настальгічным маналогу» Дзмітрыя Пятровіча шмат якія фразы і нават цэлыя абзацы напісаны на мяжы двух відаў мастацтва — паэзіі і прозы.

Алесь Бадак.

Я добра запомніў той дзень... Ішоў першы снег. На чорным халодным асфальце сняжынкі здаваліся бялюткімі матылькамі. Самыя спрытныя з іх кружыліся каля ліхтароў, утвараючы адчайна-смелыя белыя клубкі, што варушыліся ў паветры, падсвечаныя вячэрнімі сонцамі-лямпамі. Менш удачлівыя з іх лёталі перад фарамі машын, спадзеючыся хоць бы ў апошні момант зліцца з псеўдасонечнымі промнямі, растапіўшы свае халодныя сэрцы... Большасць з іх, крануўшыся доўгачаканай зямлі, адразу зліваліся з ёй, растаўшы ў цёпла-марозным паветры і развітаўшыся з надзеямі знайсці хоць калі-небудзь сваё непаўторна-прывіднае шчасце — шчасце вечнага жыцця...

На трамвайным прыпынку было шмат народу. Адны прыкрываліся ад першаснежнага дэсанту парасонамі. Другія, не звяртаючы ўвагі на сняжынкі, нават не адварочваліся ад пранізліва-калючага ветру, які налятаў парывамі, з перапынкамі: напэўна, яны першымі ўбачылі трамвай. Расквечаны агнямі, ён быў сапраўдным прытулкам ад непагадзі — як аазіс сярод снежнакрылых матылькоў, кожны з якіх імкнуўся знайсці штосьці сваё тут, на чорнай непрыветнай зямлі...

І раптам... Вельмі прыемна было ўбачыць знаёмы твар, калі здавалася, што нішто ўжо не сагрэе азяблую душу. І не толькі ад марозу і сіверу... У першы момант падумалася: «Няўжо яна?» Але паверыць было вельмі цяжка: снег не толькі не даваў разгарнуцца напоўніцу маёй фантазіі, а, наадварот, прымушаў саграваць думкі толькі сузіраннем «феерычнай» у прамым і пераносным сэнсе падсветкі дамоў і помнікаў на плошчы Якуба Коласа... Дзяўчына ў чорным паліто нарэшце зірнула ў мой бок — і я пазнаў яе... Так, гэта была яна, Ангеліна — дачка прафесара Шаўцова...

*  *  *

— Так, дзяўчаты... і хлопцы... — прафесар Шаўцоў, заўважыўшы сярод першакурснікаў нас, прадстаўнікоў моцнага полу (трох чалавек з сямі), якія прысутнічалі на першай лекцыі, што пачыналася а восьмай гадзіне раніцы (астатнія нашы «героі» яшчэ ніяк не маглі прачнуцца), пра нешта расказваў з невялікай кафедры. Але слова «студэнт» сапраўды аб'ядноўвала ўсіх — нават тых, хто рашуча не жадаў вучыцца, бо было так рана — восем гадзін...

Позняя восень. Дзяўчаты і нават некаторыя хлопцы сядзелі на лекцыі ў куртках ці паліто: аўдыторыя вялікая, вельмі холадна, а нас, «спецыялістаў» па анатоміі — менавіта гэтую дысцыпліну і выкладаў прафесар Шаўцоў — усяго некалькі дзясяткаў (хоць павінна быць намнога больш).

Невялікага росту, хударлявы, ён не рабіў уражання ўпэўненага ў сабе чалавека — хутчэй, наадварот. Пакуль не пачынаў гаварыць. З такой любоўю да свайго прадмета, з такім замілаваннем... Адчувалася, што перад намі сапраўдны ас сваёй справы. Але, на жаль, амаль усе дзяўчаты ўспрымалі словы нашага настаўніка вельмі несур'ёзна (калі не сказаць горш): размаўлялі адна з адной, пісалі нешта на кавалачках паперы, і потым з загадкавым выглядам якая-небудзь з прыгажунь перакідвала на наш, хлопцаў, стол гэтыя «пісьмёны». І амаль адразу на ўсю аўдыторыю гучаў ужо не дзіцячы, з «падбаскам», смех.

Прафесар Шаўцоў ускідваў галаву і, прыжмурваючы вочы пад маленькімі акулярамі, імкнуўся адразу папярэдзіць усіх «узбуджальнікаў спакою»:

— Паважаныя калегі, — ён усіх нас заўсёды называў «калегамі» (калі б разумелі мы тады, з якой павагай ён да нас ставіўся — сапраўдны інтэлігент!). — Хачу вам нагадаць, што тыя з вас, хто прынясе мне ўсе канспекты маіх лекцый, атрымае «аўтамат»...

Я ўважліва аглядаў сваіх таварышаў, але ніхто з іх, здавалася, не імкнуўся атрымаць той самы «аўтамат»: амаль кожны, за вялікім выключэннем, займаўся сваёй справай...

...Напрыканцы семестра, нарэшце, прафесар прыняў залік. І якое было яго здзіўленне, калі я паклаў на стол разам з залікоўкай некалькі сшыткаў. Гэта былі канспекты ўсіх лекцый (у адрозненне ад маіх сяброў, я не марнаваў час).

— Вы вельмі прыемна здзівілі мяне, — здавалася, прафесар Шаўцоў чамусьці знаходзіў апраўданне таму, што далёка не ўсе з нас выканалі яго патрабаванні. — Жадаю вам стаць сапраўдным спецыялістам...

Скажу шчыра, я захаваў пажаданне гэтага паважанага чалавека ў памяці на ўсё жыццё...

*  *  *

...Заснежаны Дом настаўніка на вуліцы Энгельса: хутка Новы год. Мой малодшы сын разам з жонкай у нядзельнай школе. Налета — першы клас. Але зрок у хлопца «плюсавы». І як заўсёды бывае ў жаночым «асяроддзі», падтрымка хутка знайшлася. У нядзельнай школе нашы сыны сядзелі побач.

— Вы ведаеце, я пагавару з матуляй, і вы прыходзьце да яе — тут недалёка, у 3-й бальніцы яна працуе. Скажаце, што ад мяне — і вас прымуць. Толькі вось чэргі...

Незнаёмка з цёмна-каштанавымі валасамі «карэ» падышла да маёй жонкі і прапанавала агучанае вышэй. Назвалася проста: «Ангеліна». Яна трымала за руку сына, як потым высветлілася, равесніка майго Сяргея. Жонка была вельмі здзіўлена, пачуўшы такую прапанову. Яна проста не ведала, якія адкрыцці чакалі нас неўзабаве... А чэргі... Ці можна было здзівіць гэтым чалавека той, савецкай, загартоўкі?

*  *  *

Я падзяліў гэты калідор на тры аддзяленні. У першым сядзелі людзі, што яшчэ, безумоўна, не ведалі, якія выпрабаванні чакаюць іх далей, і таму размаўлялі адно з адным амаль бесклапотна і нават весела (проста яны чакалі сваёй чаргі менш чым адну гадзіну). Другія былі больш сур'ёзныя (гэта быў іншы «кавалак» калідора), ужо амаль не размаўлялі між сабою (тыя чакалі ўжо гадзіны паўтары). А вось трэція знаходзіліся ў своеасаблівым «прылазніку» каля кабінета (яны былі ў прадчуванні сустрэчы з урачом). Большасць наведвальнікаў была з дзецьмі, таму можна зразумець усё тое, што адбывалася ў калідоры афтальмалагічнага аддзялення бальніцы № 3 імя легендарнага прафесара Клумава.

Пасля дзвюх гадзін чакання мы з Сяргеем (жонка далучылася да нас трохі пазней) пачалі чытаць «лозунгі — плакаты» на сценах калідора. Вядома ж, чытаў я, а мой Сяргей пальчыкам паціху-патроху падкалупваў сухую фарбу на сцяне (напэўна, нанесеную ў свой час паўторна), якая, на яго радасць, дастаткова лёгка падавалася. Я, шчыра кажучы, амаль адразу, заўважыўшы цікавасць сына да такога віду «мастацтва», перарваў яго намаганні, і дастаткова хутка (калі не лічыць дзвюх гадзін) мы трапілі ў кабінет, на дзвярах якога заўважыў прозвішча нашага ўрача — «Прафесар Шаўцова». Тады, заклапочаны здароўем сына і загартаваны ў «савецкай» чарзе, я, шчыра кажучы, не звярнуў увагі на гэтае прозвішча. Прыгожая, чорнавалосая, з лёгкай сівізной, абаяльная жанчына прыняла нас, яшчэ не ведаючы, што мы ад яе дачкі (тады, у савецкі час, амаль усё так і рабілася — па знаёмстве; а ці змянілася што-небудзь цяпер?..). А калі даведалася, што добра знаёмыя з яе Ангелінай і нашы дзеці вучацца разам... Мы былі прыемна ўражаны такім прыёмам...

Сапраўднае адкрыццё я зрабіў літаральна праз некалькі дзён пасля таго, як прафесар Шаўцова прызначыла нам курс лячэння. Седзячы на калідоры ў чаканні прыёму, я раптам заўважыў, што міма нас прабег — па-іншаму не магу сказаць — мой знаёмы прафесар Шаўцоў. І накіраваўся якраз у той кабінет, дзе вяла прыём наша знаёмая — прафесар Шаўцова...

І чаму я раней не мог нават падумаць пра гэта? Такое супадзенне! Гэта зараз, калі ўжо ёсць мабільныя тэлефоны, я магу набраць нумар знаёмага і ўдакладніць любую інфармацыю. А тады... Я быў чамусьці настолькі здзіўлены, што «апрытомнеў» толькі тады, калі пераступіў парог нашай кватэры.

— Скажы, калі ласка, а як прозвішча нашай новай знаёмай Ангеліны? Сын яе вучыцца разам з нашым у нядзельнай школе... — спытаў я ў жонкі, адчуваючы сябе як мінімум Эркюлем Пуаро, і дадаў: — Ты ж калісьці гаварыла, што яна не замужам.

— Шаўцова, — адказала яна.

Пачуўшы гэта, я нарэшце пераканаўся ў тым, што прафесар Шаўцоў каля кабінета ў бальніцы імя Клумава — гэта, і сапраўды, мой выкладчык анатоміі ва ўніверсітэце, Ангеліна — яго (дакладней кажучы, іх, прафесараў Шаўцовых) дачка. І яны, гэтыя ўжо пажылыя людзі, так моцна кахалі адно аднаго, што нават не маглі пражыць у расстанні ніводнага дня. Так потым расказвала нам Ангеліна...

*  *  *

Наступная восень мне больш не падалася такой радаснай на адкрыцці...

Прыйшоўшы аднойчы з заняткаў, я ўбачыў жонку ў слязах. Тое, што яна паведаміла, ашаламіла: «жыгулёнак» Шаўцовых, на якім яны, як заўсёды, вярталіся з дачы, каля кальцавой сутыкнуўся з грузавіком. Гэтыя два ўлюбёныя ў жыццё чалавекі, амаль незнаёмыя мне (і адначасова такія родныя!), загінулі адразу... Абое. Жылі разам і загінулі ў адзін дзень. У адно імгненне...

Так скончылася іх зямная казка: усё жыццё кахалі адно аднаго і памерлі разам у адзін дзень... Але яны жывуць, як дзве нязгасныя зоркі, — у нашай памяці...

*  *  *

Трамвай, нарэшце, падышоў, і людзі, што былі на прыпынку, расталі ў гэтым аазісе цяпла і святла... Я азірнуўся: Ангеліны на вуліцы ўжо не было...

Сняжынкі, як і раней, мітусіліся ў паветры — іх жыццё доўжылася нейкія імгненні. Напэўна, як і наша, — гэта таксама нейкая секунда яе спадарыні Вечнасці. Але ж так хочацца пражыць свае імгненні-хвіліны не проста так — пакінуць хоць нейкі след у памяці-матрыцы вечнага Сусвету...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?