Вы тут

На А-фэсце ў Мінску зладзілі модны паказ і накармілі ўсіх мясам ды музыкай


Сёння ў сталічным Лошыцкім парку прайшоў ужо чацвёрты па ліку адкрыты (і, што немалаважна, бясплатны) фестываль А-фэст. Прымеркаваны ён да 155-годдзя вядомага піўнога брэнда, які і выступае заснавальнікам і арганізатарам музычна-забаўляльнага свята.


Падагрэўшы інтарэс наведвальнікаў загадзя, кампанія «Аліварыя» выканала ўсе дадзеныя  абяцанні: прывезла ў Мінск бесперапынна хітовых украінцаў «Бумбокс» і канада-арабскага рэпера К-Маrо, зладзіла настолькі маштабны фуд-корт, што ў чэргаў проста не было шансу ўзнікнуць, прадставіла новыя актыўныя забавы для дзятвы, Інстаграмшчыкаў і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, правяла модны паказ у фірмовых чырвоных трусах і нават прыдумала дзе-нідзе сваю, асобную беларускую мову. Але пра ўсё па парадку.

Дзіцячую пляцоўку адкрылі традыцыйна недалёка ад уваходу ў парк: тут прапаноўвалі квас, марозіва розных відаў, гіганцкую расфарбоўку, маляваць на якой можна было нават лежачы, аквагрым, лабірынт і адкрытую «малышковую зону»  з мноствам усемагчымых цацак. Ужо праз некалькі гадзін вялікай папулярнасцю карысталася адмысловая «аквазона», дзе юныя і дарослыя героі спрытна палявалі адзін на аднаго з вадзяных пісталетаў.

На шляху да галоўнай сцэны ахвотным прапаноўвалі гульні ў петанк, летні хакей, валейбол, піўнога «сапёра», своеасаблівы кёрлінг і іншыя, далёка не з першага погляду зразумелыя забавы. Разам са сталічным клубам «Дынама» можна было праверыць, ці ўзялі б вас у хакеісты (шайбы ляталі, як паказваў вымяральнік, з хуткасцю ад 40 км за гадзіну – прыкладна ў тры разы павольней, чым кідаў Уэйн Грэцкі, але для навічкоў няблага), на іншых пляцоўках – патанцаваць пад сеты дзі-джэя альбо пазіраваць, пакуль міні-камера здымае вас на відэа з ахопам у 360 градусаў – выніковы ролік  давалі на рукі праз некалькі хвілін.

Немаленькая чарга выстраілася і перад навінкай гэтага года – перасоўнымі студыямі дызайнераў, візажыстаў і майстроў роспісу адзення, якія падбіралі рэтра-вобразы. Арганізатары, да слова, заявілі «олдскульныя» вобразы як рэкамендаваны дрэс-код фестывалю, аднак прытрымліваліся яго далёка не ўсе: сярод наведвальнікаў хапала як людзей у адзенні, модным 10-20 гадоў таму, так і ў вельмі прыблізнай стылізацыі: вышыванкі ўсіх адценняў, гламурныя спартыўныя штаны, галівудскі стыль пін-ап… Тым не менш, модны паказ, пабудаваны вакол чырвоных спартыўных рэтра-трусоў, прайшоў на выдатна, гэтаксама як шматлікія конкурсы рэтра-прычосак і вобразаў.

Яшчэ большую колькасць людзей прыцягнула малая сцэна, дзе мінскі музыкант Мікіта Найдзёнаў разам з калегамі прадстаўляў праект «СамШазам» – своеасаблівы музычны квіз для ўсіх жадаючых, дзе трэба ўгадаць вядомую мелодыю па ўрыўку-імправізацыі. Папулярнасцю тут карысталася літаральна ўсё, ад Artik & Asti  да гурта «Міраж».

Пасля шасці гадзін вечара госці А-фэста падзяліліся на дзве плыні: адны, пераважны сем’і з дзецьмі і пажылыя пары, нетаропка ішлі да выхаду, другія, збольшага маладзёжныя кампаніі, прабіраліся бліжэй да сцэны, каб паслухаць любімых музычных герояў вечару. Балкана-цыганскія матывы PlumBum, шалёна папулярны на працягу апошняга года беларускі рок Nizkiz, адухаўлёны электра-поп Palina, танцавальны-хуліганскія панкі O.Torvald – абсалютна ўсе знайшлі сёння сваіх слухачоў. «Нават шкада, што лета так хутка закончылася, мы б вам праспявалі яшчэ», – падзяліліся музыканты Groove Dealers, пажадаўшы на развітанне «шчасцейка, здароўя і ўсяго такога».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?