Вы тут

Пра што расказвае баранавіцкі краязнаўчы музей?


Гэты горад вядомы ўсім як буйны чыгуначны пункт. Аднак славіцца ён не толькі гэтым. У Баранавічах ёсць што паглядзець. Пра тое, на што ж варта звярнуць увагу, прыехаўшы сюды, мы спыталі ў навуковага супрацоўніка Баранавіцкага краязнаўчага музея Алены Бычко.


Шкатулка багатай паненкі

Найперш спадарыня Алена расказала нам пра самыя адметныя экспазіцыі і экспанаты краязнаўчага музея. Па словах спецыяліста, у іх маецца ўласны асобнік Трэцяга Статута ВКЛ. Праўда, з прычыны вялікай каштоўнасці ён не выстаўлены ў экспазіцыі — захоўваецца ў фондах.

Прадстаўлена некалькі скарбаў, знойдзеных на тэрыторыі Баранавіцкага раёна. Адзін з іх адшукалі ў вёсцы Харашкі былой Баранавіцкай вобласці ў 1957 годзе. Склад скарбу — соліды, шэлягі — манеты польскай і літоўскай чаканкі. Яны належаць да 1660-х гадоў.

«Скарб не надта каштоўны па складзе манет. Аднак уяўляе цікавасць тым, што быў знойдзены ў цэльным выглядзе, — кажа Алена Бычко. — І шмат што сведчыць пра баранавіцкі край — нагадвае, што ў свой час гэта быў важны цэнтр. Тут жылі розныя старажытныя беларускія роды: Радзівілы — у Паланечцы, у Ястрамбелі — Катлубаі, Хаткевічы — у Старой Мышы. Вельмі шмат прозвішчаў можна называць, згадваючы пра гісторыю Баранавіч ХVІІ—ХІХ стагоддзяў. Напалеон Орда шмат маляваў і Паланечку, і Ішкалдзь. Хоць горада і не існавала, аднак баранавіцкі край знаходзіўся непадалёк ад Навагрудка, Нясвіжа, Міра, таму гэтая тэрыторыя засялялася вядомымі беларускімі дзеячамі».

Часта прадстаўленыя ў музеі экспазіцыі апавядаюць пра перыяд распаду Рэчы Паспалітай. Там можна ўбачыць манеты, што выходзілі ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях па ўсёй Беларусі. Падобныя калекцыі ёсць амаль што ў кожным краязнаўчым музеі Беларусі.

«Штосьці было знойдзена пры раскопках, штосьці перададзена жыхарамі, — каментуе спецыяліст, — гэта тое, што яны захавалі ад сваіх дзядоў, прадзедаў. Некаторыя манеты людзі знаходзілі на сваіх зямельных надзелах, у лесе, а пасля аддавалі ў музей».

Адметныя рэчы — шкатулка і жаночая сумачка, зробленыя са срэбра! Гэта арыгінальныя ювелірныя вырабы, якія выкарыстоўваліся багатымі жыхарамі краю.

Этнаграфічная калекцыя

У музеі даволі адметная этнаграфічная калекцыя. Шмат драўляных вырабаў — прычым можна ўбачыць не толькі іх, але і сам дрэваапрацоўчы станок. Усе прадстаўленыя рэчы раней знаходзіліся ў жыхароў шматлікіх населеных пунктаў Баранавіччыны. А пасля па розных каналах трапілі ў музей. «У асноўным гэтыя рэчы перадавалі самі людзі, — удакладняюць у музеі, — тое, што засталося ім ад дзядоў, бабуль, а ім самім ужо было непатрэбна».

Тут можна ўбачыць ганчарныя вырабы — збанкі, глякі, посуд, ганчарнае кола. Выстаўлены і іншыя побытавыя рэчы — бандарныя прыстасаванні, ступа, маслабойка. Таксама розныя сякеры, драўляны цыркуль. Пра ткацтва можна меркаваць па прадстаўленых тут ткацкіх чаўнаках, некаторых асобных прыладах. Цэлага ткацкага станка ў музеі няма. Прадстаўлены і розныя сельскагаспадарчыя прылады — плуг, барана, сеялка, шматлікія кошыкі.

 

Ёсць прыклады жаночага адзення. Аднак у баранавіцкім рэгіёне вясковых паселішчаў было не так шмат, а горад з'явіўся даволі позна, у 1871 годзе, таму ўласнага нацыянальнага строю не склалася. Тут апраналі суседні, ляхавіцкі строй — яго можна ўбачыць у музеі.

Новы воблік музея

Даволі хутка ў краязнаўчым з'явіцца новая экспазіцыя. Ужо распрацоўваецца яе канцэпцыя. У найбліжэйшыя некалькі гадоў усё зменіцца. Павялічыцца аддзел беларускага народнага рамяства — некаторыя рэчы для калекцыі будуць набывацца.

Фінансаванне для абнаўлення музея выдзеляць гарадскія ўлады. Існуючая музейная экспазіцыя даволі старая, ёй ужо больш чым 20 гадоў. «Нягледзячы на яе інфарматыўнасць, па сучасных мерках яна саступае многім музеям Беларусі, — лічыць Бычко. — Таму, каб музей быў больш папулярны сярод жыхароў горада і яго гасцей, вырашылі стварыць новую экспазіцыю. Ужо заключаны дагавор з брэсцкай фірмай, якая будзе рабіць мастацкі праект экспазіцыі».

У будучыні плануюць іначай падаваць калекцыі. Тут думаюць адысці ад храналагічнага падыходу і стварыць кропкавую экспазіцыю. Усё будзе пачынацца з адной залы — а з яе наведвальнік зможа выбраць любы напрамак. І, гледзячы на тое, якая будзе абрана экскурсія, яе ўдзельнікаў накіруюць у адпаведны бок.

Імаверна, з'явіцца асобнае памяшканне для правядзення музейных заняткаў для школьнікаў — бо гэтая паслуга надзвычай папулярная.

Адкрыцця новай экспазіцыі можна чакаць мінімум праз 2-3 гады. Аднак работы плануюць праводзіць паступова, таму цалкам музей зачыняцца не будзе.

З'яўленне горада...

«Адным з каштоўных экспанатаў з'яўляецца знак Лукіна, — распавядае Алена Бычко. — Гэты знак выдаваўся ў гады Першай сусветнай вайны ў гонар першага стрэлу па Басфоры. Такіх знакаў па ўсім свеце захавалася ўсяго чатыры. Адзін з іх — у баранавіцкім музеі. Гэта рарытэт, унікальны прадмет. Аднак, на жаль, невядома, каму ён належаў».

У гэтай жа зале апавядаецца пра тое, як з'явіўся горад Баранавічы. Частка экспазіцыі прысвечана гэтаму перыяду. Населены пункт узнік найперш як чыгуначная станцыя ў лістападзе 1871 года. І вось менавіта з маленечкай станцыі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (цяпер чыгуначны вакзал Баранавічы-Цэнтральныя) развілася спачатку мястэчка Баранавічы-Развадова, названае так у гонар свайго заснавальніка Івана Развадоўскага і яго сям'і. Потым, ужо пасля Першай сусветнай вайны, Баранавічы сталі горадам.

«Баранавічы адыгрывалі значную ролю ад самага пачатку заснавання станцыі, — тлумачыць музейшчыца. — Гэта быў даволі буйны чыгуначны пункт. Адсюль можна было даехаць у розныя бакі — і ў Брэст, і ў Маскву, і ў Вільню, і ў Коўна, і ў Беласток. У пачатку ХХ стагоддзя тут ужо пражывала каля 30 тысяч чалавек. Гэта было вельмі буйное мястэчка — па колькасці насельніцтва яно займала чацвёртае месца ў Мінскай губерні пасля Мінска, Бабруйска, Пінска. Але ўсё-такі гэта было толькі мястэчка. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны рабіліся спробы перавесці яго ў лік гарадоў. Спачатку казалі, што не ўсе дакументы сабраныя. А пасля пачалася вайна. Тут ужо было не да папяровых спраў».

У гады Першай сусветнай вайны Баранавічы адыгралі даволі важную ролю. У першы год вайны, з 1914-га да 1915-га, тут размяшчалася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага беларускай арміі. Сюды дзесяць разоў прыязджаў цар Мікалай ІІ. Пасля таго як у 1915 годзе тут усталявалася германская акупацыя, у тым жа будынку, дзе сёння знаходзіцца краязнаўчы музей, размясціўся штаб германскай арміі. Сюды таксама прыязджала камандаванне, у тым ліку апошні кайзер Вільгельм ІІ. То-бок і для аднаго, і для другога варожага боку Баранавічы адыгралі даволі значную ролю. Толькі ў пачатку 1919 года скончылася германская акупацыя — пасля гэтага амаль адразу, у лютым 1919 года, Баранавічы нарэшце атрымалі статус горада.

Мірнае жыццё працягвалася не так доўга. У 1919—1920 гадах была савецка-польская вайна. Горад дзесяць разоў пераходзіў ад аднаго боку да іншага. І толькі ў 1921 годзе нарэшце атрымаў нейкую стабільнасць — увайшоў у склад Польшчы. З 1921-га да 1939-га ён з'яўляўся горадам Другой Рэчы Паспалітай. Тут будаваліся розныя рэлігійныя ўстановы, была ўзведзена «чыноўніцкая калонія», размяшчаліся памяшканні для работы. Дарэчы, пабудовы, якія захаваліся з таго часу да нашых дзён, на сённяшні дзень з'яўляюцца помнікамі архітэктуры.

Будынкі з «Чыноўніцкай калоніі»

Сённяшняя вуліца Савецкая (участак ад моста да плошчы Леніна — былая вуліца Марыінская) захоўвае некалькі будынкаў пачатку ХХ стагоддзя. У адным з іх, былым доме Брэгмана (вядомага гандляра), калісьці знаходзілася яго крама, а сёння — акурат краязнаўчы музей. У доме насупраць — рэстаран. Захаваўся колішні кінатэатр «Эдэм». Сучасны бар «Правінцыя» размяшчаецца ў будынку пачатку ХХ стагоддзя. Будынак каледжа лёгкай прамысловасці — таксама таго ж часу, але мае перабудаваны выгляд. Гарадская друкарня стаіць на тым месцы, дзе размяшчаўся дом Шлайнера, які быў вядомым уладальнікам ткацкай фабрыкі, а таксама стварыў дабрачыннае пажарнае таварыства.

У нядаўна адрамантаваным старым будынку размясціліся крама «Тры цаны» і піцэрыя «Дамінас». У даўнія часы ў ім таксама была кавярня.

«Даволі шмат пабудоў 20—30-х гадоў ХХ стагоддзя ёсць у цэнтры горада — вакол плошчы Леніна і вуліцы Леніна, — кажа Алена Бычко. — Гэта будынкі з той самай «чыноўніцкай калоніі». Там сяліліся людзі, якія працавалі ў банках, на пошце, — займалі важныя на той час месцы. Для іх будавалі тыпавыя двухпавярховыя дамы. У адным з іх цяпер знаходзіцца рэдакцыя газеты «Наш край». У іншым — кавярня «Джазавая кава». Яшчэ ў адным, па бульвары Хейнала, — дзіцячы садок».

Варта згадаць і пра пажарную каланчу — у сучасным горадзе яна месціцца каля вакзала Баранавічы-Палескія. Там жа, каля вакзала, ёсць некалькі будынкаў пачатку ХХ стагоддзя — адзін з іх пустуе, а другі выкуплены літаральна месяц таму. Што ў ім будзе, пакажа час.

У горадзе працуе чыгуначны музей — іх усяго два ў Беларусі, яшчэ адзін знаходзіцца ў Брэсце, крыху большы памерам. Ёсць у Баранавічах і дзве рэлігійныя пабудовы 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта Крыжаўзвіжанскі касцёл па вуліцы Куйбышава, а таксама Свята-Пакроўскі сабор па той жа вуліцы. У апошнім варта звярнуць увагу на ўнікальныя мазаікі, створаныя ў майстэрні Фралова.

«Усё астатняе ў горадзе будавалася пасля заканчэння Другой сусветнай вайны — камусьці таксама здасца цікавым, а ў іншых не выкліча інтарэсу», — рэзюмуе спецыяліст.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

г. Баранавічы

Загаловак у газеце: Сярэбраная сумачка шляхцянкі!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.