Вы тут

Як па-беларуску будзе «в порядке вещей»?


Чым адрозніваюцца словы прадуктыўны і прадукцыйны? — цікавіцца спадарыня Аляксандра Войцік. З яе ж канверта пытанні: ці праўда, што ў нашай мове няма макаронаў і як па-беларуску будзе «в порядке вещей»?


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактар «Звязды» Алесь Саламевіч, а таксама рэдактар і перакладчык Леў Глушыцкі.

1. Прыметнікі прадуктыўны, прадукцыйны і сапраўды нярэдка блытаюць, хоць першы ўжываецца толькі ў вузкім значэнні лінгвістычнага тэрміна: прадуктыўны суфікс, прадуктыўная словаўтваральная мадэль. Прыметнік прадукцыйны — сінонім прыметніка плённы. Можна сказаць, напрыклад, што сёння быў прадукцыйны дзень або пажадаць студэнтам прадукцыйнай вучобы.

2. Апошнім часам слова макарона слоўнікі сталі падаваць як назоўнік, які мае формы множнага ліку. Але ж традыцыйна ён іх не меў, то-бок гэтае слова ўжывалася толькі ў адзіночным ліку. Так яго ў прыватнасці заўжды (да апошняга выдання ўключна) падаваў акадэмічны «Русско-белорусский словарь». Так ужывалі і айчынныя пісьменнікі. Вось прыклад з твора Янкі Брыля «Ніжнія Байдуны»: «— Як на чорта? — зусім сур'ёзна здзівіўся ён. — Макарону будзеш качаць».

Такім чынам, ужыванне гэтага слова ў адзіночным ліку з'яўляецца адной з цікавых асаблівасцяў нашай мовы, якая жыла да самага апошняга часу і якую варта было б захаваць.

3. У беларускай літаратурнай мове ёсць выраз «у парадку рэчаў». Ён зафіксаваны ў «Слоўніку фразеалагізмаў» Івана Лепешава (з прыкладамі з Янкі Брыля, Івана Навуменкі ды іншых пісьменнікаў). Таму яго выкарыстанне памылкай не будзе. Аднак акадэмічныя слоўнікі рускі выраз «в порядке вещей» рэкамендуюць перакладаць як звычайная рэч. Вось прыклады з мастацкай літаратуры: «Тады для Вятчыны гэта было дзіва. Цяпер, праз сорак гадоў, — там гэта звычайная рэч» (Уладзімір Дубоўка. «Пялёсткі»). «Сёння гэта звычайная рэч, бізнес, а ў той час — фарца, і фарцоўшчык — агент паўзучага імперыялізму...» (Уладзімір Някляеў. «Лабух»).

Такім чынам, маем у нашай мове сінанімічныя выразы — звычайная рэч і ў парадку рэчаў.


У абарону слоў

У беларускай мове ёсць назоўнікі частка і часць. З першым праблем няма, а вось у другім многія бачаць русізм. Што нічым не абгрунтавана.

Беларускае часць (як і рускае і ўкраінскае часть) паходзіць ад праславянскага *čęstь. У ХІХ стагоддзі гэта слова ўжывалася ў айчыннай літаратуры ў тых значэннях, у якіх сёння мы звычайна кажам частка. Напрыклад, Францішак Багушэвіч у сваім творы «Кепска будзе!» піша: «Раз лісіцу, адкапаўшы, // Прывязалі мы да кола: // Стала ж грызці што папаўшы, // Сабе бруха распарола, // Растрыбушылась на часці, // Каб не жыць так, хоць прапасці». З прычыны такой распаўсюджанасці гэты назоўнік ужо ў ХХ стагоддзі мовазнаўцы прапаноўвалі выкарыстоўваць у якасці асноўнага. Напрыклад, слова часьць як першы адпаведнік рускаму часть пададзена ў «Расійска-беларускім слоўніку» С. Некрашэвіча і М. Байкова 1928 года, ёсць яно і ў «Беларуска-расійскім (Вялікалітоўска-расійскім) слоўніку» Яна Станкевіча.

Пазней слова часць пачало здаваць пазіцыі і цяпер ужываецца пераважна ў значэнні 'асобная самастойная вайсковая адзінка', пры гэтым яно мае яшчэ два слоўнікавыя значэнні: доля, пай, частка, якія належаць каму-небудзь («трэцюю часць зямлі бацька адпісаў сыну») і 'галіна якой-небудзь дзейнасці; спецыяльнасць' («гэта не па маёй часці»).

Як відаць, слова часць — наша, яно мае сваё месца ў літаратурнай мове, і таму нам не варта ад яго адмаўляцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым прываблівае факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі?

Чым прываблівае факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі?

На гэ­тым тыд­ні фа­куль­тэ­ту ўнут­ра­ных вой­скаў Ва­ен­най ака­дэ­міі споў­ні­ла­ся 27 га­доў. 

Эканоміка

Дылема хатняй гаспадыні: купляць прадукты на месцы або ісці ў краму цераз дарогу?

Дылема хатняй гаспадыні: купляць прадукты на месцы або ісці ў краму цераз дарогу?

 У сталіцы, дзе досыць шмат сетак з іх акцыямі, мудрагелістымі зніжкамі, накапляльнымі баламі, часам сапраўды цяжка адшукаць тавар па аптымальнай цане.

Грамадства

Адзін з найлепшых у краіне інспектараў па справах непаўналетніх расказвае пра службу і няпростых падлеткаў

Адзін з найлепшых у краіне інспектараў па справах непаўналетніх расказвае пра службу і няпростых падлеткаў

Вячаслаў Сайко ўпэўнены, што да любога цяжкага падлетка можна знайсці падыход, заахвоціць уласным прыкладам да карысных заняткаў (напрыклад, да спорту) і накіраваць яго на шлях выпраўлення.

Здароўе

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны

Хто ў групе рызыкі і як лячыць інфекцыю?