Вы тут

Малыя з Мазырскага дзіцячага дома жывуць у кватэрах і завіхаюцца на ўласных градках


Малыя з Мазырскага дзіцячага дома жывуць у кватэрах і завіхаюцца на ўласных градках

На ўскрайку Мазыра на 1,5 гектара зямлі сярод зеляніны і кветак стаіць дом — не проста дом, а адзін з самых старэйшых дзіцячых дамоў Беларусі, якому вось-вось споўніцца 75 гадоў. Нягледзячы на такі сталы ўзрост, будынак і звонку, і знутры самы што ні ёсць сучасны. Яго гадаванцы, дзеці ад трох да васямнаццаці гадоў, жывуць па 10—12 чалавек у кватэрах з вітальняй, гасцінай, гульнявым пакоем, кухняй, асобнымі душавымі для хлопчыкаў і дзяўчынак, спальнямі на аднаго-двух малых... На 200 квадратных метрах кожнага з чатырох такіх памяшканняў змяшчаецца ўсё, што трэба для сямейнага камфорту. А каб ведаць, што такое праца, дзеці разам з выхавацелямі шчыруюць на гародзе і ў цяпліцах. Астатняя тэрыторыя — суцэльны кветнік і фруктовы сад.


Надомная царква ды этнаграфічная хата

Дырэктар дзіцячага дома  Ірына ВІШНЕЎСКАЯ.

Большасць з 35 гадаванцаў дома — сіроты пры жывых бацьках. Каб малыя не страцілі ўяўлення пра тое, што такое сям'я, і своечасова сацыялізаваліся ў грамадстве, кіраўніцтва дома намагаецца ствараць умовы, максімальна набліжаныя да хатніх. Прычым, на думку карэспандэнтаў «СГ», якія завіталі ў госці да дзяцей, тут зроблена значна больш, чым бывае ў некаторых звычайных сем'ях.

Ну ў якім прыватным доме ці кватэры можна сустрэць, напрыклад, хатнюю царкву? А тут яна ёсць. У царкве рэгулярна праводзяцца абрады, прычасці, хрэсьбіны, дзеці займаюцца ў нядзельнай школе. Па традыцыі выпускнікоў бласлаўляе святар — ён завітвае і на Вялікдзень, і на пачатак навучальнага года, і да Дня абароны дзяцей, і на Каляды.

На другім паверсе створаны этнаграфічны куточак — зона, аформленая як сялянская хата. Тут жа ёсць і прастора, убраная ў стылі савецкіх часоў. Тут жа знаходзяцца экспазіцыі з выстаўкамі твораў дзяцей. Сваімі рукамі яны робяць выцінанкі, вяжуць, малююць, шыюць... Кірункаў творчасці не пералічыць. У гэтым міні-музеі бібліятэкар праводзіць з дзецьмі заняткі па вывучэнні гісторыі краю. Так, у доме ёсць нават свая невялічкая бібліятэка. Побач — басейн з саўнай. У басейн летам можна прыбягаць акунацца адразу з вуліцы. А ва ўласным фізіяпрацэдурным кабінеце медсястра, якая знаходзіцца тут кругласутачна, адказвае за ўсе віды прафілактычнага лячэння, а калі трэба — робіць масаж і гідрамасаж.

Мастацкая і танцавальна-харэаграфічная студыі для развіцця творчасці, трэнажорная і спартыўная залы для ўмацавання здароўя, падлеткавы клуб, дзе праходзяць дыскатэкі, і нават більярдны стол — ні адзін метр прасторы дома не «прастойвае». А на вуліцы — яшчэ і комплекс з антывандальнымі трэнажорамі. На ўвесь Мазыр такіх толькі чатыры: адзін у дзіцячым доме і тры ў горадзе.

Руйнавалі і будавалі

Дзякуючы ўпартасці і імпэту дырэктара Мазырскага дзіцячага дома Ірыны ВІШНЕЎСКАЙ, якая прыйшла сюды амаль 16 гадоў таму, установа натуральна перарадзілася. Пачыналі з рамонту, бо будынку на той момант было больш за 20 гадоў.

— Калі ўбачыла гэты дом, адразу вырашыла: вось месца для здзяйснення маёй мары — каб дзеці жылі інакш. У той час гэта быў дашкольны дзіцячы дом саюзнага значэння для глухіх, з дрэнным слыхам і іншых дзетак. Іх было 109. Цяпер малых у нас значна менш, і мы іх нікуды не аддаём, акрамя як на ўсынаўленне. Сёлета вось шасцярых усынавілі, — радуецца Ірына Іванаўна.

Натхнёнасць дырэктара супала з дзяржаўнай палітыкай рашучых крокаў ад інтэрнатаў у бок сямейнага ўладкавання, а актыўнасць — зацікавіла неабыякавых людзей. Дому падарылі праект перабудоўлі, дапамаглі прайсці экспертызу (па тых часах гэта каштавала 40 мільёнаў).

— Мы спачатку руйнавалі дзіцячы дом, а пасля будавалі нанова, — кажа дырэктар. — Замянілі сістэмы ацяплення і водазабеспячэння, зрабілі дах, адрамантавалі гульнявыя веранды, дабудавалі басейн. На лета, пакуль ішоў рамонт, дзяцей прыстройвалі на патранатнае выхаванне ў сем'і.

Мы вам дапаможам!

Намаганнямі дырэктара знайшліся і замежныя спонсары. Італьянцы зацікавіліся яе праектамі-задумкамі і дапамаглі зрабіць у доме першую кватэру.

— Яны хацелі пабачыць, як мы рэалізуем выдаткаваныя сродкі. Першую кватэру мы адкрылі ў 2012 годзе, — успамінае Ірына Вішнеўская. — Цяпер іх у нас чатыры, у планах зрабіць пятую.

Дзеці наведваюць звычайныя садкі і школы, гарадскія гурткі і секцыі, часта ездзяць на экскурсіі.

— Усю рэспубліку аб'ездзілі з імі. Ды і да нас госці часта прыязджаюць. Мы ўдзельнічаем ва ўсемагчымых конкурсах, і перамагаем таксама, — расказвае дырэктар. — Самі асвоілі гітару, займаемся вакалам, малюем. У нас адзін з найлепшых сайтаў — там усе свае навінкі вывешваем, расказваем, што ў нас адбываецца, каб людзі ведалі нашых дзетак, іх характары, адметнасці.

Дзеці самі ходзяць у краму і клапоцяцца пра хатніх жывёл: кошку Багіру і сабаку Фрэдзі. А на кухні асвойваюць кулінарную навуку.

— Дзеці тут самі могуць падагрэць ежу, калі затрымаліся на занятках, ці нешта прыгатаваць, а на дні нараджэння нават тарты пякуць. Усё, як у звычайных «бацькоўскіх» малых, — кажа Галіна ВАСІЛЕНКА, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце (на фота). — Усе гэтыя кантакты з бытавой тэхнікай — жывая і непасрэдная падрыхтоўка да дарослага жыцця. Нашы выпускнікі могуць і закаткі закруціць, і аладкі падсмажыць, і суп прыгатаваць, і нават варэнне з кабачкоў, што на градах вырасцілі, зварыць. А з дзве тоны яблык, што мы па восені збіраем у нашым садзе — там 180 фруктовых дрэў — і на варэнне ідуць, і на сушку, і на сок.

На градах і ў цяпліцы, дарэчы, шчыруюць і дзеці, і выхавацелі. А яшчэ трэба даглядаць 80 кустоў вінаграду, парэчкі...

— Калі дзеці кажуць нам: «Зараз мы вам дапаможам», я заўжды гавару: «Не, даражэнькія, гэта мы вам дапаможам, бо гэта мы прыйшлі да вас дадому. Гэта вы тут жывяце», — усміхаецца дырэктар. — Хочаце агарод і парнік? Вось вам расада — рабіце. Гэта ўсё ваша.

За вокнамі бачым белы сад. Усе кветкі тут — флёксы, ліліі, званочкі — белыя. Над упрыгожваннем тэрыторыі старанна думаюць і па меры сіл выконваюць. Цяпер займаюцца добраўпарадкаваннем двара, каб дом быў яшчэ больш утульны і выглядаў па-хатняму. Кажуць, ізноў неабходна спонсарская дапамога, бо вельмі мараць малыя пра сучасную спартыўную пляцоўку.

«Кніга жыцця» і паўмеха бульбы

Педагогі знаходзяцца ў доме з сямі раніцы да дзесяці вечара. Пасля з выхаванцамі застаюцца памочнікі выхавацеляў. Хоць часта і самі выхавацелі начуюць на рабоце, а на выхадныя, здараецца, афармляюць малых на патранатнае выхаванне і забіраюць да сябе дадому.

Дома застаём Насцю. Сёлета яна скончыла політэхнічны каледж і едзе ў Светлагорск па размеркаванні працаваць страхавым агентам. Там ёй дадуць кватэру, а пакуль яна праходзіць практыку.

— Страшна крыху, што буду самастойна жыць. Прывыкла ўжо да дзіцячага дома, люблю яго, я тут з 11 гадоў. Ірына Іванаўна мяне выгадавала. І развітвацца не хочацца. Але я буду абавязкова прыязджаць.

— Яна ў нас малайчына, — кажа дырэктар, абдымаючы Насцю. — Я перад тваім ад'ездам абавязкова падару табе пазногцікі з гель-лаку, каб была прыгожай.

Для кожнага выпускніка выхавацелі рыхтуюць «кнігу жыцця». Гэта самаробны альбом з фотаздымкамі, па якім можна прасачыць, чым займаўся гадаванец дома, што яго цікавіла, як ён бавіў час, з кім сябраваў.

— Здымаем часта, нават калі дзеці не бачаць. Пасля яны здзіўляюцца — адкуль у нас гэта ўсё? — смяецца намеснік дырэктара. — Да кожнага альбома прыкладаем яшчэ дыск з відэазапісам. Знаходзім спонсараў, каб тыя дапамаглі дзецям самым неабходным: пасцельнай бялізнай, талеркамі, чайнікам якім... А яшчэ ўсім даём з сабой па паўмеха бульбы ды розную кансервацыю.

Так і жывуць-гадуюцца...

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Хатнія клопаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?