Вы тут

«Тбілісоба» — свята агульнай гасціннасці


У Мінску 24 жніўня пройдзе V фестываль грузінскай культуры «Тбілісоба». Музыка, танцы, мовы і ежа беларускага і грузінскага народаў сустрэнуцца на пляцоўцы Верхняга горада. Зоны фестывалю расцягнуцца аж да Свіслачы. Асноўная тэма гэтага года — дружба паміж народамі, міжкультурны абмен. Нават назву «Тбілісоба» арганізатары прапануюць пісаць па-беларуску, падкрэсліваючы такім чынам, што беларуская культура ўпершыню зойме сваё месца на фестывальных пляцоўках побач з грузінскай.


— Сёлета мы хочам паказаць асаблівасці грузінскага і беларускага характараў, сяброўства двух народаў — праз ежу, музыку, танцы, забавы, — гаворыць дырэктар кампаніі IDS Borjomi Belarus Дзяніс Крупец. — У беларусаў і грузін шмат падобных рысаў характару, але галоўнае, што нас аб’ядноўвае, — гэта гасціннасць».

Арганізатары фестывалю падрыхтавалі шмат актыўнасцей для наведвальнікаў. Сярод іх — танцавальная пляцоўка, дзе адбудзецца батл паміж выканаўцамі танцаў «Мціулуры», «Лявоніха», вога, хіп-хопа і кантэмпарары. У двары Грузінскага культурна-асветніцкага аб’яднання «Мамулі» пройдзе імітацыя традыцыйнага грузінскага вяселля з усімі адпаведнымі абрадамі. Будуць працаваць дзіцячыя зоны: фестываль прадаставіць наведвальнікам магчымасці для сямейнага адпачынку. Фудкорт з нацыянальнымі грузінскімі і беларускімі стравамі таксама размесціцца ў Верхнім горадзе.

Музычная праграма вельмі разнажанравая. Хэдлайнерам стане грузінскі калектыў «Мгзаврэбі», які іграе этна, джаз, рок. Канцэрт гэтага гурта завершыць святочны дзень. Традыцыйную музыку можна будзе пачуць у выкананні гурта «Швыдкаца» і фолк-рок калектыву Iriao, які прадстаўляў Грузію на Еўрабачанні ў 2018 годзе. Таксама прыедзе ўладальнік першай прэміі фестывалю «Славянскі базар» Георгій Путкарадзэ. Беларускія выканаўцы, сярод якіх гурт Shuma, таксама выйдуць на сцэну.

Пачуць, убачыць, «пакаштаваць» повязь нацыянальных культур можна будзе з дванаццаці гадзін дня і да поўначы.

«Тбілісоба» — адзін з самых маштабных і папулярных фестываляў. Менавіта з яго пяць гадоў назад пачаліся цяпер ужо традыцыйныя дні нацыянальных культур у Верхнім горадзе.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.