Вы тут

Якім будзе меню беларускіх школьнікаў?


Рол «Маленькі Цэзар» і катлета «Выдатнік» сталі любімымі стравамі юных мінчан

Абед у школьнай сталоўцы ў новым навучальным годзе абыдзецца бацькам не больш чым у 2,5 рубля. Якім будзе меню вучняў і якія стравы больш за ўсё любяць беларускія школьнікі, а таксама чаго не хапае ў рацыёне дзяцей і дарослых беларусаў, расказалі дыетолагі, прадстаўнікі камбіната школьнага харчавання і іншыя спецыялісты.


Папулярныя стравы застануцца

Рол «Маленькі Цэзар» (або шаўрма, як празвалі яго самі школьнікі) — адна з самых любімых страў беларускіх вучняў. Назвалі яе па аналогіі з вядомым салатам «Цэзар», бо складаецца страва з амаль тых жа інгрэдыентаў. Мяса курыцы, апрацаванае ашчаджальным спосабам, капуста, памідор і соус са смятаны. Усё гэта загортваецца ў тонкі лаваш — і самае папулярнае блюда мінскіх школьнікаў гатова.

— Нам нават тэлефанавалі бацькі і скардзіліся, што мы кормім дзяцей шаўрмой. Але ж гэта іншая страва. Тут усе прадукты дазволеныя для харчавання дзяцей, — дзеліцца намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Марына Дзякава. — У дзяцей жа гэта любімая страва.

Таксама сярод упадабаных школьнікамі — запяканка з сыру-рыкоты, катлеты «Выдатнік» (з кураціны і свініны) і «Карпыч» (з карпа).

— Рыбу, у тым ліку і карпа, дзеці не вельмі любяць. Але мы вырашылі паэксперыментаваць: зрабілі катлету «Карпыч». Дзеці папрасілі дадаваць менш часнаку — і катлета пайшла на ўра, — расказвае спецыяліст. — Традыцыйная запяканка з тварагу з разынкамі не вельмі падабалася школьнікам. Мы зрабілі яе з беларускай рыкоты — і ўсе з задавальненнем ядуць. Нават кандытарскія вырабы, якія прадаюцца ў школьных буфетах, мы імкнёмся рабіць больш карыснымі — у якасці начынкі для булачак і піражкоў выкарыстоўваем фрукты.

Марына Дзякава падкрэсліла, што сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук былі распрацаваны біялагічна актыўныя дабаўкі, якія ўтрымліваюць вітаміны А, Е, D, кальцый і магній, — яны будуць дадавацца ў ежу. Таксама дзецям ільготных катэгорый прапануюць батончык «Гематагеша».

Нагадаем, што Камбінат школьнага харчавання быў створаны ў Мінску ў лістападзе мінулага года. Гэтай установе, паводле слоў начальніка аддзела выхаваўчай работы Мінгарвыканкама Ганны Рысявец, было перададзена абсталяванне і абедзеныя залы ва ўсіх школах Мінска. З мінулага навучальнага года складаецца адзінае для ўсіх школ сталіцы меню, яно мае асенні, зімовы і вясновы варыянты. Летась было распрацавана каля 30 найменняў страў. Іх апрабавалі ў школах, якія з'яўляюцца базавымі пляцоўкамі камбіната. Дэгустацыі праводзіліся як сярод вучняў, так і сярод іх бацькоў. Сёлета практыка выкарыстання адзінага для ўсіх сталічных школ меню працягнецца. Упадабаныя мінскімі школьнікамі стравы ў ім застануцца. Некаторыя менш папулярныя — напрыклад, сечанікі з рыбы і «Бел-Нагетс» — вырашана выключыць. Меню прайшло першасную ацэнку і будзе рэкамендавана для школьнага харчавання.

З элементамі шведскага стала

Яшчэ адна з навінак школьнага харчавання — шведскі стол. Спецыялісты падкрэсліваюць, што ў школах такі спосаб падачы ежы выкарыстоўваецца не цалкам, а толькі асобныя яго элементы. Вучням прапануюць дзве гарачыя стравы на выбар, два гарніры і дзве салаты, з якіх дзіця само складае комплекс. Пакуль такая сістэма існуе толькі ў некаторых школах Фрунзенскага раёна сталіцы.

— Укараніць сістэму харчавання з элементамі шведскага стала ва ўсіх школах праблематычна па прычыне пабудовы тэхналагічнага працэсу, — тлумачыць Марына Дзякава. — У нас ёсць школы, дзе вучыцца тры тысячы вучняў. Накарміць усіх за 15-хвілінныя перапынкі, якія адводзяцца на абед, проста не атрымаецца.

У Беларусі больш за 96 % школьнікаў атрымлівае гарачае харчаванне. Яно прыгатавана ашчаднымі спосабамі, без выкарыстання вострых прыпраў і соусаў, без камбінаваных тлушчаў, вэнджаніны, маянэзаў, расказала Ангеліна Міцковіч, урач-гігіеніст аддзялення дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Каб заставацца здаровымі, мяса, гародніну, фрукты, сокі дзеці павінны ўжываць штодзённа, рыбу і тварог — два-тры разы на тыдзень. Школьнае меню складаецца на аснове прыкладных рацыёнаў, куды ўваходзяць усе неабходныя прадукты. Ужо працяглы час у школах забаронена выкарыстанне чыпсаў, салодкіх газіраваных напояў, сасіскі ўжываюцца абмежавана — не больш за раз на тыдзень. Перагледжаны і асартымент буфетнай прадукцыі: абмежаваны продаж піцы, сасісак у цесце, смажанак. Летась было вырашана знізіць нормы выкарыстання солі (на 30 %) і цукру (на 20—25 %).

Перапынак паміж прыёмамі ежы ў школьнікаў не павінен перавышаць 3,5-4 гадзін. У залежнасці ад таго, колькі вучні знаходзяцца ў школе, яны атрымліваюць або гарачы сняданак ці абед, або двух-трохразовае харчаванне (калі наведваюць групу прадоўжанага дня).

Абед за 2,5 рубля

У новым навучальным годзе абед у школьнай сталоўцы будзе каштаваць у межах 2,3-2,5 рубля. Бясплатным харчаваннем па-ранейшаму забяспечваюцца ўсе вучні пачатковай школы, а ў сельскай мясцовасці — 1—11 класаў. Таксама за сродкі бюджэту харчуюцца дзеці льготных катэгорый, у тым ліку са шматдзетных сем'яў. Каля 56 % беларускіх школьнікаў атрымлівае ў школе бясплатнае харчаванне.

Паступова паляпшаецца і стан саміх харчаблокаў, што таксама ўплывае на якасць школьнага харчавання. Паводле слоў Ангеліны Міцковіч, штогод каля сотні харчаблокаў капітальна рамантуецца. Набываецца сучаснае абсталяванне, у прыватнасці параканвектаматы. Сёння яны ёсць у 20 % школ (у сталіцы гэта лічба складае 36 %), а яшчэ два гады таму іх было ўдвая менш. Адметна, што і санітарных парушэнняў апошнім часам у сістэме школьнага харчавання выяўляецца ў 1,5-2 разы менш. Санітарная служба правярае, у прыватнасці, стравы на адпаведнасць рэцэптуры і ўтрыманне вітамінаў і карысных рэчываў, бярэ на бактэрыялагічны аналіз змывы з тэхналагічнага абсталявання і г. д.

У сталіцы сёлета рамантаваліся 30 харчаблокаў, у 22 з іх работы ўжо скончаны, у 8 завяршаюцца. Запланавана набыццё 419 адзінак абсталявання. У школы з вялікай колькасцю вучняў набываецца абсталяванне для падагрэву посуду (яно дазваляе захаваць ежу гарачай працяглы час), сервіровачныя цялежкі, сучасны прыборачны інвентар, паведаміла загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Астроўская.

У рацыёне шмат солі і цукру

Апошнім часам беларусы сталі харчавацца больш правільна. У прыватнасці, сталі ўжываць менш хлеба, бульбы, круп. У рацыёне павялічылася колькасць мяса і гародніны. Але разам з тым мы ўсё яшчэ зашмат ужываем солі і цукру, рафінаваных вугляводаў.

— Здаровае харчаванне — гэта не дыета, а тая ежа, якая спрыяе захаванню здароўя, каб захворванні, якія ёсць, не прагрэсавалі, а нават змяншаліся. Рацыянальнае і правільнае харчаванне — гэта і захаванне рэжыму, і спалучэнне яго з фізічнай нагрузкай, — тлумачыць галоўны пазаштатны дыетолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама
Марына Папова.
 — Важнае і захаванне пітнога рэжыму. Штодзень трэба выпіваць вадкасці з разліку 30 мілілітраў на кілаграм вагі. У дастатковай колькасці ў арганізм павінны паступаць бялкі, яны складаюць каля 15 % сутачнага каларажу. Бялкі карысныя як раслінныя, так і жывёльныя. Нельга адмаўляцца ад мяса, малочных прадуктаў, круп. Трэцюю частку рацыёну складаюць тлушчавыя кампаненты — раслінныя і жывёльныя. Не адмаўляйцеся ад сметанковага масла і алею. Вугляводы забяспечваюць максімальную энергетычнасць рацыёну — 50 %. Ёсць «дрэнныя» вугляводы — цукар, мучныя і кандытарскія вырабы. А ёсць і карысныя вугляводы, якія мы атрымліваем з гародніны, фруктаў, злакаў.

Спецыяліст паведаміла, што, паводле даследавання, 40 % беларусаў лічыць, што вядуць здаровы лад жыцця. Астатнія асноўнай прычынай няправільнага харчавання называюць адсутнасць матывацыі, настойлівасці і ўпартасці, а не грошай ці часу.

Вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра гігіены Ірына Кедрова расказала, што негатыўныя моманты часцей сустракаюцца ў харчаванні пажылых людзей і дзяцей, асабліва падлеткаў. У рацыёне беларусаў недастаткова кальцыю, вітаміну Д і іншых, у жанчын фертыльнага ўзросту зніжана ўжыванне жалеза.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Што ў меню школьніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».