Вы тут

«Драма», або Фільм пра кожнага


У Мінску ўжо другі раз паказалі кіно «Драма», створаны калабарацыяй беларускіх маладых рэжысёраў: Мікітам Лаўрэцкім, Аляксеем Свірскім і Юліяй Шатун.


Кадр з фільма «Драма».

«Тры рэжысёры здымаюць кіно пра свой мінулы тыдзень». З такога подпісу пачынаецца анатацыя да фільма, якая лаканічна апісвае ідэю сюжэта. Вам здаецца, што кіно пра мінулы тыдзень гэта сумна? Так яно і ёсць. Адзін з гледачоў дакладна адзначыў: «Калі паміж часткамі і ёсць нешта агульнае, то гэта стан нуды. Але яна займае не апошняе месца ў жыцці, таму трэба навучыцца яе пражываць».

У фільме тры часткі, у кожнай з іх свой настрой, стыль, тэхніка здымак. Сцэнарый прадыктаваны жыццём, некалькі дзён з якога маладыя рэжысёры прайгралі для нас. Героі нібыта разважаюць за цябе і прамаўляюць уголас думкі, якія ў нас дзень за днём узнікаюць у галаве, а потым знікаюць.

Спачатку здаецца, што гэта кіно маладых людзей для такіх жа, як яны. Аднак пры праглядзе разумееш, што гэта кіно для ўсіх: моладзь у героях пазнае сябе, а людзі старэйшага ўзросту або ўспомняць сябе ў свае дваццаць гадоў, альбо складуць рэальны партрэт сучаснага пакалення. Фільм адлюстроўвае тэмы, якія перыядычна існуюць дзесьці ў падсвядомасці: праца жыцця, мары і грошы, нашы рашэнні і іх наступны ўплыў. У той жа час, быццам для раўнавагі паміж філасофскімі тэмамі і штодзённасцю, героі абмяркоўваюць моманты, блізкія многім: планы на новы год, жаданне завесці ката, любоў да смажаных семак.

Пры гэтым не варта шукаць у фільме нейкія глыбокія ідэі. Гэта фільм пра асабістае, а не пра нацыянальнае. Такое асабістае звычайна пакідаюць толькі для сябе за зачыненымі дзвярыма. Але ў «Драме» героі кажуць, што думаюць, і не саромеюцца гэтага. Калі не ведаць, што кіно ігравое, то здаецца, што гэта дакументалістыка, а мы падслухоўваем.

Мікіта Лаўрэцкі, адзін з аўтараў, адзначыў, што часткі фільма паасобку не маюць вялікага сэнсу, таму яго трэба разглядаць як цэласны твор. Акрамя таго, у стужцы наўмысна агаляецца «кухня» яго стварэння: героі, нібы не ведаючы, што камера ўжо працуе, спрабуюць узнавіць мінулыя падзеі; а невялікія моманты, якія звычайна застаюцца за кадрам, у «Драме» маюць сваё месца.

Фільм зроблены рэжысёрамі, якія славяцца тым, што здымаюць цікавае кіно амаль без грошай. «Драма» не стала выключэннем. Да набытага рэквізіту можна аднесці хіба што бутэльку беларускага піва, бульбу з МакДональдса і кубак з кавай. Яны здымаюць па-за павільёнамі, з натуральным асвятленнем. Адмаўляюцца ад дакладнага сцэнарыя. Абмяжоўваюць выкарыстанне музыкі. А ў кадры самі ж замяняюць прафесійных акцёраў. Таму без падрыхтоўкі «Драму» лепш не глядзець. Час змарнуеце і фільм не зразумееце.

У зале падчас прагляду былі такія каментарыі: «гэта занадта высокае кіно для мяне», «сур’ёзна, яны нават музыку паленаваліся ўставіць». Але і былі гледачы, на якіх фільм зрабіў моцнае ўражанне. Адзін з іх падзяліўся сваім меркаваннем: «Па-мойму, гэта вельмі адкрытае кіно, яно выклікала дзікае захапленне, якое мяжуе з жахам. Паказаць усё настолькі шчыра — гэта крута».

Такое кіно, у прынцыпе, і не разлічана на шырокую аўдыторыю. Аўтары гэта не толькі прызнаюць, але і жартуюць, што гледачы, якія даглядзяць фільм да канца, з’едуць з глузду. І ў нейкай ступені гэта праўда. У фільме няма нечаканага развіцця сюжэта, ды і сюжэта няма. А аматарам спецэфектаў варта адразу абыходзіць гэтую кінаработу бокам, бо фільмам, у нашым звыклым уяўленні, яе складана назваць.

Увогуле, невядома, як аўтары падыходзяць да падрыхтоўкі фільмаў. Проста спрабуюць сэканоміць на рабоце? Альбо рабіць танныя стужкі — гэта ўвогуле канцэпт?

— У нас бюджэту не было, фільм здымалі на свой фотаапарат з пятліцай, якую пазычылі ў сяброў, — расказаў адзін з рэжысёраў фільма Мікіта Лаўрэцкі. — Ды і ў прынцыпе, на што там можна было траціць грошы? Фільм зняты па такіх законах: калі паэт піша вершы, то яму не патрэбен бюджэт. Пры сучасным развіцці тэхнікі можна зняць фільм, які можна глядзець, не валодаючы грашыма.

Але цікава, чаму аўтары вырашылі ствараць фільм менавіта такой кампаніяй?

— Першапачаткова я быў ініцыятарам таго, каб нам сабрацца,— адзначыў Мікіта Лаўрэцкі. — Мне здаецца, у нас з Юляй і Лёшам падобныя эстэтычныя арыенціры. Наш фільм будуецца не на кантрасце мастацкіх поглядаў, а на іх гарманічным спалучэнні.

Прэм’ера фільма «Драма» прайшла ў красавіку ў Беларусі, але адзін з фільмаў Мікіты «Сашына пекла» ўпершыню паказалі на 41-м Маскоўскім міжнародным кінафестывалі па-за конкурсам, а ў Беларусі паказ так і не адбыўся. Няўжо ў нашай краіне не хапае магчымасцей для паказу айчыннага кіно?

— У нас ёсць фестывалі і лакальныя ініцыятывы, то бок магчымасці для паказу кіно існуюць. Але ў нас фактычна няма кампаній, якія рэгулярна займаюцца пракатам беларускіх фільмаў. Большасць айчынных фільмаў паказвае альбо сам вытворца, калі прадзюсар дамаўляецца з кінатэатрамі, альбо кампанія «ART Corporation», як гэта зрабілі ў выпадку з кіно «Хрусталь».

Вяртаючыся да фільма «Драма», можна вынесці вердыкт: глядзець варта хаця б для таго, каб быць у кантэксце развіцця сучаснага беларускага кінематографа. А «ў падарунак» зможаце пасмяяцца з бытавых дробязей, паглядзець на лістападаўскі Мінск і крыху пасумаваць ад душэўных размоў герояў.

Наталля ВАВІЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.