Вы тут

Там, дзе чуюць сэрцамі


У Дзяржынскі раён Міншчыны на летнія пленэры пад назвай “R + Я” прыязджаюць мастакі з праблемамі слыху з Расіі, Украіны, Беларусі, Латвіі


Беларусь — дзівосная па сваёй прыроднай прыгажосці краіна. І хоць краявіды ў нас някідкія, але здаўна прыглядныя для мастакоў. Згадаем пейзажы такіх беларускіх майстроў як Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Фердынанд Рушчыц, Апалінары Гараўскі, Станіслаў Жукоўскі, а таксама Віталь Цвірка, Леанід Шчамялёў, Валеры Шкаруба... Выдатны рускі мастак-педагог Ілья Рэпін ствараў знакамітыя творы, жывучы й працуючы ў сваёй сядзібе Здраўнёва, што непадалёк ад Віцебска.

Зачароўваюць прыгажосцю й краявіды Міншчыны. І зусім не выпадкова, што 16 гадоў запар пад Мінскам, у Дзяржынскім раёне на летнія пленэры пад назвай “R + Я” прыязджаюць мастакі з праблемамі слыху з Расіі, Украіны, Беларусі, Латвіі.

Гісторыя пленэраў пачалася ў расійскім горадзе Уладзіміры, куды на міжнародны пленэр ездзілі мастакі з праблемным слыхам ды іх вучні з Расіі, Беларусі, Літвы. Адзінства інтарэсаў спарадзіла жаданне прадоўжыць падобныя сустрэчы. І з 2003 года месцам пленэраў юных мастакоў з праблемамі слыху стала вёска Вялікае Сяло. Ініцыятаркай, арганізатаркай творчых сустрэч была й застаецца цудоўная жанчына: мастачка-педагог, дырэктарка раённага Дома народнай творчасці Наталля Ермаловіч. З 2010 года на пленэры ў Вялікае Сяло прыязжаюць прафесійныя мастакі Расіі, Украіны, Беларусі, такія як масквічы Анатоль Мікляеў, Аляксей Гладкоў, піцерац Сяргей Вішнякоў, дасведчаны педагог-мастак з Гомеля Васіль Сідарэнка ды іншыя.

З 2015 года пленэр “R + Я” пачаў праходзіць у Расіі, ва Украіне. У 2013-м у Беларусь на юбілейны пленэр прыехалі такія мастакі як Анатоль Мікляеў, Аляксей Гладкоў, Аксана Коўнер, Сяргей Вішнякоў (Расія), Міхаіл Паплаўка, Вячаслаў Гусеў (Україна), Васіль Сідарэнка, Аляксандр Пакаціла, Аляксей Ігнаценка (Беларусь). Напрыканцы таго пленэру ў цэнтры Дзяржынска 3 ліпеня — у Дзень Незалежнасці — прайшла выстава работ яго ўдзельнікаў. Правядзенне пленэра на беларускай зямлі цесна звязана з ідэяй, закладзенай у назве “R +  Я”: збіраюцца разам тыя, хто слаба чуе і хто чуе добра. З тых, хто добра чуе й размаўляе, — Уладзімір Чыквін з Дзяржынска, масквічка Аксана Коўнер (яна ж і перакладчыца).

Сёлета на пленэр з’ехаліся мастачка з Рыгі Санта Кесенфелдэ з мужам Робертам, рэзчыкам па дрэве, Анатоль Мікляеў, Аксана Коўнер, мастак з Украіны Аляксей Нашывачнікаў, Марыяна Бандарчук з Гродна, Васіль Сідарэнка з Гомеля ды іншыя. З 2017 года пленэры ладзяцца на базе аграсядзібы Наквасы: там гасцей з розных краін прымаюць гасцінныя гаспадары Васіль і Ала Верамейчыкі. Мастакі выходзяць на прыроду й малююць. А творчасць дапамагае ім знайсці сваё месца ў жыцці. Іх пленэрныя пейзажы вельмі рэалістычныя, прасякнутыя любоўю да прыроды. Наваколле беларускае бачыцца ім такім зялёным, прыгожым, што глядзіш творы — і хочацца занырнуць у намаляваную высокую траву, упівацца пахамі лугавых кветак.

Упершыню пашчасціла мне пазнаёміцца з мастакамі ды іхнімі творамі ў 2010-м. Сёлета запрасілі мяне ў аграсядзібу на свята “Наквасаўскі гасцінец”, на якім удзельнікі пленэра выстаўлялі свае творы. Прыгожыя лялькі й тканыя паясы прадстаўлялі майстрыхі з Дзяржынскага Цэнтра культуры й народнай творчасці. А пад полькі ды “Лявоніху” таньчылі з беларусамі таксама рускія, украінцы.

Санта Кесенфелдэ з Рыгі

Агульны здымак удзельнікаў пленэру

Ладзіць пленэры Наталля Ермаловіч

У Дзень Незалежнасці, 3 ліпеня, нашы госці выстаўлялі свае творы на галоўнай алеі гарадскога парка ў Дзяржынску, дзе ладзіліся святочныя імпрэзы ў гонар 75-годдзя Вызвалення Беларусі. Творчая рэабілітацыя сродкамі выяўленчага мастацтва таленавітых людзей, што маюць праблемы са слыхам, паспяхова прадаўжаецца на гасціннай беларускай зямлі.

Лявон Целеш, г. Дзяржынск

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.